Мне ўсмех твой бачыцца здаля,
І не забудзецца ніколі
Ў душы маёй жаданне волі —
Ты будзеш жыць, зямля мая!
Дзе сонца шлях свой пачынае,
Мой родны Нёман спачывае,
Бы адбіваючы паклоны.
Над ім схілілі хвоі кроны,
Яго на подзвігі натхняюць
І на руках сваіх люляюць.
А там, дзе ў травах берагі,
Адбеглі ад вады стагі.
О, Беларусь! Свет белы пройдзеш —
Другіх такіх мясцін не знойдзеш.
Так мы плылі ў туман густы,
Віталі нас чужыя людзі.
Гублялі розум з нематы, —
Такога, мабыць, больш не будзе.
Хіба ж не збераглі ў душы
Матулі любае аблічча?
У сэрцы міг надзеі жыў,
Што родны край яшчэ пакліча.
Апалі леташнія росы,
Схавалі срэбра ў моры траў.
Нязменныя законы лёсу,
Бо лёс наш лепшым і не стаў.
Палітыканам не спыніцца, —
Як на сваёй зямлі нам жыць,
Якому Богу нам маліцца,
Якою мовай гаварыць?
Мой край, ты — кветка ў летні дзень...
Па кладцы сонейка ідзе, —
Яму смяецца ручаёк,
Які цячэ у наш гаёк.
Вакол такая прыгажосць...
Ці ўсё, што сэрцу трэба, ёсць?
Ці тое стрэлася ў жыцці?
Ах, сонца-сонейка, свяці!
Ах, край мой, любы край квяцісты,
Азёраў, рэчак цуд празрысты.
У іх глядзяць з любоўю хвоі,
Умый сваёй вадой жывою
Мае знясіленыя ногі,
Дай адпачыць крыху з дарогі.
Шмат зведана на свеце белым,
А ўсё душа назад глядзела...
Я для цябе хавала словы
Сваёй чароўнай роднай мовы.
Не пакідай мяне, мой бераг,
Ані ў раскошы, ані ў бедах.
Ты быў і застаешся светам,
Маім салодкім зорным летам.
У нёманскіх у водах шэрых
Схавалі хвалі мрояў шэраг,
На месцы незабыўным гэтым
З адным няскончаным партрэтам.
Мой бераг ціхіх ночак белых,
Садоў гаючых, яблык спелых,
Дзе я валодала сакрэтам,
Як быць жанчынай і паэтам.
Ад нараджэння і да смерці самай
Мы захапляцца краем можам,
Як захапляецца дзіцятка мамай —
Разумнай самай і прыгожай.
Бярозы, бярозы… Шумяць векавыя
Над нашым сучасным, над тым, што было…
Старэнькая хата і продкі жывыя.
— Дзень добры, хаціна! Дзень добры, сяло!
Дзядуля ў сваёй даматканай кашулі
На покуці самай сядзіць за сталом,
Чакае цярпліва яечні бабулі…
Яшчэ не прачнуўся, салодка спіць дом.
Яшчэ не рыпяць яго чулыя дзверы,
На досвітку смачна спіцца малым.
— Хай крыху падрэмлюць сыны-кавалеры,
Яшчэ напрацуюцца, хопіць і ім.
Дзе зараз твае сыны-кавалеры?
Старэйшы няведама, дзе ляжыць.
Яму шлях кароткі век сумны адмераў:
Хацеў не сабе, а народу служыць.
Другі — на вялікіх будоўлях Сібіры,
Катаргі дзікай знесці не змог, —
Распухлыя ногі — не ногі, а гіры,
Бог і яго для цябе не збярог.
А трэці, сярэдненькі, прыткі, бы вецер.
Тады, калі «рыба гніла з галавы»,
Згубіўся у тлуме, у горадзе недзе.
Няўжо ж не сказаў бы, калі б быў жывы?
Чацвёрты, малодшы, падобны да Бога:
Прыгожы, вясёлы — йшчэ жыць бы ды жыць,
Салдату заўсёды ад хаты дарога...
Ля самага Гродна ў кургане ляжыць.
Што куля... Яна — нібы дзеўка дурная,
Абы на каго таропка ляціць...
А хіба ж ахвяру яна выбірае?
Яе прымушаюць забойцам служыць.
Чатыры сыночкі, чатыры надзеі,
А ці вінаватыя ў грэшным яны?
Дзе каты-забойцы, дзе ліхадзеі?
Якія ім сёння бачацца сны?
Каго яны топяць хлуснёю зайздроснай,
Якім яны моляцца сёння багам?
Праўду пад старасць шукаць — невыносна.
Даволі капацца на сметніку нам.
Сядайце жа, хлопцы, яечня гатова,
Нядзелька заўсёды была божым днём.
Ў кішэнь не адзін не палезе па слова...
Так, слова за слова, той час памянём.
А ты што стаіш каля печы, старая,
Хіба ж ты не бачыш, што я не адзін?
Унучак прыехаў, віно налівае —
За вечную памяць, за добры ўспамін.
Купалля дзіўныя агні,
Святыя біятокі.
Ляцім туды, дзе карані,
Дзе родныя вытокі.
Ляцім, пакуль хапае сіл,
Хоць вецер крылле нішчыць.
Ляцім да спадчыны магіл,
Да родных папялішчаў.
Читать дальше