Толькі сэрцам браць трэба
Хлеб з поля і зорачкі з неба.
І мроі, што недзе на донцы
Патрэбныя, нібы сонца,
Кожнаму беларусу...
Бяры без прымусу, прымай
І сам сабе дзіва стварай.
Мама, мама, не знікнеш ніколі
Ты з маёй рыфмаванай долі.
Будзеш жыць ты і ў песні, і ў слове,
Размаўляці на бацькавай мове,
Навучаць, каб была я дужай,
Каб любіла сыноў і мужа,
Каб наведвала край свой родны,
Найчасцей — тваё боскае Гродна.
Каб да сэрца радню хіліла,
За іх шчасце каб Бога маліла.
Каб пазыкі спаўна аддавала,
Каб людзей, як сябе, шанавала.
Пад снегам дрэмлюць леташнія травы,
Ім сняцца сонечныя дні.
Лясок над імі кучаравы
Таксама сонейка сасніў.
І гэты сон — такі салодкі —
Дзяцінства цёплы, светлы сон,
Нібы святочныя угодкі
Шчаслівых самых, лепшых дзён.
Айчына… Шчасце ці бяда?
Натхнення ты майго крыніца.
Якая ў Нёмане вада!
Такой ніколі не напіцца,
Хоць будзеш доўга, доўга піць.
Глыток адзін, другі і трэці…
Жыць весялей на белым свеце,
А смагі ўсё ж не наталіць.
Айчына-маці, кім мы сталі,
Хіба ж не за цябе каналі?
Чаму дасюль пануе гора?
Дзе тыя «залатыя горы»?
Скажы, Айчына, што мы маем?
Сябе згубілі і шукаем?..
Чаму душы сваёй не чуем?
Чаму ж сябе мы не шануем?
А можа, твой народ няздольны?..
Чаму дагэтуль паднявольны?
Куды я думкаю лячу?
Аб чым сумую ці маўчу?
Лячу туды, у родны кут,
Смуткую ад зямных пакут…
На месцах хатак — каміны,
Як я, засмучаны яны.
Іх перазвоны сэрцы рвуць
І людзям не даюць заснуць.
Ты са мною, бярозанька белая,
Ты са мной, як Айчына, заўжды.
Твая чыстая кволасць нясмелая
Неразлучна ўплялася ў гады.
Мы з табой узрасталі пад ліўнямі,
Пад спякотаю разам былі…
Гаравалі з табой днямі дымнымі
І скрыжалі на плячах няслі…
Бралі сілу з айчыннай жывіцаю
З найчысцейшых крывіцкіх крыніц,
Каб была Беларусь белаліцаю
І ніколі не падала ніц.
Мы спадчыны не выбіраем —
Ад нараджэння ў нас жыве.
Ці ў краі мы, ці па-за краем, —
Яна ў душы і ў галаве.
Аб ёй мы мроім ў час вясновы,
Кароткай ночкай снім яе,
І доля наша з той высновы,
Якую спадчына дае.
Мне б памаўчаць каля бярозы,
Пайсці ў вясновыя сады,
Змахнуць з павек вільготных слёзы,
На снезе захаваць сляды.
Наведаць родныя магілы,
Птушыны прывітаць прылёт,
Аддаць зямельцы роднай сілы —
Праліць на ёй салёны пот.
Працуючы, не мець спакою,
І з Божым запаветам жыць,
Сваёй уласнаю рукою
Свой дом ад зла абараніць.
Мне б захапляцца мовай, словам,
На роздум мець якісьці час,
Ды ў свеце гэтым грэшна-новым
Знайсці, зусім прапаўшых, нас.
Не сустракацца больш з хлуснёю,
З усімі ў ладкі не пляскаць,
А быць заўжды самой сабою,
Душу ў гадзіны не ўціскаць.
Рабіць ці горкім, ці салодкім
Сваё заўсёды адкрыццё…
І не пакажацца кароткім
Тады жыццё.
Куток прыгожы, продкаў таямніцы,
Глыток салодкага прычасця…
Куток прыгожы, продкаў таямніцы,
Глыток салодкага прычасця…
Жыцця чысцейшыя крыніцы…
Ўсё тое, што завецца шчасцем.
Дзеля нашчадкаў захавалі продкі
Наш боль, наш сум, наш спеў салодкі —
Айчына…
Не забываецца твой твар
З пары, калі цябе спазнала
І слова першае сказала,
Грудзьмі ўдыхнуўшы водар траў.
Не забываецца цуд твой —
Дзяцінства той разліў вясновы, —
Я ў ручайку губляла словы
Слязінкай першаю сваёй.
Вяртаюся да сумных дзён,
Дзе дзічка хіліцца да плоту…
Пара птушынага адлёту:
Зімы шчасліва-змрочны сон.
Мне не забыць часін ліхіх,
Чарнобыльскага пекла-джала,
Калі зямля наўкол дрыжала…
І сум вачэй, мне дарагіх.
Твой погляд не забуду я,
Калі, шукаючы дарогі,
Амаль у кроў збівала ногі,
А ты ўсё клікала назад.
Мне не забыць тваёй душы,
Калі заўчасна ад'язджала,
А пры расстанні ты крычала:
«Ў замежжы мову зберажы!»
Читать дальше