ЯЗЭП. Сядай, Адэлічка! Ці згадаеш, галубачка, аб чым буду з табой гаварыць?
АДЭЛЯ. Не згадаю, татачка!
ЯЗЭП. Няўжо-ж не згадаеш?
АДЭЛЯ. Дальбог не!
ЯЗЭП. Праўда, то-ж я табе нічога й не казаў. Як бы гэта табе вытлумачыць? Бо-ж яно паненцы трудна сказаць, не зразумее.
АДЭЛЯ. Татанька, гэта нешта дужа цікавае?
ЯЗЭП ( цалуе яе ). Толькі-ж не пужайся, мая ты зязюлька!
АДЭЛЯ. Надта-ж ужо зацікавілася я!
ЯЗЭП. Бачыш, мая дачушка, табе ўжо 38 гадоў...
АДЭЛЯ. Толькі што пайшоў трыццаць дзевяты.
ЯЗЭП ( перапыняе яе й гаворыць далей ). Гэта самая пара выйсці замуж. Ці не так?
АДЭЛЯ. Выбачайце, татанька...
ЯЗЭП. Знаю я вас: быццам і не хочуць, а за вачыма аж пішчаць да хлопцаў. Шэльмы!
АДЭЛЯ ( круціць фартушок ). Татанька, кіньце...
ЯЗЭП. Не перапыняю! Пара ўжо выйсці з дзевак!
АДЭЛЯ. Нікога я яшчэ не палюбіла.
ЯЗЭП. Праўда! Бо й перабіраеш ты, Адэлічка! Но, гэта цяпер ўсё роўна; што было, то было, а цяпер мая рада: не задзірай носа, бо малец — шчырае золата!
АДЭЛЯ ( з радасцю ). Ці прысылаў хто ў спаты?
ЯЗЭП. А, жэўжык, такі трапечацца тваё сэрца, дрыжыць...
АДЭЛЯ. Кінь, татанька, смяяцца з мяне. Але хто сватаецца?
ЯЗЭП. Сын майго добрага прыяцеля. Даўно я яго не бачыў.
АДЭЛЯ. ( плешча у далоні ). А які-ж ён?
ЯЗЭП. Цікавасць!?
АДЭЛЯ. Татанька, так які-ж ён?
ЯЗЭП. Не ведаю сам, бо сына ніколі ў вочы не бачыў. Калі ў бацьку ўдаўся, будзе зух, добры, удалы малец. З гэтага лісту даведаешся ўсю драбязу. Пачытай яго ў голас, то і я прыпомню сабе ўсё, аб чым ён пісаў.
АДЭЛЯ ( бярэ пісьмо ). Так гэта значыць ліст ад таго, хто сватаецца да мяне! ( Прыціскае да сэрца ліст ).
ЯЗЭП. Гэта-ж пісьмо не ад яго, а ад ягонага бацькі... Чытай-жа.
АДЭЛЯ ( чытае ). «Браток мой даражэнькі і дабрадзей! Не бачыў я цябе гадоў з дваццаць»...
ЯЗЭП. Пачакай... ( Лічыць на пальцах ). Але, праўда, як гэтыя гады праляцелі! Як сягоння помню, калі ты радзілася...
АДЭЛЯ ( чытае ў голас ). «Часам даводзілася чуць мне, што табе ўсё добра ручыць, і мне, дзякую Богу, не найгорш ідзе. Назбіраў трохі грошай і ўсё было-б доора, каб не сын: хачу яго ажаніць, а ён малец-гультай, з печы не злазіць»...
ЯЗЭП. Но, но, чытай далей.
АДЭЛЯ. — «Аж тут даведаўся, што ў цябе дачка падрастае, ды нават адзін мой сваяк дужа яе хваліць. Кажуць, ёй ужо мінула 18 гадоў»... ( Задзівілася ).
ЯЗЭП. Но, чаго-ж аадзівілася? То-ж даўно табе мінула 18 гадоў.
АДЭЛЯ. А няўжо-ж — мінула!
ЯЗЭП. Ну, дык чаго-ж вочы лупіш? Чытай далей!
АДЭЛЯ ( чытае ). «Спадзяюся, што твая дачка ўпадабае яго, бо малец, як шкло, як ядроная рэпа. А цяпер цалую з усяго сэрца й цябе, й маю спадзяваную нявестку». Як шкло! Чамуж, татанька, раней не паказаў мне гэнага ліста?
ЯЗЭП. Бо хацеў уцешыць цябе неспадзеўкі, а даўжэй хаваць сакрэту не мог. Восека — прышла тэлеграма, што сягоння прыедзе той Міхалка.
АДЭЛЯ. Зараз прыедзе?! Трэба-ж прыбрацца! Юлька! Юлька!
ЯЗЭП. Во гарачая. Адэлічка, пачакай, паспееш!
АДЭЛЯ. Але, татулька, зрабіце мне адну ласку!
ЯЗЭП. Якую, мая зязюлька?
АДЭЛЯ ( круціць фартух ). Не кажэце, татачка, колькі мне гадоў.
ЯЗЭП. Чаму-ж гэта?
АДЭЛЯ. Бо паненкі ніколі не кажуць, колькі ім гадоў.
ЯЗЭП. Ужо гэтага не зраблю. Каб ты была старая, то другая справа. Але 38 гадоў... што гэта значыць!... Майму бацьку было як жаніўся 55 гадоў, а матцы 45, і жылі яны з сабою ў добрым шчасці.
АДЭЛЯ. Але бачыш, татачка, ён крышку малодшы за мяне.
ЯЗЭП. Э!... два — тры гады, што гэта значыць, а лгаць я не лгаў і не буду.
АДЭЛЯ. ( да сябе ). Што тут зрабіць? Ага! ведаю! Калі ён запытае, колькі мне гадоў, скажэце, што мне мінула 25 — гэта-ж шчырая праўда.
ЯЗЭП. А не абыдзецца без гэтага?
АДЭЛЯ. Не абыдзецца!
ЯЗЭП. Мо, то ўжо для цябе зраблю гэтак.
АДЭЛЯ: Гэта праўда? Пабажэцеся!
ЯЗЭП. Да душы! Каб мне так сонца не ўбачыць!
З’ЯВА 3-ая.
ТЫЯ САМЫЯ, уваходзіць ЮЛЬКА.
ЮЛЬКА. Паны, нейкі незнаёмы чалавек прыехаў.
АДЭЛЯ. Да каго ён падобны?
ЮЛЬКА. З вялікім носам, з лупатымі губамі...
АДЭЛЯ. Ужо сэрца маё чуе, што гэта ён — трэба хуценька пераапрануцца. ( Бяжыць вон ).
ЯЗЭП. Гэта пэўна ён, а я не абуўся, не памыўся. Грышка, Іванка — каб вашы ногі вецер калыхаў — сурдут, боты, жыва, блазны! ( Ідзе ў свой пакой ).
З’ЯВА 4-ая.
ЮЛЬКА адна.
ЮЛЬКА. Гэта ён! Што за ён, які ён? Нейкі малец з вялікім носам... І смешны... Дзякуй Богу, што хоць такі прыехаў. Усё-ж такі навіна, а то можна памерці з нуды. Жыць такому маладому дзяўчаці, як я, між гэтых трухлявых грыбоў, не бачыць нікога, апроч пахтара й мужыкоў, то ўжо лепш памерці. Я ўжо пабажылася: калі выраблюся адгэтуль, то ні за якія грошы не пайду на службу ў вёску. Толькі Бог адзін ведае, калі гэта будзе. ( Падходзіць да люстра ). Трэба прычасацца. Няхай гэты гарадскі паніч пазнае, што і я гарадская, не якаясь вясковая.
Читать дальше