Сцэна асвятляецца .
Скарына. Я ведаў, Мікола, што ты анёл сэрцам і паэт душою... ( У захапленні .) Але каб такое!.. ( Заўважае Маргарыту, Адверніка і Мсціслаўца .) Ён перажыве ўсіх нас і застанецца ў памяці нашчадкаў нашых на доўгія вякі...
Адвернік( скептычна ). Даў Бог новага святога... А па мне — свістун са шпагаю.
З’яўляецца Iахім у вопратцы карчмара .
( Іахіму .) Ну, што табе, мая радасць, не спіцца? Здаецца, мы добра заплацілі...
Іахім( не зважаючы на Адверніка, толькі Скарыне ). Guten Abend, Herr Doktor. Jochim halt es für grosse Ehre solche massgebende Person der Stadt Wittenberg, die Audienz vom so grossen Reformator wie Martin Luther gewürdigt wurde, in seiner Taverne zu sehen [2] Добры вечар, пан доктар. Іахім лічыць вялікім гонарам бачыць у сваёй таверне такога высокага госця горада Вітэнберга, які ўдастоены аўдыенцыі самога вялікага рэфарматара Марціна Лютэра ( ням .).
. ( Перадае запрашэнне. )
Aдвepнiк. Што ён там лапоча?
Скарына. Кажа, прыемна, што яго таверну выбраў такі важны госць Вітэнберга, які ўдастоіўся аўдыенцыі самога вялікага рэфарматара Марціна Лютэра.
Іахім. So, so. Die Kutsche wartet auf Ihre Majestät [3] Так, так. Карэта чакае, ваша вялікасць ( ням .).
. ( Выходзіць .)
Скарына. I карэта, кажа, чакае... ( Сам сабе .) Усё-такі запрасіў. Так яно і павінна было быць.
Маргарыта. У госці апоўначы?
Адвернік( пачынае таропка апранацца ). Нічога, выспімся!.. Ну, Францыск, здаецца, і мы ў людзі выходзім! Хутчэй збірайся, Пётра! Хоць будзе што ў Полацку расказаць! Не кожнаму ўдаецца на свае вочы такога чалавека ўбачыць, які на самога Папу Рымскага замахнуўся... Цікава, якія ў іх тут звычкі: са сваёй бутэлькай у госці ходзяць ці гаспадар будзе частаваць...
Скарына. Па-першае, мы не ведаем, ці п’е вялікі рэфарматар...
Адвернік. Не можа быць, каб на такой высокай пасадзе чалавек не піў. Вазьмі нашага віленскага біскупа...
Скарына. Па-другое, ні цябе, ні Пятра ў госці не запрашаюць.
Маргарыта. Так што кладзіся, Юраська, спаць; рана табе яшчэ з лютэрамі сустракацца.
Адвернік. Жанчына, не блытайся пад нагамі!
Скарына. Па-трэцяе, вазы трэба пільнаваць. Ці мала што...
Мсціславец. Сапраўды, пра гэта мы не падумалі...
Скарына. Тады падумайце, а я пайшоў. ( Выходзіць .)
Маргарыта благаслаўляе яго.
Мсціславец. А што, як раптам...
Адвернік. А што можа быць раптам?
Мсціславец( хітра ). Той са шпагаю, а вы адзін...
Адвернік. Зялёны ты яшчэ з мяне кпіць. Лезь на палаці, і цыц! I ты, Маргарыта, кладзіся. А то сядзіш да поўначы і глядзіш на Францыска як зачараваная... Аж няёмка...
Маргарыта( з усмешкай ). Каму няёмка?..
Адвернік( не адразу ). I яму... і мне.
Маргарыта. А-а-а...
Адвернік. Б-э-э...
Маргарыта. А ты шпурні яму рукавіцу. Во будзе смеху.
Адвернік. У бабы бабскія размовы. I бяры вас пасля гэтага ў дарогу! Хоць бы хлапчука пасаромелася.
Мсціславец. Кіньце вы, дзядзька Юрась. Я не жанчына і то палюбіў яго.
Маргарыта( весела смяецца ). Ай ды хлапчук! Ай ды малайчына!
Адвернік( строга ). Сказаў — хопіць, значыцца, хопіць. ( Бярэ шапку .) Пайду вазы пагляджу. ( Выходзіць .)
Як толькі Адвернік з’яўляецца на прасцэніуме, на яго накідваюцца два стражнікі, скручваюць рукі, надзяваюць на галаву мяшок і валакуць за сабой. Iахімнеўзаметку назірае за гэтым .
Частка вузкай келлі адгароджана шырмай. На жэрдцы, што яе падтрымлівае, вісяць мужчынская сутана і адзенне манашкі. Перад шырмай — невысокі стол. На ім віно і розныя стравы. За шырмай смех, шорах. Мужчынская рука забірае бутэльку.
У келлю ўваходзіць Кваліфікатар са стосам скарынінскіх кніг.
Голас з-за шырмы: «Хто?»
Кваліфікатар( незадаволена ). Хто?! Кваліфікатар святога судзілішча, святы айцец.
З-за шырмы высоўваецца напалову распрануты Нунцый .
Нунцый. А ты не думаеш, Кваліфікатар, што пасля гэтага візіту я павінен буду спаліць цябе на кастры за нагавор на Нунцыя, які нібыта схільны да грэхападзення?.. ( Знікае за шырмай і сцягвае з жэрдкі сутану.)
Кваліфікатар. Усе пад Богам ходзім. Толькі данос у мяне надзвычайнай важнасці, святы айцец. Францыск Скарына Рус, з якім вы так хацелі сустрэцца ў Празе, з’явіўся ў Вітэнбергу ў карчме нашага даносчыка Джавані, каторы зараз Іахім. Лютэр не стаў чакаць раніцы і паслаў па Скарыну ў карчму... А гэта кнігі доктара Скарыны.
Читать дальше