Дай, маё сэрца, боль чужы
Уведаць так, як боль уласны,
Каб радасці, якімі жыў,
Навек не гаслі.
Дай кожны дзень, нібы знава,
Каб з ім ніколі не звыкаўся,
Каб — гром грыміць! расце трава! —
Навек здзіўляўся.
Дай быць вышэйшым ад «ідэй»
Прарокаў цьмяных і шумлівых,
Каб углядацца у людзей
Навек цнатліва.
I — доўга буду жыць ці не —
Прашу аб найвялікшым:
сэрца!
Дай разуменне часу мне
Раней, чым —
смерці.
Ніхто ніколі ў доме тым не жыў,
Зусім пусты стаяў святочны дом,
Ніводным не свяціўся ён акном
I дымам над страхою не курыў.
А гаспадар, што дом той збудаваў,
Век дажываў у нізенькай хаціне
I ўсё чакаў вяртання свайго сына,
Ад самае вайны яго чакаў.
Так і памёр, не дачакаўся ён,
Так і памёр, а дом стаяў і гніў,
I неяк ноччу запалаў агнём...
Казалі, што ён сам сябе спаліў.
Памяці бабулі маёй, салдаткі
і маці чатырох салдат
Асколак шкрабануў рыдлёўку..
Баліць яшчэ ў зямлі вайна...
Па доўгай вуліцы Дубоўкі
На ручніках плыла труна.
З заволжскіх стэпаў веяў сівер.
Там пахаваны землякі —
На могілках уздоўж ракі,
На правым беразе Расіі.
Яны прыйшлі сюды з лясоў,
З Прыбужжа,
З Нёмана,
З Гярвяткі,
З асірацелых тых дамоў,
Дзе па начах крычаць салдаткі.
Дзе на ўзбярэжжах Беларусі
Ляжаць з Паволжа землякі.
Які прасцяг магіл! Вякі
Ляцець над імі завірусе!..
О сувязь болю
Над зямлёй
Жывых
І мёртвых гэтым болем!..
Даруй, салдатка, што ніколі
Не цалаваў рукі тваёй.
Даруй мне за спакой і цішу
На твары нерушным тваім...
А сівер голле дрэў калыша
I з комінаў зрывае дым!
Жыццё ідзе — і трэба жыць.
I на памінках ц э лы вечар
Я буду нешта гаварыць
I буду каяцца у нечым.
А ранкам, горкі ад віна,
Пайду да свежага пагорка —
Перад сусветам і Дубоўкай
Сам вінаваты,
Як вайна.
Маці
Я народжана птушкай,
Але не ўмею лятаць.
Прачынаюся —і
Крылы
Заламаны за плечы,
I праз прыцемкі раніцы,
Нібы тонкія-тонкія свечы,
На вяршынях таполяў
Недасяжныя зоркі гараць.
Я выпростваю крылы,
Ахінаю калыску дзіцячую
I з надзеяй затоенай
Кармлю немаўля-птушаня,
I бясконца шчаслівая,
I бясконца крылатая, бачу я,
Як напружана б'ецца
Пад сэрцам яго
Вышыня.
Мне прасторна і ціха...
Як усё, што хацела,— было,
Як віхураю крылы мае
Не сякло, не ламала,
Як вяршыні таполяў
I зоркі кранала крыло...
I на ім — асцярожна —і
Птушаня я сваё калыхала.
Каханая, цудоўна жыць у свеце
Спрадвечнай, неспазнанае красы!
Няхай шуміць над полем вецер,
Бяроз перабірае валасы,
Няхай вада булькоча ў ручаях
I ў глыбіні цалуе бераг стромы,
Няхай цячэ ў тваіх вачах
З вытоку і да вусця Нёман!
Я бласлаўляю на жыццё ўсіх,
Хто хоча жыць,
кахаць і быць каханым!
Я бласлаўляю нас дваіх!
Тваім дыханнем
Я бласлаўляю нас дваіх...
Святочны дзень. Высокі шлях аблокаў.
Такая ціш з канца ў канец зямлі,
Што, надалося, гром апаў, калі
Па бруку конь падковамі працокаў.
Пасля ў садах, налітых чыстым сокам,
Над яблынямі загулі чмялі.
Ні слыху не хапіла мне, ні зроку,
Каб зразумець, пра што яны гулі.
Пасля я чуў, як срэбрана звінеў
Крышталь расы ў пялёстках, і зляцеў
Ружовы ліст з галіны тонкай слівы.
I я падумаў: мо таму і ціш
Стаіць над светам, што ты сам маўчыш,
Што чуць і бачыць —
значыць быць маўклівым.
Вочы твае, нібы словы
Мовы чужой.
Кажаш мне: сёння прыходзь,
А вочы
Нешта такое крычаць,
Што хочацца згінуць
I не прыходзіць ціколі.
Але я прыходжу,
I ты сустракаеш ласкава,
Кажаш: кахаю...
А вочы!
I я разумею,
Што сама ты не ведаеш
Мовы ўласных вачэй.
...Ой гуляла сцюжа ў полі,
Ой гуляла...
Вечарэла. Цётка Поля
Песні нам спявала.
Дагараў агонь у печы,
Трапятаў па столі...
Читать дальше