Дэкарацыя другой дзеі, толькі бязладная. Надпіс: «Бюро па адбору і перакідцы ў камуністычны век». Уздоўж сцяны сядзяць Мезальянсава, Бельвядонскі, Іван Іванавіч, Кіч, Пабеданосікаў. Аптымістэнка сакратарыць на прыёме. Пабеданосікаў ходзіць нездаволены, прытрымліваючы дзвюма рукамі два партфелі.
Аптымістэнка
У чым справа, грамадзянін?
Пабеданосікаў
Не, так гэта працягвацца не можа! Я аб гэтым яшчэ буду гаварыць! Я і ў насценную газету пра гэта напішу. Абавязкова напішу!!! З бюракратызмам і пратэкцыянізмам трэба змагацца. Я патрабую прапусціць мяне без чаргі!
Аптымістэнка
Таварыш Пабеданосікаў, ды які ж можа быць бюракратызм перад праверкай і перад адборам? Нэ трэба вам яе турбаваць. Ідзіце сабе без чаргі. Вось чарга пройдзе — і шпарце проста самі па сабе і без усякай чаргі.
Пабеданосікаў
Мне трэба зараз!
Аптымістэнка
Зараз? Калі ласка, зараз! Толькі жэ ж у вас гадзіннік з іхнім гадзіннікам не ўзгоднены. У яе жэ ж, таварыш, час другі, і як яна мне скажа, вы зараз жэ ж і пойдзеце...
Пабеданосікаў
Дык жа мне ж трэба ў сувязі з перакідкай высветліць мноства спраў: і аклад, і кватэру, і іншае.
Аптымістэнка
Цьфу! Ды я жэ ж вам кажу, не совайцеся вы з дробязямі ў буйную дзяржустанову! Мы драбніцамі займацца не можам. Дзяржава буйнымі рэчамі цікавіцца: фардзізмы розныя, машыны часу, тое, сёе...
Іван Іванавіч
Вы калі-небудзь бывалі ў чарзе? Я першы раз бываю ў чарзе. Надзвычай нецікава!
Былы кабінет Пабеданосікава поўны людзей. Прыўзнятасць і баявая сумятня першых кастрычніцкіх дзён. Фасфарычная жанчына гаворыць.
Фасфарычная жанчына
Таварышы, сённяшняя сустрэча — наспех. Са многімі мы прабудзем гады. Я раскажу вам шмат яшчэ падрабязнасцей нашай радасці. Ледзь толькі дайшла вестка аб вашым доследзе, вучоныя наладзілі дзяжурства. Яны багата дапамаглі вам, улічваючы і карэкціруючы вашы непазбежныя памылкі. Мы ішлі адзін да аднаго, як дзве брыгады, што прарываюць тунель, пакуль не сустрэліся сёння. Вы самі не бачыце ўсёй грандыёзнасці вашых спраў. Нам відней: мы ведаем, што ўвайшло ў жыццё. Я са здзіўленнем аглядвала кватэркі, якія зніклі ў нас і рупліва аднаўляюцца музеямі, і я глядзела гіганты сталі і зямлі, удзячная памяць аб якіх і вопыт якіх і зараз высяцца ў нас узорам камуністычнага будаўніцтва і жыцця. Я разглядвала нябачных вам зашмальцаваных юнакоў, чые імёны гараць на плітах ануляванага золата. Толькі сёння са свайго кароткага аблёту я агледзела і зразумела магутнасць вашай волі і грымоты вашай буры, што так хутка вырасла ў шчасце наша і ў радасць усёй планеты. З якім захапленнем глядзела я сягоння ажыўшыя літары легенд аб вашай барацьбе — барацьбе супроць усяго ўзброенага свету паразітаў і прыгнятальнікаў. За вашай працай вам няма калі адысціся і палюбавацца сабой, але я рада сказаць вам аб вашай велічы.
Чудакоў
Таварыш, даруйце, я вас перапыню. Але часу застаецца нашых шэсць гадзін, і мне патрэбны вашы апошнія ўказанні. Колькі будзе адпраўлена, год прызначэння, хуткасць?
Фасфарычная жанчына
Напрамак — бязмежнасць, хуткасць — секунда — год, месца — 2030 год, колькі і хто — невядома. Вядома толькі станцыя прызначэння. Тут — каштоўнасць няясная. Будучыні мінулае — далонь. Прымуць тых, хто захаваецца ў ста гадах. Пачынайце, таварыш. Хто з вамі?
Фоскін
Я
Двойкін
Я!
Тройкін
Я!
Фасфарычная жанчына
А хто з матэматыкаў — для чарцяжоў і кіраўніцтва?
Фоскін
Мы!
Двойкін
Мы!
Тройкін
Мы!
Фасфарычная жанчына
Як? Вы і рабочыя, вы і матэматыкі?
Веласіпедкін
Вельмі проста! Мы і рабочыя, мы і вузаўцы.
Фасфарычная жанчына
Для нас проста. Я не ведала, ці просты для вас пераход ад канвеера да кіраўніцтва, ад рашпіля да арыфмометра.
Двойкін
Не такія пераходы рабілі, таварыш. Мы браняносцы рабілі, потым запальнічкі, з запальнічкамі скончылі — штыкі пачалі, штыкоў нарабілі — на трактары перайшлі, ды яшчэ ўсялякую вучобу на вуз намотвалі. I ў нас многія не верылі, але мы гэтае нявер’е ў рабочы клас ліквідавалі. Калі вы наш час вывучалі, у вас невялікая памылачка выйшла. Вы, здаецца, пра мінулы год думаеце?
Фасфарычная жанчына
Я бачу, з вашым рухома-кур’ерскім мозгам уключыцца б проста ў нашы рады і ў нашу работу.
Читать дальше