Так дорага, што ёсць на свеце песня,
Якая —
Веру я! —
Не дасць будынку рухнуць.
Той дотык рук... лядзяны і дрыготкі...
Той пацалунак... быццам нежывых...
З дня ў дзень,
З дня ў дзень, нібыта з году ў год я,
Нашу ў сабе. Так носяць журавы
У выраі маркоту па радзіме.
Чужое неба шчасця не дае.
У птахаў толькі смерць хіба адніме
Шлях да айчыны,
Да нябёс яе.
Сузіральнай туі
Марудлівага сонца,
Мора,
Гор
Позірку твайго:
Мяне ўжо ад яго
І горы не затуляць...
За гарамі, за даламі,
За бяссоннымі начамі,
Жыў ды быў вялікі цар —
Смутак, духу валадар.
Быў той дух і сам не зломак,
Моцны, горды быў той дух,
Адалець часінай злою
Мог любую ён бяду.
Добра нам даўно вядома:
Страшыць толькі невядомасць.
Сёння знае дух паболей:
І ўсёведанне падчас
Пазбаўляе волі
Нас.
І тады прыходзіць смутак,
Запаноўвае ў душы,
І ягоны,
Ласкай люты,
Голас
Цяжка заглушыць.
Немагчыма запярэчыць
Праўдзе голасу таго,
Што ўскрывае недарэчнасць
Запаветнага ўсяго.
Як уласную няздарнасць,
Так яскрава бачыш марнасць
Спадзяванняў, намаганняў,
Пашанотнасці,
кахання...
І адзіным выйсцем будзе
У безвыходнай той журбе:
Памагаць, чым можаш, людзям
І не плакаць аб сабе.
ЗЯЛЁНЫ ЛІСТ, ЧЫРВОНЫ КВЕТ
Не разбурай таго, што ёсць.
Душы звычайную прыязнасць
Стаць іншаю не абавязвай,
Пакуль нам хораша, як есць.
Адзін неасцярожны крок —
А свет зыначыцца адразу.
Пасля
вымогай не абразіць
Нас, немаёмных, лёгкі крок?
Зялёны ліст, чырвоны квет
На подзіў туга перавіты,
І крый нас божа пераблытаць
Зялёны ліст, чырвоны квет...
«Па снезе, па слаце —
Пагода расцвіце,
Заграе сінява, —
Прашу не сумаваць!»
...Зноў з берагоў рака,
Зноў радасць жаўрука,
Зноў сонейкам падбел
У вочы мне й табе.
І промні па слаце,
І сум, як сад, цвіце!..
...Успрымаць як цуд, што я жыву,
Чую галасы бацькоў і руні;
Са здзіўленнем дзён маіх дратву
Пазнаваць у расспяваных струнах;
Дзівавацца каменю й лістку,
Дзівавацца кораню й дажджынцы;
Зноў адчуць, што я на валаску
Над прадоннем спеленых дажынкаў;
Ведаць пэўна, што рука твая
Мне не дасць аб камяні разбіцца.
Як магло са мной такое збыцца?!
Дзівавацца гэтаму ўдвая...
Забрыў высокі дзень пагодны
У светлы одум верасковы...
Табе я стала неабходнай.
А ці зраблюся дастатковай?..
Дзень павуцінку шчасця ловіць,
І шчасце вырвацца не смее.
Як ружы, кідаеіп мне словы.
А сам ты іх — ці разумееш?..
Навошта я... Хай потым, потым,
Пазней прыдасца гэты одум!..
Твая вясенняя пяшчота...
Мая асенняя пагода...
Я думаю пра мой найлепшы дзень.
Узыдзе ён,
Як келіх макавы,
Вясёлкава зайграе
Насычанымі гранямі сваімі.
Як летні ясень, спраўджаны лістотай,
Як поле жыта з васільком у вуенах,
Нібы калодзеж з зоркаю на дне,
Знутры свяціцца неўгасальна будзе
Мой дзень найлепшы,
Крышталёвы келіх,
Ушчэрць наліты мірам на Зямлі.
Найлепшы дзень мой!
Мой блакітны птах.
Зялёны промень сонца пры заходзе.
Саргасавае мора ў акіяне.
Якая згода явы й летуцення,
Здзяйснення й помыслу,
Натхнення й плёну!
Як пахам яблык,
Як азонам вецер,
Як полымем касцёр,
Увесь працяты
Маёй любоўю
І маім каханнем.
О, дзень мой дасканалы!..