А нам — гарэць,
і падаць,
і ўзнімацца,
І праклінаць свой лёс, і пець хвалу.
На радасці не можаш расстарацца,
Жыццё,
ну што ж — пакутамі хвалюй!
Бо не аслепіць дробязная ўдача,
Знарочыстую любасць не прыму...
Не марна
так па-веснавому
значыць
Барвяны ліст прыцьмелую траву.
Заўжды існуе недзе гай расцвілы
І светлякі ў зраселай мураве.
Хай вольна табе дыхаецца, мілы.
Твой сум кароткім ценем праплыве.
Нават тады,
Калі вечна я,
Вечна я слухала б
Словы кахання твае, —
Няўжо сапраўды
Табе думаецца,
Што якраз гэтых слоў,
Што так цяжка даюцца,
Нам трагічна так не стае?..
Пакрыўдзі мяне!
Як найвышшае ласкі прашу:
Пакрыўдзі бязлітасна,
Каб я не змагла дараваць.
Каб мне засталося адно толькі —
Перакрывавіць душу
І раз назаўжды ад майго існавання цябе
адарваць.
Завочная любасць твая неўгасаная —
Нібы крыніца глыбозна ў зямлі.
А мне, перасмяглай,
Сябе ратаваць столькі часу адзіна
сустрэчамі памяццю —
Сіл ужо вышай.
Мой божа, пакрыўдзі бязлітасна!..
Зернятку трэба загінуць у чорнай раллі,
Каб выжыць...
Ластаўка вясну пачынае,
восень наклікае.
Народнае
Ляцелі ў святліцу.
А трапілі вязнямі ў цэлю.
О, сцены!
О, гэты злавесныя цені!
За кратамі
Восень трасе рызманамі стракатымі —
Мроівам шат.
Заўсёды так мала хацела я:
Святла ды цяпла.
А вось выяўляецца:
Хацела — заўсёды! — зашмат.
Нераскайна
Высозную цэннасць
Надавала сама
І парыўнаму кроку насустрач,
І загойнаму слову.
Надавала шалёную цэннасць.
А спаўна заплаціць не магла.
Так імкліва
Пяшчотная ластаўка наша падворышча абляцела,
Каб даверліва нам перадаць абавязак свой —
На падвор'е наклікаць зіму.
Яшчэ ў пупышках новае лісцё,
Якому песню сонца пець старую...
Няўжо мы некалі сабе даруем,
Што сірацілі наша пачуццё,
Што ўласнай воляй самі сірацелі,
Аберагаючыся ад пакут...
Ляцела птушка шчасця...
Праляцела.
Сваёй радзімы не прызнала тут.
Дабрата
не імпульс,
не парыў,
Не адзінкавы усплёск эмоцый,
Калі ёй нададзена тварыць
Чалавека з болю
і самоты.
Калі ёй нададзена адной
Рассудзіць,
што прама,
а што крыва.
...Будзь са мною добрым, мілы мой:
Мілы, будзь са мною справядлівым.
Няможна патураць тузе,
Каб яву засланіла зданню,
Каб зрабавала пакрысе,
Што скарбавалася гадамі.
Каб незаслужаны папрок
Не вырваўся нікчэмна з вуснаў.
Калі крыштальны быў выток —
Незамутнёным будзь і вусце!
Не змізарнець бы на вяку,
Не зблоцілася б глеба тая,
Дзе і крынічка б'е, пакуль
Рака плыве і не сплывае!..
Што б ні явілася прычынай
Твайго маўчання,
Не апушчуся я, мой любы,
Да нараканняў.
Занадта нізка трэба падаць
Са стромай кручы,
Куды ты ўзнёс мяне каханнем,
Мой немінучы.
Раскоша самаго ўзнясення
Не дасць упасці.
Я толькі праз яго спазнала
Прадонне шчасця.
Я толькі праз яго спасцігла
Мінальнасць хвілі.
Свае дары багі — і тыя
Забраць не ў сіле.
Ты болей значыш: ты — Каханы.
Не наракаю.
Маўчыш.
Азвешся.
Хоць праз леты.
Я пачакаю.
Э. М. I.
На золку прымаразкі ходзяць,
Не першы жоўты ліст упаў.
Не аддавай сябе самоце,
Заўчасна ёй не саступай.
Няхай пазначана журбою
Расстанне восені з вясной,
Нашто ж развітвацца з сабою,
Сябе збаўляць першаасноў,
Калі вачам — нябёс сінеча,
Калі рукам — барвяны ліст,
Калі для сэрца — позірк нечы,
І ўздрыгне сэрца, як калісь...
Маркота раскусцілася,
Бы ўпарты, чэпкі плюшч.
Хіба ж я памылілася
У сугуччы нашых душ?
Бязлітасная, выпалю
Да кораня яе.
Не на самоту выпалі
Мне радасці твае.
Читать дальше