У бедных-багатых
Не будзем зайздросна лічыцца.
Хачу падзяліцца.
Не будзем сварыцца
За месцы, за крэслы,
За дачы і за кабінеты...
Паэты,
Усім
Усё роўна не хопіць
Лімітнае бронзы,
Каб у манументы адліцца...
Не будзем сварыцца.
Давайце дзяліцца
I славай — што слава! —
I вершамі лепшымі самымі...
А чым падзяліцца з табой,
Мая бедная мама?
Грашыма?
Не возьмеш.
Здароўем?
Назад усё вернеш
Ды шчэ й ад свайго адарвеш!..
Пакінь мне сумленне,
Балада дзялення!
Не рэж...
Чым мне падзяліцца
З табою,
Маўклівы мой бацька,
Маўклівы вайною.
Усе тыя цацкі,
Што ты мне прывозіў,
Паўсталі
віною.
Паўсталі віною
Цукеркі ў кішэні,
Што пахлі махоркай.
Мне горка,
Вось-вось заскуголю сабакам на сене
Так горка.
Чым мне падзяліцца
З табой,
мая любая?..
Плачам?
Бясконцымі згубамі
I несапраўднай удачай?
Чым мне падзяліцца
З вачыма тваімі,
З рукамі?
Натхненнем?..
Навошта табе
Гэты камень?..
Чым мне падзяліцца
з табой,
Чалавек невядомы,
Калі ты адзеты,
абуты
I хлеба
дастатак у доме?
Чым мне падзяліцца тады?!.
О, балада дзялення!
Пакінь мне сумленне...
«Кацілася торба
З высокага горба,
А ў той торбе...»
Ні крошкі ў той торбе...
I ўсё-ткі
хачу падзяліцца...
Хачу падзяліцца начамі,
Якімі не спіцца,
Святочнымі днямі,
Трызненнямі ўсімі і марамі...
Ты слухаеш, мама?
Хачу падзяліцца
Вадой з таямнічай крыніцы,
Жывою вадою,
Каб раны маглі загаіцца
I каб не балелі ўспаміны
Пра здрады і страты...
Ты слухаеш, тата?
Хачу падзяліцца
Хвілінаю радаснай кожнай,
Хачу не забыцца
Цябе ахінаць асцярожна
Пяшчотай,
Якую ў руках сваіх доўга галубіў...
Ты слухаеш, любая?
«Кацілася торба
З высокага горба...»
Хачу падзяліцца
вось гэтай баладай,
Якая мне змучыла горла.
Мне дзесяць. Жнівень. Жоўтыя снапы.
Кручу ў гумне іржавую сячкарню.
Буркоча дзед: «От зараз дам па карку...»
Прыходзіць дзядзька: «Менш на дзве капы
У гэтым годзе...»
Дзед яму: «Сухмень...»
Над токам пыл. Гаркава нос казыча.
— Газету сёння ў паштара пазычыў.
— Старая?
— Не шчэ. За ўчарашні дзень.
— Пра што там?
— Ат... Пра што за ўсё часцей...
Такі спакойны, роўны дзядзькаў голас.
— Памёр вось Колас.
— Хто памёр?
— Ды Колас.
Сячкарня «жыг» — і пальцы да касцей.
Гвалт. Цёткі. Гвалт.
— Да доктара!
Падскокваюць па бруку дробна колы.
— А божухна! Усю руку змалола!..
— Жанілка ёсць — то пенсію дадуць...
Бінты. Пахмурны доктар. На акне —
Замест фіранкі — на цвіках газета.
...Глядзеў, нібы са школьнага партрэта, —
I штосьці адбывалася ўва мне...
Пасля я сніў:
Дыктант. Апошні ўрок.
Настаўнік новы.
«Хто?.. Які?..»
«Сярдзіты!»
— Дзе сшытак твой?
— Забыўся дома сшытак.
— Знарок забыўся?
(Не зманіць.)
— Знарок.
— Гультай?
— Гультай.
— Але на шчырасць здатны.
Святлее поле чыстага лістка...
Я ведаю, што напішу выдатна!
Ды не магу... Баліць, баліць рука!
З віною ў твар настаўніку гляджу.
Знаёмы вельмі... Той, што на партрэце!
Не... Як жа так? Яго няма на свеце!
Дыктуе ён: «Сухмень. Няма дажджу.
У гэтым годзе менш на дзве капы
Нажалі жыта...»
I дыктант знаёмы!
«Мне дзесяць. Жнівень. Жоўтыя снапы».
Настаўнік усміхаецца: «Вядома...»
«Пра што там?»
«Ат... Пра што за ўсё часцей...»
Як добра ведаць, што было, што будзе!
«А суддзі хто?..»
Чакай, якія суддзі?
...Сячкарня «жыг» — і пальцы да касцей.
Прачнуўся.
Ранак. Радыё.
(Памёр!)
«За даўнасцю гадоў...» Дыханне маці...
Я словы пераблытаў у дыктанце!
— Тэмпература... Мокры, як бабёр...
Гвалт. Цёткі. Гвалт.
— Да доктара!
Вязуць.
Падскокваюць па бруку дробна колы.
Касцёл. Бальніца.
— Мне за мост, у школу,
Дыктант...
— Напішуць.
— Жыта жаць...
— Сажнуць.
Вавёркай сонца скача на сасне.
Бінты. Пахмурны доктар. Марганцоўка.
— Ну, ачуняеш —
будзе, брат, лупцоўка!
— ...Я сплю?
— Не спіш.
— Вы ў сне са мной?
— Не ў сне.
— Дыктуйце.
— Што?
— Няма дажджу. Сухмень.
Читать дальше