Ты зведаў, што ў шклянцы віно
істотней, чым кветачка ў вазе.
А гора і радасць – адно,
і сутнасць – у іх раўнавазе.
А сутаргі цела, душы каламуць
не могуць нязменнасць хаосу скрануць.
Цябе прывучыў ужо час,
што нельга публічна прарочыць,
што зло і дабро – толькі ў нас,
на нас – і знішчэнне, і творчасць.
…Ды толькі, каб тое спачатку дайшло,
напэўна, наогул цябе б не было…
Не праныра, не дыпламат,
і не веру, што ёсць чарадзеі.
Я хачу… І жаданняў зашмат,
бо яны спараджаюць надзеі.
Я хачу свой пакінуць след,
бо жыццё ўсё ж даецца ў знакі.
Я хацеў бы адчуць гэты свет
зрокам птушкі і слыхам сабакі.
Я хачу над Зямлёй узляцець
і даведацца, хто яе круціць.
Каб душа не магла сатлець,
каб саромеўся той, хто схлусіць.
Каб азарт – без вялікіх страт,
і без рызыкі – перамены,
каб сяброўства было без здрад,
а партнёрства было сумленным.
І каб пыл не збіраўся на шкле,
каб каханне было бясконцым,
каб старыя жылі ў цяпле,
каб малыя гулялі пад сонцам.
Каб не падаў на квецень град,
каб не пуста было ў талерцы,
калі мір – без падману і звад,
а вайна – без калецтва і смерці.
Каб у твораў былі чытачы –
як таго не жадаць паэту!
І яшчэ (хоць бязглузда гучыць):
каб той свет быў не горшы за гэты.
Не пішы пра тое, як чаромха пахне –
без цябе квітнее, без цябе зляціць.
Не пішы, што ніва ліўня марна прагне,
бо яе вадою з верша не паліць.
Не пішы, як спеюць журавіны ў багне
і як грыб крамяны тоіцца ў бары.
Не пішы пра вёску, у якую цягне –
жыць табе да скону ў каменным муры.
Не пішы пра блізкіх, родных і суседзяў.
Тое, што ты бачыш, – не агонь, а дым.
Не пішы пра дзеі, што сягоння ўгледзеў –
вочы і галовы Бог раздаў усім.
Не пішы пра заўтра, бо прарок ты кепскі.
Добрага б спалілі – ты жывеш пакуль.
Не пішы пра храмы, абразы і фрэскі.
Не жадай чужога – ні вянцоў, ні куль.
Не пішы пра німфу, што цябе кахае, –
здраджваюць і тыя, з кім з’еў солі пуд.
Не пішы, якая смерць цябе чакае –
вынесеш і здзейсніш сам сабе прысуд.
Не пішы, што любіш ты сваю Радзіму –
ёсць народ, улада і твой родны кут.
Не пішы; “у мовы – скрушная часіна”.
Ты ўжо сам стаміўся ад сваіх пакут.
Не пішы пра тое, што твой век кароткі –
абаранак большы, чым у ім дзіра.
Не пішы пра сонца, вецер і аблокі –
вечнасць не пачуе піску камара.
Не пішы пра тое, што на сэрцы дрэнна,
бо ў людзей хапае без цябе праблем.
Не пішы пра тое, як пісаць патрэбна.
І яшчэ пра тое, што бракуе тэм.