Дык прашу вас, калі ласка,
Прыгадаць, што гэта казка
І пра дзедку, і пра бабку,
І пра курку Рабку.
1928
«Млынар заставіў застаўкі…»
Млынар заставіў застаўкі,
І ледзь плюскочацца рака.
Стралой крыла чыркаюць ластаўкі
Люстранасць ясную стаўка.
Блакітнаплашчы з захаду
Дзень хіліць русу галаву
І ў спрат ссыпае скарбы-знахады —
Залатапромені ў ставу.
І вее яснавокаю,
Шыракакрылай цішынёй,
І ціш, як неба, безаблокая,
І ясна на душы маёй.
І ў душу палі знахады
(Залатапромені ў ставу).
Адрынь, пясняр, згрызоты, захады,
Ўзнясіся песняй к хараству.
1928
«Каханню нічога не трэба…»
Каханню нічога не трэба,
Каханне нічога не просе, —
Так радуе сіняе неба,
Так цешыць валошка ў калоссі.
Каханне, як песні пра зоры,
Лятункам заўсёды высока,
І шчасцем у свет, у прасторы
Каханкі расквітвае вока.
І нат у затоенай скрусе
Тваіх нераздзеленых пешчаў
К жалобе ніхто не прымусе
Надзею, што зрушана плешча.
Каханая, любая, квеце!
Ў палоне вясёлае долі
Ёсць песняй аб кім летуцеці,
І сэрцу даволі, даволі.
І сэрца бясхмарнае ясней
Схіляецца постаццю спелай,
Хоць сэрца яшчэ было б шчасней,
Каб дбаці аб кім яно мела.
1928
«Будзь бласлаўлёна, мая маладосць!..»
Будзь бласлаўлёна, мая маладосць!
Кроў неслухмяная, цьмяная млосць!
Радасці дужыя крылы
Кануць у сіні нябёс;
Песні ласкавае мілай,
Песні мае незабылай,
Поўныя снення і кроз.
Вецер разводдзем паводкі,
Як яе вусны, салодкі,
Вецер вясняны прынёс.
Сэрца ад млосці без сілы
Светлае штосьці прысніла,
Хоча і смеху і слёз.
Ў гэтым узрушаным сненні,
Ў сонечным гэтым праменні
Песень яе маладых —
Шчасны я шчасцем-маленнем
І, ад жыцця ў захапленні,
Хочу і паху й каджэння
Кветаў уцешных зямных,
Сцежкам паверыць вясеннім
І заблудзіцца на іх.
Будзь бласлаўлёна, мая маладосць!
Кроў неслухмяная, цьмяная млосць!
1928
Пара! Не моўкне хваль гамонка,
Спявае вецер свежа, гонка
І ветразь плешча — адплывай!
Цалуй ў апошні моцна, звонка —
Мой сум, як золата пярсцёнка,
На сэрца лёг і цісне ўкрай.
Але трывог не ўбачаць вонках,
Хоць вочы — светлая палонка, —
У іх адно, адно чытай.
Насупраць мне з імглы пялёнкай
Паўстане бур атхлань — прадонка
І бура выпесціць адчай.
Але хай машта квіліць тонка,
І ўспамінаецца старонка,
І мора пеніцца няхай, —
Затым, што мужны буду, жонка,
Вярнуся я, а ты ў ваконка
Цікуй і цноту ткліва дбай.
З далёкіх падарож, мая сасонка,
Я прывязу суровых вод звычай,
І сэрца вернае, і ў тронках
Вось гэтых — гэты нож… Бывай!
1928
Маё дзіця, маленькі мой…
Якое шчасце — маці ты
Сцяблінкі кволай і слабой
І воч нябеснай яснаты.
Заводзіць, зводзіць пачуццё,
І летуценні завялі,
Нялёгка жыць, гняце жыццё,
Гняце і хіліць да зямлі.
Згрызотамі аб чорны хлеб
І працай чорнай смычуць дні,
І на абліччы смутку крэп
Без глыбіні, без вышыні.
А я усцяж пяю — дармо,
Па-за дзвярыма сэрца — жах!
І ў паўнаце душы такая моц,
Мой сын — і зброя мне, і сцяг!
І хай не раз, нібы штылет,
Пратне душу ці злосць, ці ноч, —
Збавенне мне ласкавы свет
Дзіцячых ціхіх, ясных воч!
Надзей няздзейсненых з вякоў,
Усмешлівых маіх часін,
Ўсіх уздыханняў, гордых слоў
Вясёлы, гучны бераг — сын!
1928
Феліксу Купцэвічу,
сэрцу, раздзертаму
болем па Бацькаўшчыне,
прысвячаю
О, мой Край, — раздарожжы з крыжамі,
І разоры разворвае жудзь!..
Люты боль працінае нажамі,
Што мне песень тваіх не пачуць.
О, мой Край, ў яснавейнае ранне,
Калі твой пахапляў я намер,
Быў ты першым, дзіцячым каханнем,
Мне й апошнім застанься цяпер.
Думаў я, што не будзе выбоін,
Не наважацца стрымваць хады,
Што мінуўшчыны крыўды загоім
Буйнай хваляй вясновай вады.
Але не… хмуры твар майго люду
Кажа зноў аб нядобрай сяўбе.
І мяне, як злачынцу-прыблуду,
Павядуць сумаваць без цябе.
Не спытаю, чаму і завошта
Адрываюць ад бацькаўскіх ніў —
Я юнацтва і радасцяў коштам
За каханне сваё заплаціў.
Што зраблю я вось з гэтакім сэрцам,
Яно зранена дзідай завей,
Мо затым, каб не быў спраняверцам,
Мо затым, каб любіў я мацней!
Читать дальше