Скарына. Дай Бог удачы і табе і яму.
Адвернік. I няма чаго смуткаваць. He той цяпер тэўтонец!
Гусоўскі. А смутак мой ад таго, браты, што чужым народам міру шукаю, а свой у слязах і крыві захлынаецца. Княжацкая міжусобіца губіць братнія народы, а татарыну і тэўтонцу толькі таго і трэба. Рускія гарады зруйнаваўшы, татары Бельскую, Люблінскую і Хелмінскую землі зваявалі і разбілі палякаў ля Сокаля, быццам ведалі, што тыя не схацелі слухаць разумнай рады князя Канстанціна Астрожскага і гетмана літоўскага, якія меліся на падмогу палякам прыйсці.
Вымае з-пад плашча-накідкі невялікую кніжачку, чытае на латыні. Скарына слухае вельмі ўважліва. Адвернік глядзіць на Міколу скоса і ўсміхаецца скептычна. Пятра захапляе мелодыка верша, хоць ён і не разумее зместу .
In medio quaedam populo spectacula Romae
Contigerant nuper forte videnda mihi.
Dum fera dimissi miscebant proelia tauri,
Densa relaxantes corpore tela suo... [1] Неяк у Рыме пры сціжме людзсй незлічонай Сведкам відовішча быў я — бою быкоў на арэне. Люд пацяшаўся, гудзелі, як вулей, трыбуны, Стрэлы ж і коп’і ўпіваліся ў цела жывёлін, Боль прычыняючы ім невыносны... ( лац .).
Адвернік( Гусоўскаму ). Даруй, братка... Прыгожа пяеш, нічога не скажаш... Незразумела толькі... ( Дзёрзка .) I лаціна твая паганая нам во дзе сядзіць!.. I калі ты нам брат, то лепш змоўкні! A то...
Гэта так нечакана, што Гусоўскі спачатку губляецца, а потым выхоплівае шпагу і становіцца супраць Адверніка ў баявую пазіцыю .
Гусоўскі( крычыць ). Абараняйся, няшчасны!!!
З’яўляецца Маргарыта; на падносе выпіўка і закуска. Адвернік хапае з падноса бутэльку, а ўсё астатняе ляціць на падлогу. Маргарыта засланяе сабой мужа.
Скарына( Адверніку ). Бутэлькай яго! Бутэлькай з-за жончынай спіны, пакуль ён не праткнуў цябе наскрозь! ( Весела рагоча .)
Маргарыта. Спыніцеся!!! Малю вас, апамятайцеся!!!
Гусоўскі( хавае шпагу ў ножны ). Пшэпрашэм, пані! ( Цалуе Маргарыце руку .) А з табой мы яшчэ сустрэнемся! ( Кладзе ў кнігу пальчатку і кідае Адверніку, затым выходзіць .)
Адвернік(збянтэжана). Што гэта ён рукавіцамі кідаецца? (Паднімае пальчатку.) Хіба біцца не будзем?..
Скарына. Спасцігай, купец, лаціну, а за рукавіцай ён яшчэ вернецца.
Маргарыта( перапалохана ). А можа, нам хутчэй з’ехаць?..
Мсціславец. А рукавіцу карчмару аддадзім.
Скарына. Вы не ведаеце Гусоўскага! Пад зямлёй знойдзе і заколе. Я яшчэ ў Кракаве нагледзеўся. Звер! Чуць што — за шпагу, і няма чалавека. Што яму Адвернік? Ён адзін на адзін з зубрам выходзіў.
Адвернік. Ну, панужай, панужай мяне яшчэ...
З’яўляецца Гусоўскі з двума юнакамі ў дарожных накідках і пры шпагах .
Скарына. Калі ласка, ён ужо з дружкамі!..
Маргарыта выштурхоўвае Адверніка і Мсціслаўца ў суседні пакой .
Гусоўскі( Скарыне на юнакоў ). Mae «секунданты» твае кнігі прыхоняць, а я табе сваю пакіну. Калі па душы будзе, знойдзеш мяне заўтра ў замку. ( Перадае невялічкую кніжачку .) Юрася твайго я яшчэ папалохаў бы, ды жонка ў яго вельмі прыгожая. А прыгожых я не крыўджу. ( Абдымае Скарыну .) Да сустрэчы, родны! ( Выходзіць .)
Скарына( раскрывае кніжачку ). «Carmen de bisontis» — «Песня пра зубра». «Verba volant, scripta manent» — «Словы злятаюць, напісанае застаецца»?.. ( Чытае паэму .)
...Бясконца купае і губіць
Марс збраяносны людзей у крывавых купальнях...
Хто вінаваты? Чыёю злачыннай рукою
Губяцца сувязі братнія, бурацца храмы?
Вораг знішчае — мы скажам, а трэба ж прызнацца:
I ад сваіх міжусобіц мы ўсе не дужэем...
Гонар, сумленне зямных уладарцаў, здаецца,
Спяць беспрабудна. Усе іх учынкі і справы
Людзям на гора, дзяржаве ж — на шкоду і страты.
Сцэна зацямняецца .
Гучыць голас Гусоўскага :
Болей за ўсё непакоіць іх сверб панавання:
Вострыць мячы пастаянна сусед на суседа —
Ты або я запаную, дваім жа нам цесна.
Братазабойствы, грызня, міжусобныя войны —
Іхні занятак фізічны і свет іх духоўны.
Б’юцца князі-ваяводы, а стогнуць народы:
Воіны ж гінуць у тых і другіх у сутычках,
Што ім той смерд — наша гора і нашы пакуты?
Ім бы свайго дамагчыся, а ты хоць заліся
Ў горкіх слязах. За мурамі рыданняў не чутна —
Значыць, гандлюй і крывёю, і лёсам падданых...
«Пастырам будзь па-над паствай!» — гаворыць Пісанне.
Будуць — чакайце! Ваўкамі грызуць сваю паству.
Вось да чаго давяла непамысная прагнасць
Славы, багацця і ўлады і як ачарсцвілі
Ўсё іх нутро сябелюбства, раскоша і слава!..
Турак агнём і мячом вынішчае ўсе нашы пасады,
Паліць мястэчкі і сёлы, руйнуе святыні...
Рэжа пад корань — жанок і дзяцей не шкадуе...
Князь і баяры — усе, каму льга заступіцца,
Глухі да нас і не горай, чым жорсткі татарын,
Душаць пятлёй галасы абурэння ў народзе.
Плаха і кат-выканаўца — вось доля любога,
Хто пастаяць за закон і за Бога азваўся.
Читать дальше