Вартаўнік( захоплены пачутым ). І даказаць гэта можаш?!.
Скарына. Магу... Ты толькі сядай.
Вартаўнік. Пакуль разам з табою не пасадзілі, пастаю...
Скарына. Ну, пастой сабе. ( Бярэ кніжку. адгортвае старонку: чытае больш па памяці, чым па тэкце .) «В сей книзе всее прироженое мудрости зачало и конець... В сей книзе вси законы и права, ими же люде на земли справоватися имеють, попиваны суть... В сей книзе вси лекарства, душевные и телесные зуполне знайдете. Ту навчение филозофии добронравное, яко любити Бога для самого себе и ближнего для Бога, имамы...
Хощеши ли умети граматику или, по-рускы говорячи, грамоту, еже добре чести и мовити учить, знайдеши в зуполнай Бивлии, Псалтыру, чти ее...»
Вартаўнік. Распавядаеш прыгожа, і паверыць хочацца, а не магу... Не, калі заплюшчыць вочы, можа б, і паверыў, што ты ўсё гэта сам у кнігу ўставіў, а як гляну на тваё рыззё ― не магу.
Скарына( падае кнігу ). Тады патрымай... пагартай...
Вартаўнік. А што з таго?..
Скарына. Ну, хоць на выявы паглядзі!.. Я іх сам маляваў і ў кнігі ўставіў. ( Цытуе па памяці .)«А для таго, абы братия моя Русь, люди посполитые, чтучи могли лепей разумети...»
Вартаўнік( разглядае малюнкі і з захапленнем, і са здзіўленнем, і са страхам ). А гэта хто?.. Хрыстос ці мо епіскап які?..
Скарына. Гэта ― я...
Вартаўнік. Як ― ты?!
Скарына. А так, як бачыш: уласнай персонаю, толькі не ў лахманах, ад якіх у цябе такі недавер, а ў доктарскай мантыі...
Вартаўнік( з недаверам і злосцю ). Значыцца, ты яшчэ і святы?!. Каго толькі ў маёй вязніцы не было, а святыя яшчэ не трапляліся... ( Крычыць .)Прахвост ты, манюка, а не святы! І хопіць мяне ў дурні ўшываць!.. А даведаюся, што канакрад, я цябе валацугу...
Скарына. Не гарачыся. Прыгледзься да мяне і да маёй выявы. ( Становіцца бліжэй да святла, прыгладжвае валасы, вусы. ) Там жа ўнізе так і напісана: ( цытуе ) «Прото я, Францишек, Скоринин сын с Полоцька, в лекарскых науках доктор, разумея сее, иже без страху Божня, без мудрости и без добрых обычаев не ест мощно, почстиве жити людем посполите на земли, казал есми тиснути книги сии руским языком напред ко чти и к похвале створителю, спасителю, утешителю Богу... потом людем простым посполитым к пожитку и ко розмножению добрых обычаев, абы, научившися мудрости, добре живучи на свете, милостивого Бога хвалили...»
Пакуль Скарына па памяці чытае гэтыя словы, Вартаўнік збянтэжана глядзіць то на яго, то на выяву ў кнізе .
Вартаўнік. Францішак?! Ты той самы Францішак, сын старога купца Лукі Скарыны?!.
Скарына. Той самы, якога ты, Янка, вучыў некалі плаваць і які чытаў табе на Барысавым камені, што ляжыць на стрыжні Дзвіны, загадкавае і старажытнае: «Господи, помози рабу своему Борису».
Вартаўнік кідаецца ў абдымкі да Скарыны .
Вартаўнік( крыху супакоіўшыся ). Што ж ты мне колькі дзён галаву тлуміш?!.
Скарына. Прыглядаўся. Мальцаў хацеў тваіх пабачыць. Ці падобныя, думаю, на бацьку ў свае гады...
Вартаўнік( вельмі таропка ). Чым дапамагчы?!. А можа, сёння не і збяжым?!. Мне толькі мальцаў папярэдзіць, а мая пані Анэлька за мной на край свету з'едзе. І што мне ў гэтай Познані?!.
Скарына. Барані Божа ― ніякіх уцёкаў. Не канакрад жа я,сапраўды!
Вартаўнік. Дык а што тады?!.
Скарына. Прынясі мне аркуш паперы, чарніла і пяро. Янапішу ліст аднаму чалавеку, і мярзотнікі, якія надзелі на мяне гэтае рыззё, у зубах прынясуць мне доктарскую мантыю!
Вартаўнік( узбуджана глядзіць на Скарыну, абыходзіць яго вакол, дакранаецца да кнігі ). Ай, Францішак! Ай, братачка! Калі ты мне пераказваў знакі з Барысава каменя, я мог бы здагадацца, што далёка пойдзеш! Але каб у твае гады, жывым... у святыя?!. Згубіш ты галаву, чалавек...
Скарына. Мне і кароль пра тое казаў.
Вартаўнік( збянтэжана ). Як ― кароль?!.
Скарына. Быў выпадак.
Сцэна зацямняецца .
ІІІ
З успамінаў Скарыны
Кракаў. Тронная зала. На троне кароль польскі і вялікі князь Вялікага княства Літоўскага Жыгімонт І Стары. Яму каля шасцідзесяці. Ён зняў чаравікі і падабраў ногі на трон. Карону павесіў на старчак спінкі трона злева. На старчаку справа вісіць «дзяржава». Кароль салодка спіць. Відаць, яму сніцца прыемны сон. Увахоцзіць каралева Бона. Надзвычай прыгожая, эфектная і вельмі экспансіўная жанчына. Ёй каля трыццаці, але выглядае намнога маладзейшай. Са здзекам і іроніяй глядзіць на караля, які падцягнуў пад сябе ногі і хавае пад пахі рукі, каб было цяплей. Нешта мармыча праз сон .
Читать дальше