Скарына. Я дзіця сваёй эпохі, што носіць імя Адраджэнне, і быць вальнадумцам не толькі маё прызванне, але і мой абавязак перад Айчынай, мая найяснейшая каралева.
Бона. Баста! Баста!
Жыгімонт. Вы добры і разумны чалавек, доктар Скарына, а таму не ўберагчы вам галавы...
Скарына( з усмешкай ). Адсякаць такую галаву, як мая, ваша вялікасць, сабе ж на страту...
Гаштольд. Асабліва калі ўлічыць, што з дапамогай доктара нам давядзецца надрукаваць Статут, хочам мы таго ці не...
Бона( ускоквае з трона ). Вам бы спачатку пра тое нас спытацца! Аўдыенцыя скончана! Баста! ( Выходзіць .)
Усе кланяюцца, адступаючы да дзвярэй .
Жыгімонт. А вы, канцлер, застаньцеся...
Скарына і Ян выходзяць .
Вы што, сапраўды наважваецеся надрукаваць Статут?
Гаштольд. Я толькі сказаў, што нам з вамі давядзецца зрабіць гэта, хочам мы таго ці не...
Жыгімонт( незадаволена ). Канцлер, вы бераце мяне за глотку. Нібы не бачыце... ( Ківае на дзверы, у якія выйшла Бона .)
Гаштольд. Будзе горш, калі і мяне і вас з каралеваю за глотку возьме шляхта. І вы, яснавяльможны кароль, і наша слаўная каралева...
Жыгімонт( незадаволена ). Не чапайце, канцлер, каралеву, якой бы слаўнай яна ні была!.. Мне надакучыла вас мірыць...
Гаштольд. Я толькі мару. каб каралева не чапала мяне...
Жыгімонт. Многа хоча каралеўскі канцлер...
Гаштольд. Толькі з тае прычыны, што я яшчэ і канцлер Вялікага княства.
Жыгімонт( больш мякка ). Мы яшчэ і сябры...
Гаштольд. Я і прашу вас па-сяброўску: падтрымайце доктара Скарыну ў намеры надрукавадь Статут. Ён зробіць гэта і хутка, і належным чынам.
Кароль моўчкі скідае чаравікі, вешае "дзяржаву" на адзін старчак трона, а карону на другі. Падбірае ногі на трон, уладкоўваецца, нібы перад сном.
Жыгімонт( пазяхнуўшы ). Статут яшчэ трэба правесці праз сейм...
Гаштольд выходзіць. Праз нейкі час з'яўляецца Бона.
Бона. А я спадзявалася перасварыць сёння назаўсёды караля, канцлера, епіскапа і доктара.
Жыгімонт( не расплюшчваючы вачэй ). Інтрыгі пры двары, ваша вялікасць, вельмі шкодзяць.
Бона. Санта Мадонна! А дзе ваша вялікасць бачыла двор без інтрыг?.. Ці, можа, я не бачу, як за маёй спінаю вы згаварваецеся з Гаштольдам? Як хітрыць ваш сынок епіскап Ян, прыгрэўшы на грудзях гэтага доктара. На словах ён нібы яму антаганіст, а на справе ― у хаўрусе. Са слуцкімі князямі яны адкрылі ў Веснічах пад Гародняй не толькі касцёл, але і парафіяльную школу. Скарынаву школу. Ці, можа, не епіскап Ян заплюшчвае вочы на друкарскую дзейнасць доктара ў Вільні? Можа, ён не з ім разам вышуквае шляхецкіх і купецкіх сынкоў і пасылае ва універсітэты краіны, дзе правяць ненавісныя мне Габсбургі?.. А Гаштольд?! Ён хоча перашкодзіць мне вяртаць каралеўству гарады і маёнткі!..
Жыгімонт. Пабойцеся Бога! Вы ж толькі што авалодалі княствам Пінскім, ледзьве не ўсім Валынскім, захапілі Кобрын, Клецк, Абольцы пад Оршай, два староствы ад Гародні да Коўна, у вас пад рукою ўся Мазовія!..
Бона( спакойна, з усмешкай ). У Боны Сфорцы Арагонскай пад рукою яшчэ і каралеўства ў Італіі...
Жыгімонт. І ў Італіі... А вы пра інтрыгі... А я так думаю: інтрыгі інтрыгамі, а Статут Вялікага княства давядзецца рабіць такім, каб ён нарэшце быў прыняты панамі-радай.
Бона( здзекліва ). І ваша міласць пра гэта будзе зноў пісаць Радзівілам на мове дзікуноў, што жывуць за Нёманам...
Жыгімонт. Можна падумаць, што ваша вялікасць піша Радзівілам па-італьянску, якой яны, між іншым, цудоўна валодаюць. А то навошта б вам трымаць пры сабе перакладчыка з італьянскай на беларускую... А ў дзікуноў, як пераканалася мая каралева, хапіла спрыту і розуму, каб стварыць законы, якіх яшчэ не ведаў свет. І, відаць, таму, што за Нёманам дзяржава ад мора і да мора. І хто б пісаў тым Радзівілам, каб не было Алелькавічаў і іншых, што спяць і бачаць Белую Русь уз'яднанай з Руссю Маскоўскаю.
Бона. Між іншым, Польшча...
Жыгімонт( перапыняе ). Польшча нішто без Вялікага княства! Нішто!..
Бона. Санта Мадонна! Але і Вялікае княства без Польшчы...
Жыгімонт( перапыняе ). А гэта яшчэ як сказаць...
Бона( занепакоена ). Вы наважыліся пагадзіцца з прыняццем гэтых законаў?!.
Читать дальше