Балюе снег з макрэчай:
Дзень — лета, дзень — зіма.
Кот ціснецца да печы,
I хата — як турма.
Дым не загнаць у комін —
З чалесніка плыве:
Надвор'е, нібы комін,
Стаіць на галаве.
Усё перавярнула
Асенняя гульба.
І вецер зябкім гулам
Гудзе, што ўсім труба.
У сто дажджоў прабіта
Шпачынае жытло —
Размецена, размыта
Зялёнай песні тло.
Асверыцца над студняй
Абшчыпаны гусак.
Гарбуз на градцы нуднай —
Адзін — нібы гузак.
Ды ўзбоч — галоў цвярозых
Зялёная ірдзень:
Калі качан з марозам —
У дзежцы саладзей!
Аздоба шэрых вулак —
Маркоціцца вярба.
Здаецца, нават шулы
Пагнуліся ў гарбах.
Намоклыя вароты
Абвіслі на круках,
Нібы ў ліхой галоты
Падкрыссе армяка.
На выгане, ля кузні,
Прыладжвае спраўней
Каваль, агню саюзнік,
Падрэзы да саней.
Яўсей, вясёлы Ёха,
Штукарыць не на смех:
Тады не ўхопіш чохам,
Калі паваліць снег.
Крылом цяпла прасветлен
Стары кузнечны двор.
За ім — аджыткаў летніх
Туманіцца дакор:
Над фермай, як апостал,
Тырчыць громаадвод,
І пудзілава постаць
Вартуе агарод.
А што далей, за вёскай,
Нічога не відно:
Усё — без пагалоскі —
Усё пайшло на дно.
Паўсвету аблажыла
Імжыстая нуда,
Плыве ў зямлі па жылах
Свінцовая вада.
I кожны дзень — свінцовы —
Агледзіны снуе.
Свінцовы — не свянцоны:
Не пірагі дае,
Не яйка, што ў лушпайках
Цыбульных чырваняць,—
Сляды казённай пайкі
На даланях смыляць.
Сляды скупой паперы,
Што з пасыльным ляціць
I патрабуе меры
Крутыя закруціць.
За дзень раённай лёхі
Дэпешы той размах
Набіў дыхтоўна Ёху
Аскому на зубах.
Хоць ростам з кукіш гулькін
Праела, як вухналь,
Вантробы ўсе пісулька
Аб тым, што ён, каваль,
За аргумент бутылі
З кулацкага стала
Капыт скалечыў сіле,
Што цяглавай была.
Нібыта клаў падкову,
A ў мыслях шнырыў дух:
Сарваць сяўбы аснову —
Ударны тэмп і рух.
Разбор вядомы з контрай:
«Згадай, калі забыў!..»
Пашчасціла, што конь той
Непадкаваны быў.
Цану паперам Ёха
Зазнаў з тае пары.
Здаецца, што там — кроха,
Шматок, каб закурыць.
А так табе ўпячэцца,
Прыцісне так пятой,
Што ты і той, здаецца,
I ў той жа час — не той.
«Браточкі,— хочаш крыкнуць,—
Ды тут жа ўсё — мана!»
A ўжо і крыкнуць прыкра,
Бо ўжо ўваччу — яна.
І так табе даводзіць —
Паверыць сам гатоў,
Што ты і чмут, і злодзей,
І з д'яблавых братоў.
Хоць літары, як блышкі,
Ды не збягуць дабром.
Напісана — і крышка.
Не счэшаш тапаром.
«І гадзяць жа, сабакі...» —
Сеў Ёха на парог,
Дастаў капшук з табакай,
Скруціў казіны рог.
Раздзьмуўшы шчокі, пухнуў,
Нібы кавальскі мех.
Развеяць дымам скруху
Хацеў, ды, як на грэх,
Раённая газетка,
З якой шматок аддзёр,
Зірнула ў твар заметкай:
«Патрэбен пракурор!»
Чытаў хоць скокам-бокам,
Ды складна разабраў:
Прывыкла, значыць, вока
Да гэткага дабра.
Шкада, саму аб'яву
Паспеў ужо скурыць —
Якога ж там разяву
Рашылі абкарыць?
А можа, зноў шпіёна?..
Ды пыл разваг пагас:
Прыехаў госць з раёна —
Да Васіля якраз.
А калі так — цыгарку
Не надта, брат, цягні,—
Раздзьмухвай качагарку
І молатам звіні!
Я помню, дзядзька Ёха,
Вясковы пралетар,
Як новую эпоху
Ты ўзносіў вышай хмар.
Узносіў звонкай песняй
Жалеза і агню —
Насустрач хвалі весняй
I заўтрашняму дню.
Мы бегалі паслухаць
Дзіўнейшую з праяў:
«Баец» кувалдай бухаў
А ты ўпадзвон спрыяў.
То іскрамі сініцы,
То жарам жаўрука,
То смуткам жураўліцы
Шчадрылася рука.
Твой малаточак лёгкі
Ў лад хадзіў-гуляў
I шматпудовы вохкат
Уладна акрыляў.
Бывала, чуўся богам,
Хто выспеў у цане:
«Каго б тут на падмогу?..»
Часцей за ўсё — мяне!
Таму што не старонні,
Бо з кузняю — сусед!..
Сняданак правароніш,
Забудзеш на абед...
Што мамін кліч — папруга
Тут з месца не скране,
Калі раздзьмухваць вугаль
У горне скажуць мне!
Калі прысом асверыш,
Пампуеш як мага,
Каб кволенькі аперыш
Жар-птахам зашугаў.
Калі струмень гарачы
Віруе і гудзе
І пругка іскры скачуць
У зыркай барадзе.
Калі глядзіш, як дзюбай
Сціскаюць ком агню
І ставяць клешчы рубам
Пад молат цішыню.
Калі расцеш пад неба:
На ўсё — твае правы,
Бо ты ўжо не хто-небудзь,
A Ёхаў гарнавы!
І як бы ўжо ля тайны
Ты не зусім чужы,
Не лішні і не крайні —
А на адной мяжы.
I ўжо ты мог — хоць збоку,
У Ёхі з-за пляча,
Пакоўку браць на вока,
Раздумліва маўчаць.
Маўляў, і мы не лыкам
Пашытыя цяпер!..
Хадзіў з паклонам звыклым
Уніз-уверх асвер.
Чарнеў малатабойца,
Са скрыпам дыхаў мех,
I зубы ў нашай тройцы
Свяціліся, як снег!
A ўжо з глыбінь жалезных
Тым часам праступаў
Абрыс кляўца-гарэзы,
Нарога ці сярпа.
I Ёха тонкім звонам
Даваў кувалдзе знак,
I тая ў кут з наклонам
Ішла спачыць усмак.
Бо знала, што і як тут,
Хто на віду ў той міг
I чый вясёлы яхкат
Лагодзіў Ёхаў слых.
I мы таксама зналі:
Хто зараз цар і бог,
Каму ў тугім метале
Адкрыўся той парог,
Куды ступіць — ды дзе там! —
Куды зірнуць хоць раз
Не дадзена сакрэтаў
Пакуль нікому з нас.
Дзе на правах асобых
Каваль штукуе цуд:
Здаецца, тут ён, побач,
A ўжо зусім не тут.
A ўжо ідзе за плугам
Духмянай баразной,
І птушкі дружным цугам
Бягуць, як за вясной.
A ўжо ён там, дзе постаць
Займае жніўны серп,
Дзе да ракі наўпроста
Каса свой цешыць сверб...
Тады трымайся ціха,
Рот на замок бяры,
Адно што толькі дыхай
Да нейкае пары.
Ды стоена дзівіся
З паўзмрочнага кутка,
Як песні звонкі высеў
Ляціць з-пад малатка.
Як водбліск палыхае
Ў Ёхі на ілбе,
Забыты, патухае
Акурак на губе.
Як, нібы ў тыя клешчы,
Бярэ ён свой запал,
I ўжо не махам плешча,
А слухае метал.
Пакруціць, памяркуе —
Цяпер ягоны час!
Як быццам і святкуе,
Але адзін, без нас.
Агульным будзе свята
Для кузні ўсёй тады,
Калі той серп насаты
Паедзе да вады.
Паедзе знакаміта
Ў стомленых кляшчах
І дасць нырца ў карыта,
Каб шал агню ачах.
Каб гарт сталёвай сілай
Наскрозь яго скрыжаў,
Каб жыта каласіла,
A ён увішна жаў.
Читать дальше