толькі цяпер я разумею, чаму яна не ўмее плаваць
[чаму ты не ўмееш плаваць, лялечка]
крэйду лёгка пакрыўдзіць
крохкая
хто цябе сабраў з крэйдзінак? што засталіся ў зарослых імхом класах
закаціліся пад настаўніцкі стол
старыя драўляныя дошкі пакрыла зяленіва, нехта ўпрыгожыў маем
лабірынты шчылінак у зацёртым паркеце, пісягі
ляцелі сарокі, ухапілі ўрокі
я чуў, што на моры на кіяне стаіць белы камень
дзяды над морам праляталі, іхныя слёзкі на камень упалі
я хвалююся, калі ты пячэш што-колечы з мукі, я баюся
каб ты не заблукала ў ёй, не схавалася
а печыва тваё заўсёды з такім чароўным смакам
а раптам гэта ты штораз крышку сябе ў цеста крышыла?
а разынкі ў пірагу — гэта твае зрэнкі? чалавечкі? лялечкі?
скокну скрозь
скокну праз
скокну цераз
купальскае вогнішча майго акна
у тую хвіліну, калі мы прызначылі сустрэцца
гэтым скокам я абміну пад’езд
гэтым скокам распачну спазненне
ты ж казала : не трэба на палову — спознішся
я абяцаў
бегчы буду
бег не ўратуе
усё ж прыйду, як звычайна, не ў час
глюкане ліфт : давязе да сёмага, на восьмае неба — пешшу
непрыстойна завалюся ў пакой
прылягу на табой не любімыя
твае няпэўныя, няўпэўненыя валасы
што вагаюцца між быць
простымі ці няпростымі
тады будуць, як я люблю
схаваюся ў іх цалкам
ды засну пад гукі аргана вершаў някласіка ў тваім выкананні
і пах дражджэй станецца ладану пахам
і ты мяне адпяеш
вазьмі мяне на рукі і занясі туды
у княства, дзе не ловіць мабільны тэлефон
дзе вуліцы брукуюць бульбай ды яблыкам
а на правым крысе твайго паліта
а на правым крысе яго паліта
жывуць казкі
ужо на даляглядзе, здымай абутак
кладзі мяне ў пантофлю дый сама лягай
плывем пад бзззз пчолкі па густасеянай расе
а на левым крысе твайго паліта
а на нейкім крысе яго паліта
дом пчалярскі
люлі-люлі-люлі
прыляцелі гулі
селі на варотах
у чырвоных ботах
гэткія ж як боты
кніжак пераплёты
жаўцее самотная рыбіна ў сажалцы
скідае луску, а тая ўсплывае
прыкідаецца лісцём апалым
распраніся і стань люстэркам
пакуль мяне не было ў пакой заляцела галубка
не ведаю якім ейнае заканчэнне але цельца
на паркеце шпалерах аконных рамах
узяў паперчыну нешта маркерам пазначана
паклаў ёю птушку ў пакет з супермаркета
выйшаў аддаў дзецям — пахавайце пад клёнам
сам назіраў з акна : толькі шуфлікам ямка —
на працэсію пачалі злятацца галубы з суседняга парку
і дзіцячых пляцовак лапаталі — у гармідары я перастаў бачыць
назаўтра ўсё ўсеяна белымі пацеркамі перлінамі
ўпярэмешку з пер’ем — галубы калі хавалі сваю цароўну
выплёўвалі сэрцы пеючы вітальныя гімны хорам
сёння ноччу я сплю : нехта поруч буркоча
нешта нутро топча і я гатовы табе сваё выплюнуць
градзінай дзічкай шарыкам для пінг-понга пакоцаным
а ты не бяры да галавы не пераймайся
у нас з галубамі па два — так што яшчэ адно ў запасе
вочы ейныя колеру глебы
пахне яна кожны раз новым
я ці то босх ці то пітэр брэйгель
пахне яна кожны раз новым
я не заняты нумар гатэлю
пахне яна кожны раз новым
вочы ейныя колеру глебы
гэта не песня а толькі прадмова
мы хадзілі шэптам, каб не спужаць апалага лісця
дрэвы свядома чарнелі
яны чакалі снегу і паляўнічых —
прырода хацела быць маляванай
рэжысёры зацягвалі фільмы, а неба — аблокі
мой лёс быў заснаваны на рэальных падзеях
сонца ў метро хавалася, гойсала там па тунэлях
ужо счарнелыя дрэвы люлялі туман
ён чакаў, а яны засыналі пад уласнае гушканне
туман, бы немаўля, выслізгваў з драўляных абдымкаў
і поўз
а тады пасталеў і пайшоў
дождж
мы хадзілі шэптам, каб не спужаць апалых лісточкаў
яны зляталі да нас на рукі
ціха казыталі далоні дзюбкамі
Читать дальше