Калі бусел на змярканні
Прылятае з палявання
I зара залоціць поле —
Жабам радасць і прыволле.
Пачынае ў цішы кумкаць
Кумцы кумка, кумцы кумка,
Покуль спяць буслы ў буслянцы,
Можна кумкаць, не баяцца.
Пачынае сонна, глуха,
Бы са дна ўздыхаюць духі;
З сажалкі, пакрытай тванню,
Быццам ікаўкі рыданне,
Енкне ціха, сумна, слаба:
«Кепска жабе, беднай жабе!
Да схаванай ў гразкай багне
Ні адну душу не цягне,
Ні адной істоты блізкай
У халоднай, брыдкай, склізкай.
Бо не ружай ружавееш —
Камяком зямлі шарэеш,
Прашчур твой — камень шурпаты,
Смутак у вачах лупатых,
Рот ад вуха і да вуха,
V завешся ты: рапуха!
Хоць хаваешся ў балоце,
Ловіш мошак у чароце,
Цябе ганяць, ненавідзяць.
Вох, за што нас, кумка, крыўдзяць?»
Калі бусел на змярканні
Прылятае з палявання
I зара залоціць поле —
Жабам радасць і прыволле.
Пачынае у цішы кумкаць
Кумцы кумка, кумцы кумка,
Покуль спяць буслы ў буслянцы,
Можна кумкаць, не баяцца...
«Слушна кажаш, кумка, слушна.
Бо і ў радасці нам скрушна.
Скуль той сполах перад намі?
Нас баяцца ўзяць рукамі,
Трапім жа каму на вочы —
Той убок спяшае збочыць.
Ды хоць гнусіць зрок рапуха,
Але радуецца вуха,
Калі спеў яе пачуе.
Глузду нам свайго бракуе,
Розум божы ў нас затое,
Што стварыў усё жывое.
Чуюць людзі сярод змроку,
Што іх сум ляжыць глыбока,
Невымоўны, неабдымны.
I таму, калі мы гімны
Кумкаем, а небаракі
Не знаходзяць слоў ніякіх —
Кожны ўзносіць свае жальбы
Да нябёсаў мовай жабы».
Калі бусел на змярканні
Прылятае з палявання
I зара залоціць поле —
Жабам радасць і прыволле.
Пачынае ў цішы кумкаць
Кумцы кумка, кумцы кумка,
Покуль спяць буслы ў буслянцы,
Можна кумкаць, не баяцца...
«Кумка, кумка! Слухай, кумка!
Разумею слабай думкай:
Цяжка жабам! Цяжка людзям!
У духмяным ночы цудзе.
Калі ў сне зямлі разлогі
Размаўляюць ціха з Богам,
Калі зоркі неўзаметку
Распускаюцца, бы кветкі,
Калі месяц ясназоры
Рассыпае ў росах зоры,
А туман па-над вадою
Сны сплятае чарадою:
Як не енкнуць з той нагоды,
Што краса і бляск прыроды
Праплываюць, сеюць чары
У душы любой пачвары,
Ды анёлаў з іх не робяць,
А ў галечы, у жалобе,
У лятунках, жалю вартых,
Пакідаюць іх з пагардай».
Калі бусел на змярканні
Прылятае з палявання
I зара залоціць поле —
Жабам радасць і прыволле.
Пачынае ў цішы кумкаць
Кумцы кумка, кумцы кумка,
Покуль спяць буслы ў буслянцы,
Можна кумкаць, не баяцца...
«На якое, кумкі, ліха
Гэтак кумкаць! Не ад пыхі
Пагарджаюць намі, кумкі,
А ад жалю і ад думкі,
Што ў нас душы не ў блакіце,
Што ў нас сэрцы не ў зеніце.
Дух людскі слабы і кволы,
Як ты, жаба, невясёлы,
Тоне ў нэндзы, тоне ў багне,
I ўсё тужыць, і ўсё прагне.
Зрокам ганіць ён брыдоту,
Слыхам любіць ён маркоту.
I калі глядзіць на зоры,
Яго точыць немы сорам,
Што сярод акрасы цуднай
Ён цямнее плямай бруднай:
Вось тады мы і галосім
Тое, што ён нішкам носіць.
Добра быць рапухай брыдкай,
Бо ніхто ў абліччы гідкім
Ганьбы для сябе не бачыць...
I заўжды яе прабачыць».
Калі бусел на змярканні
Прылятае з палявання
I зара залоціць поле —
Жабам радасць і прыволле.
Пачынае ў цішы кумкаць
Кумцы кумка, кумцы кумка,
Покуль спяць буслы ў буслянцы,
Можна кумкаць, не баяцца...
Сцежкі нашых сустрэч прамінем без аглядкі.
Тут мы слухалі ліп шапаценне.
Ад тых дзён засталіся адны толькі згадкі:
Дык не будзем таптаць дрэў тых цені.
Па-ранейшаму сонца тут льсніцца пагодна,
На зялёным квітнее каберцы:
Толькі голас твой сёння, як цень твой, халодны
Й такі самы, бы цень твой — без сэрца.
Як знайсці мне ў сабе жыццядайную сілу,
Каб душа як скала не знямела:
Калі ты мяне ценем халодным акрыла,
Ты, што сэрца пяшчотнае мела...
Калі ачахне пацалункаў жар,
Не будзем дакараць адно аднога:
Хай поўніць нас маўчанне, ад якога
Сумней каханне і глыбей душа.
За намі захаду барвовы пас:
Глядзім на шлях, які мы даастачы
Прайшлі і, дрыжучы ад сцюжы, бачым,
Што цені нашы большыя за нас.
Читать дальше