Пагарда да роднага слова,
Да мовы, што з веку вякоў
I верай і праўдай суровай
Жывіла душу прабацькоў;
Пагарда да родных мелодый,
Да песень, што з гэтай зямлі
I гучнасць, і фарбы, і водар
У кожную ноту ўзялі:
Пагарда да памяці продкаў,
Да славы і гонару іх,
Да іхніх мазольных наробкаў,
Да іх курганоў векавых...
Не знаю, як дзе там на свеце,
А ў нас тут праклён быў здаўна:
Калі вы ёй гэткія дзеці —
То хай вас не носіць яна!
Не бушуюць мітынгі.
Не віруе плошча.
Сцягі размаітыя
Вецер не палошча.
Можа, з Божай міласці
Адышла мітрэнга?
Не. Байцы стаміліся.
Перадышка трэба.
Мудрацы ў праплешынах,
Тон узяўшы роўны,
Грунт кладуць палепшаны
Пад Закон Асноўны.
А героі нацыі
У галодных чэргах.
З фразы камбінацыі
Твораць невычэрпна.
«Покуль край не выпетраў
На свабодных дулях —
Трон сюды са скіпетрам!
Заступай, татуля!
Хоць сабе карычневы,
Хоць сабе чырвоны,—
Заганяй апрычнінай
Зноў нас у загоны!..»
Дзень імгліцца снежаньскі.
Без душы мяцежнай
Плошча Незалежнасці
Чуецца залежнай.
Дзень празяб да дрыжыкаў.
Сцюжна. Сівер зімны.
У чаканні «пыжыкаў»
Дрэмлюць лімузіны.
З правымі і з левымі
Не знайшоўшы ладу,
Інвалід разгневаны
Выйшаў з Дома ўраду.
У кішэнях порацца —
Пуста! Ні цыгаркі!
Нават дыму з горычы
Не глыне паўчаркі.
Лоб у шрамах хмурачы,
Сціснуў кій у пальцах:
Можа, дзе акурачак
Знойдзем на асфальце?..
О любыя мае
Браты і сёстры!
Часцей глядзіце
З курганоў вячыстых
На край свой родны,
Што, як храм дзівосны,
Ад вас чакае
Споведзяў найчыстых.
Хай дрогне сэрца
I ад шчасця ўмлее —
Так, што ажно сляза
Засцеле вочы...
Тады з вас, пэўна,
Кожны зразумее,
Чаму тут зброд
Быў панаваць ахвочы.
Сарваня вярыскам
З вечнасці дрэва,
Ляціць
Вераснёвы лісток залаты —
Як нам напамінак,
Што ладзіцца трэба
Да нашага слаўнага свята,
Браты.
Калісьці
Праклятаю Рыжскай умовай —
Не ўмовай, а змовай —
На ўгоду панам,
На гора народу,
Што рваўся з аковаў,
Разрэзалі любы наш край
Напалам.
Разрэзалі сэрца,
Душу разарвалі,
I мову і песню
Забралі ў палон.
I вусны замкнулі нам...
Голас давалі
Адно для зняверцаў —
За рабскі паклон.
Наш дух не змірыўся:
I ў скрусе глыбокай
Мы ў прышласць глядзелі —
Праз далеч гадоў.
А ўжо на падворку —
Трунар з далакопам:
«Труна вам гатова!»
«I дол вам гатоў!»
Так проста — няйначай
Мы лішнія ў свеце
I месца няма нам
На грэшнай зямлі...
О вешчы лісток залашсты!
Ён свеціць
І вечна свяціцьме
З'яднанай сям'і!
Ніякая змова,
Ніякая звяга
Не страшныя ўжо нам,
Хоць лёс і круты.
Святкуй жа, мой краю,
Вялікае свята!
Наш Дзень уз'яднання
Святкуйма, браты!
Алесю Лявончыку
Цымбалы,
Цымбалкі,
Цымбалі кі звонкія!
Жывая душа.
Беларускай зямлі!
На нівах і ў пушчах,
На ўзмежках рамонкавых
Вы голас чароўны
Для спеву ўзялі.
Журчанне крынічкі,
I песенька жаўранка,
I гоман калосся,
I пошум трысця,
I шэлест узвышаны
Сцягу дзяржаўнага —
Усё ў вас злілося
У песню жыцця.
Цымбалы,
Цымбалкі,
Цымбалікі родныя!
Пачую — і ўчую:
Радзіма пяе!
Чаго ж вы парою
Такія журботныя?
Чаму весялосці
Вам так не стае?
Напэўна, вы ловіце
Чуйнымі струнамі
I сумныя бомы
Хатынскіх званоў,
I шал чарнавею
Над светлымі рунямі,
I сыканне гадзін,
I крык груганоў.
Няхай сабе грагаюць —
Злосныя, хцівыя.
Любові не ўсмерціць,
Дабра не забіць!
Звініце, цымбалкі,
Гудзіце, гудлівыя,
Каб неба з зямлёю
У душах радніць!
Ты нарадзіўся ў сэрцы Беларусі.
Тваёю першай нянькаю былі
Яе паданні, што наўкол жылі,
Яе напеў, якім звінелі гуслі.
Читать дальше