Тым часам каменне паспела.
I ўтраплена так, калі з працы
Вяртаецца бацька, бо смелых
Няма, каб за клешчы брацца.
Я змог бы, ды сілы не ўдосталь:
Заціснуць і выхапіць камень
З пякельнага жару не проста.
Таму і сяджу. І чакаю.
Праходзяць дарогай мужчыны,
А бацька звярнуў — праз выган
Прастуе да лазні...
Чын чынам
Я ўсё праясніў яму мігам.
— Ну што ж, калі разам, дык разам, —
Дашчаныя ўзяў дзве лапаткі —
Прымерыўся, каб не прамазаць,
І першую сціснуў хватку.
І нёс — гарэлі кляшчыны,
І трэскаўся суха камень,
І з бочкі вада аблачынна
Ў столь выбухала клубкамі.
Аж пот халодны ад жаху
Ў мяне выступаў на носе —
Як раптам распарыста жахне,
А клешчы ў бакі так і носіць!
Ды бацька не садзіць таропка
Той вогненны кавал у бочку,
Бо так не збярэш і клёпкі —
Усё разнясе на драбочкі!
Спачатку тройчы макае —
Хай крышку пагасне шаленства,
Затым прытрымае камень:
«Не рвіцеся, ваша каменства!..»
А той аж ламае клешчы,
Гатоў заіржаць — і галопам!
Вада віруе і плешча —
Вось-вось абручы лопнуць.
Калі ўжо буянства ачахне,
І дробнаю пойдзе дрыготкай,
І ўжо пасвятлее ў вачах мне —
Вынырваюць клешчы, як плоткі.
А камень на дне вуркоча,
Сярдзітымі б'ецца кругамі
І, каб шаравацца было чым,
Жарству расцірае нагамі.
Ну вось і вада нагрэта,
І каменка пухне ад духу,
І венік, прапахлы летам,—
Зганяй на палку галадуху!..
То вухкае, то якоча,
То просіць паддаць яшчэ раз —
Яўсей, заўсёды ахвочы
Збіць з каменкі першы інтэрас.
Каўганку падкінуць з пытаннем:
«Ну як, галава не лысее?»
Другую сустрэнуць маўчаннем:
Тут жарты благія з Яўсеем.
Калі ж пасля трэцяй меры
З грудзей яго вырвецца клёкат —
Слабейшыя пнуцца за дзверы,
А мы — на падлозе ўпокат.
І плечы гараць, і вушы,
Займае і дух, і мову.
А зверху, бы молатам, глушыць
Яўсееў венік дубовы.
Бярозавых ён не прымае:
«Не паранне з ім, а забава.
Бяроза — яна для маю
Ды хату падмесці бабам».
Згаджаўся Васіль, што мускул
Цвярдзее з дубовым лістам,
Ды ўсё ж для душы беларускай
Радней той вязанак бруісты —
Той хвалісты, з шэптам зялёным,
Што ў летняй гуллівай павазе
З пагоркаў бяроз нахілёных
Прыбег ручаінамі ў лазню.
І вось ужо грудзі і плечы
Лясною абкатвае плынню:
То ўспомніць ласкава аб нечым,
То сонцам спякотным нахлыне.
I ўсе тым дыханнем сагрэты,
Лістота шуміць гаманкая —
Каму адзвінела ўжо лета
I тым, каго вёсны гукаюць.
Зялёнага веніка смага,
Зялёнае сонца бярозы!
У цела ўліваецца брага —
П'янее самы цвярозы!
I ўжо халадзёнкаю з дзежкі
Задуху не згоніш тую:
Хто наўскач, а хто ўперабежку —
Усе да рэчкі прастуем.
Тут, праўда, мужчын не багата:
Куляюцца дзеці, як гyci,
Ды пара падлеткаў цыбатых,
Чый сорам хавацца не мусіць.
Ды з полымем за плячамі,
Хоць плаваць вучыўся ў сякеры,
Бяжыць Сілівей і адчайна
Нырае, аж ёкае бераг.
Хвала табе, чорная лазня!
Хвала табе, светлы Купала,
Што быў ты з намі не блазнам:
Гарэзваў, ды клёку хапала.
Хапала разважнасці мудрай
Нам песню ўдыхнуць у грудзі
I выправіць не лахудрай
Душу народную ў людзі.
Каб яснай была і чыстай,
Як белы кужаль абруса,
Каб днём не згасала імглістым
Яна, душа беларуса.
Вось гэтак, ці прыкладна гэтак,
Ці, скажам, у гэтым кірунку
Мой бацька з вяршыні лета
Глядзеў на быцця малюнкі.
Бо ў лазні памыўшыся, кожны
Філосафам робіцца трохі,
Хоць клопат будзённа-абложны
Ў жменьку сціскае эпохі.
І думка шкрабецца паціху
Аб тым, што вось тут, на парозе,
Казаў той, і ліха не ліха,
Як едзе ў далёкім возе.
Сваё — і журыць, і вяселіць,
I сушыць, і гоніць смагу,—
Сцяжынкамі ўзборскіх аселіц
Ідуць Васілёвы развагі.
Адсеяцца толькі што ўспелі,
А тут сенакос падступае,
I конік турбуецца ў зеллі:
«Касу адкляпаў ці тупая?»
І драч мянташкай сухою
Ўсю ноч за кустамі шаргоча,
І сталь у цяньку пад страхою
Без працы вісець больш не хоча!..
Зграбеш, устагуеш надрэчча —
І колас, глядзі, загукае.
Сярпы маладзіцам на плечы
Пасядуць маладзікамі...
Гайдаецца думак човен,
З палёў у хату вяртае —
Да кніжак вунь тых вучоных,
Што ўпрыцемку дочкі чытаюць.
Сказаў: «Пакіньце сляпіцца»,
А сам сабе моўчкі прыкмеціў:
«Ось дня не хапае быццам —
Пайшлі, брат, вучоныя дзеці...»
І хоць на чытанне з павагай
Заўсёды Васіль дзівіўся,
Ды ўсё ж мужыка-бедалагу
Ўзносіў пры гэтым увысі.
Вучонаму што: не сёння —
Даробіць праз год, праз дзесяць.
А не дачытае спрасоння,
Дык воўк не падохне ў лесе!
Ці халепа ўдарыць, ці спёка —
Ніхто з цябе не спытае:
Хлеб лёгкі ад поля далёка,
Хлеб лёгкі на крыльцах лунае.
Вунь Зіна чытала, як Пушкін
Пару падбіраў да густу:
То гразка, то мошкі ды мушкі —
I ў сэрцы, бачыце, пуста.
З настроем не ладна — і з вершам
Выходзіць штосьці не тое:
Паэт — па Расіі найпершы,—
А вось і ў яго прастоі.
З адным толькі бацька — хоць трэсні —
Не мог пагадзіцца начыста,
Што восенню бралася песня,
А не вясною квяцістай.
Ды з Пушкіна спыт асобы.
Ён Пушкін — і з ім не раўняйся.
А вось жа і іншым собіць
Сядзець на нейкім Парнасе.
Захочаш — пішы там вясною,
Не хочаш — увосень дапісвай —
І ўсё на адной аснове:
Круці галавою лысай.
A ў нас цябе так закруціць
Ды так уссядзе на плечы,
Што будзь ты хоць тройчы труцень —
Не ўлежыш на цёплай печы.
Вясной у пару не пасееш,
Дык трасцу збярэш увосень,
І стань, брат, прарокам Майсеем,
Як есці кішка запросіць!
Пакуль памудруеш ніцма,
Дык пэўна ўжо там, наверсе,
Пакоціцца сонца лісіцай —
За хвост ухапіць не мерся!
І год — не конік сівенькі,
Прывязаны да агарожы.
І часу былога хоць жменьку
Ніхто табе даць не зможа.
Не купіш вясну на базары
I ў бога не выпрасіш плачам.
Пасеяць — дык толькі зараз.
Ніяк не выходзіць іначай.
Читать дальше