Бона( з мілай усмешкаю ). А гэта ўжо не вашы турботы, пан доктар!
Скарына надоўга замаўкае .
Жыгімонт. Гаварыце, доктар.
Скарына. Таксама ніхто не павінен быць пакараны і прыгавораны за чужое злачынства, а толькі той, хто вінаваты. І ніхто не павінен быць пакараны, калі яго віна не будзе ўстаноўлена судом,― ні жонка за злачынства мужа, ні бацька за злачынства сына, ні сын за бацьку, а таксама ніхто з родзічаў, ні слуга за пана.
Бона. А пра гэта трэба яшчэ падумаць.
Гаштольд. Думаць ― не толькі высокае прызванне, але і абавязак дзяржаўцаў.
Бона( дзёрзка ). Каралю, як і каралеве, вядомы іх абавязкі!
Жыгімонт. Кароль за сябе сам скажа! ( Больш мякка .) А падумаць ― не пашкодзіць.
Бона. І хоць бы таму, што вядома, як будуць сябе паводзіць бацькі-злачынцы, калі загадзя вызваліць ад адказнасці іх дзяцей...
Скарына. Тым не менш час няўмольна патрабуе, яснавяльможная каралева...
Бона( з усмешкаю ). Вы многа бачылі і многа ведаеце, доктар, але павучаць караля і каралеву...
Жыгімонт. А я асабіста люблю паслухаць разумных людзей. Не фальваркам, дзякаваць Богу, правім, а каралеўствам.
Бона. І яшчэ, між іншым, княствам... Вялікім княствам Літоўскім!
Жыгімонт( стрымана ). Калі б я правіў ім «між іншым», аднаму Богу вядома, пад чыёй рукой яно было б сёння...
Ян. Сапраўды...
Бона аж перасмыкаецца ад рэплікі Яна .
Жыгімонт. Гаварыце, доктар...
Скарына. Я хацеў бы падтрымаць канцлера і ў першую чаргу прапанаваць такі запіс: згодна Статуту яго вялікасць кароль Польскі і вялікі князь Вялікага княства Літоўскага абавязваюцца захоўваць і берагчы цэласнасць дзяржавы.
Жыгімонт. Гэта і так вядома.
Гаштольд( настойліва ). Ваша вялікасць, абставіны ўнутры каралеўства і княства, а таксама за яго межамі патрабуюць гэтага запісу. Многа ў чым я мог бы не пагадзіцца з доктарам Скарынай, але толькі не ў гэтым.
Бона. Дзіўнае аднадушша...
Скарына( пакланіўшыся Гаштольду ). Да вышэйсказанага я дадаў бы наступнае: мы, кароль польскі і вялікі князь Вялікага княства Літоўскага, таксама абяцаем, што ў землях Вялікага княства ні мы, ні нашы нашчадкі нікому з чужынцаў не будзем даваць ва ўласнасць і ўтрыманне зямель, замкаў, гарадоў і якіх бы там ні было званняў і чыноў, але толькі мясцовым ураджэнцам тых зямель нашага Вялікага княства.
Бона. Санта Мадонна! Да гэтага нават пан канцлер не дадумаўся...
Ян. На гэтым пан канцлер з панам доктарам пасябруюць.
Гаштольд. У пана доктара не ўсё так блага, як пану біскупу часам падаецца.
Ян( зводзіць на жарт ). Вось бачыце...
Гаштольд. А калі б хто-небудзь з падданых збег з нашай дзяржавы ў зямлю нашых непрыяцеляў, то пазбаўляецца свайго гонару, а яго іменне спадчыннае, выслужанае і купленае не пераходзіць ні да дзяцей, ні да родзічаў, а толькі да вялікага князя.
Бона. Грацыо, пан доктар... Грацыо!
Жыгімонт( глянуўшы на каралеву ). Разумна!
Бона. Хоць і не настолькі, каб гэтым захапляцца...
Скарына. А яшчэ не адбіраць у маёмасных людзей пасад і маёмасці без суда.
Гаштольд. І нікому з саноўнікаў нашых не даваць дзвюх пасад.
Бона. Я і гэта павінна ўзгадняць з вамі?!.
Гаштольд. Не са мною, але з законам...
Бона( амаль крычыць ). Баста! Ніколі!
Скарына. А яшчэ ― публічнасць здзяйснення правасуддзя пры роўнасці бакоў у працэсе і права абвінавачанага на абарону з удзелам адваката.
Гаштольд. І ніхто не адказвае за чужую віну.
Скарына. А каб папярэдзіць паклёпы, даносы і нагаворы, першым жа артыкулам першага раздзела першага кодэкса нашага я запісаў бы на абарону дзяржавы і яе падданых: калі б хто агаворам-паклёпам абвінаваціў каго і абвінавачаны павінен быў бы падлягаць ганьбаванню ці смяротнай кары, ці канфіскацыі маёмасці, ці якому іншаму пакаранню, тады той, хто агаварыў іншага, але не прадставіў доказаў, сам павінен панесці такое пакаранне. Менавіта гэтая норма зберагла б не толькі падданых дзяржавы, але і яе гонар паміж дзяржавамі. Даносы і паклёпы вынішчаюць людзей не горш, чым войны, паморкі і татарскі палон.
Каб залішне не стамляць вашу каралеўскую вялікасць, я змаўкаю.
Читать дальше