Стараецца Васіль. Хоць і парадкам
Касу вядзе — размашыста і лёгка,
A ўжо, глядзі, распарыўся ў лапатках,
I ўжо карціць туды, дзе Начы плёхкат.
Ды ранавата песціцца — апоўдні
Вада ўскіпіць ад перасмяглых целаў,
I залаты карась халоднай поўняй
Праблісне ў твань, ад рогату здзічэлы.
А покуль — толькі косы маюць гонар
I радасць, як да берага даходзяць,
Пад хвалю раз ці два нырнуць з разгону —
Ажно заломіць стан у прахалодзе!
Абмыюцца, каб злей мянташка брала,
Зірнуць крадком, ці блізка да суседа,
Падправяць косы з'едзенае джала —
I на плячы да лесу моўчкі едуць.
А дзе ж літоўка — маладая госця?
Шукайце там, дзе ўжо адным заходам
Знямогся Трыхан, пабялеў у млосці,
Кляне касу — змяіную пароду.
Ну а яна — то хопіць без аглядкі:
Не пацягнуць, бароды застаюцца,
То ў купіну зашыецца да пяткі,
I хоць завый, а з месца не скрануцца...
Тады назад рукою адбівае.
Сваю літоўку з чарназёму Трыхан:
«Ды й качаргі ж тупейшай не бывае!
A ўсе хвалілі. На якое ліха?!
Каб падсмяяць і пацвяліцца хорам?
Кулацкія падкопы! Здзекі проста!
Касу ж не так далі, а як селькору.
Сказалі: «Будзь і ты вось гэткім вострым!»
Нервуецца касец, каса трасецца...
Ды тут Якім далонь прыклаў да вуха:
— Гукае хто, ці, можа, мне здаецца?
— А-у!..— з-за хмызу вырвалася глуха.
— Ды нехта ж ёсць,— ужо не меркавалі —
Далі адказ. І неўзабаве выйшаў —
Брыль на макушцы, у руцэ сандалі,
І па калені ў брудзе, нават вышай...
«Ды то ж з суда... Папсуеў... Выканаўца...» —
Шапнуў Васіль, падаўся насустрэчу.
І хоць ніхто на той казённай лаўцы
Не быў, ды ўсе падумалі аб нечым.
А госць ішоў, разгневаны і злосны.
Руку не даў, адно прамовіў крыва:
— Прыехаў я па справе сенакоснай.
Дакуль сядзець вы будзеце ў прарыве?
— Ды не сядзім, здаецца вось, а косім...
— А дзе працэнт, пытаю? Не прыкмеціў...
— Ды ў нас, таварыш, так здаўна вялося:
Ісці ў касу, як травы ў самым цвеце.
Што ж дратаваць, калі яны не ў сіле,
Ні сонца шчэ, ні соку не набралі?
Вунь у суседзяў рана пакасілі,
А на вясну — са стрэх салому дралі.
Дзе малако ўжо там — абы жывое
Пры гэткім харчы засталося быдла...
— Ды мне пляваць на стрэхі! Я пра тое,
Што адставанне вашае абрыдла!
Для гэтага сюды і ўпаўнаважан.
А каб усё было ў найлепшым стане —
Націснем, грамадзяне, падналяжам!
— Дык хто б супроць —
а мы супроць не станем...
Наперабой усе загаманілі.—
Лацвей цяпер касіць — такім агулам.
Адно давайце — не губляць ні хвілі,
Бо сонца ўжо на поўдзень павярнула.
Зацмокаліся з косамі мянташкі:
Ад пяткі да сярэдзіны — працяжна,
З наском — між іншым, так сабе, не важна —
Як пасмяюцца там ці перадражняць.
І пацяклі зялёнымі руччамі
Да Начы кветкаломныя пракосы...
І толькі тут убачыў госць з адчаем,
Што ён стаіць перад народам босы.
Вось так, як маеш — у руцэ сандалі,
Штаны аж да каленяў закасаны...
Да рэчкі шмыгнуў, ад вачэй падалей,
Адмыўся, вылез: гладкі, прычасаны.
На старшыню зірнуў — рукамі пляснуў:
Той — у лапцях! Дык што ж гэта за прыклад?!
Дзе новы лад, дзе новы быт калгасны,
Каб ногі зволіць ад лапцей апрыклых?
Не вытрымаў і на заходзе новым
Да Васіля з пытаннем падступіўся:
— Ці вам тут контра точыцца ў галовы,
Ці погляд класавы да рэшты прытупіўся?
Не зразумеў Васіль.
Тады Папсуеў
На ўсю грудзіну — узарваўся быццам —
Гукнуў сярдзіта:
— Лапці галасуюць
Твае за што?! За перажыткі ў быце?
«Ага, дык вось куды начальства хіліць...» —
Тады ўжо старшыня пачаў тлумачыць:
Яшчэ не ўсюды лапці адхадзілі,
Хоць і абутак як бы той жабрачы.
Вазьміце сенакосныя работы:
Тут суха, a ніжэй — вада плюскоча,—
Як без лапцей? Ні басанож, ні ў ботах
Ды і ў валёнках, думаю, не ўскочыш...
A ў гэтых — лыкавых ці хай сабе лазовых —
Нага, як пані важная якая:
Як дзе балота — мокра, ды не золка.
Ступіў на сушу — і вада сцякае.
Цяпер да Начы нітачку прадоўжым
(Душа, між намі, рыбкі запрасіла):
З таптухай у лапцях ідзі, бо зноў жа —
Вада не вісне на нагах грузілам.
Ці ў лес паедзеш... Спрытна і не мулка,
Ні корч, ні чорт табе ў лапцях не страшан...—
І засмяяўся: — Пры абцасе гулкім
Ямчэй у скоках. Ці на бруку вашым...
А госць маўчаў. Як бы ў душу сумненне
Наконт варожасці лапцей пранікла.
Нарэшце, мовіў — мудра, без адценняў:
— Яно, канечне... Але ўсё-ткі прыклад…
Калі ішлі палуднаваць у засень,
Дзе з-пад карча бруілася крыніца,
Дык мімаволі кожны запыняўся —
На сенажаць маўкліва падзівіцца.
— Яшчэ б такія тэмпы ды пагода
Хоць дзён пяток над Начай пагасцілі —
І сто працэнтаў вам было б як лёду,
А нам — сянцо, што ў самай добрай сіле.
Яно, як мёд, калі скасіў парою
І ў пуню звёз ці ў стог сухое скідаў,—
Казаў Васіль Папсуеву і кроіў
Скрылямі сала, што кубёлак выдаў —
З таго бруска, які нарос ля хіба
І да касьбы ашчадзіўся мужчынам,
Каб пад касой сівец не прогся дыбам,
A палягаў, як пад агнём шчаціна.
Ды бачыў старшыня: мацунак з торбы,
Ружова-белы, даставаў не кожны.
Са злой цыбуляй — ажно носам сёрбаў —
Еў хлеб Макар і ахаў пераможна.
I думаў старшыня: «Касіць — агулам,
А есці — дзе што жонка адшукала...
Сюды б цяпер баранчыка з адгулу»,—
I Макару падсунуў сала кавал.
Прытомлена жавалі, мужавалі...
А думка зноў: «Паставім на праўленні...»
...Як шчупакі, узнятыя з-пад хвалі,
Ляжалі косы, зелянелі цені.
Читать дальше