Ундэртон
Скажыце, а мне можна з вамі?
Фасфарычная жанчына
Вы адсюль?
Ундэртон
Пакуль што ніадкуль.
Фасфарычная жанчына
Як так?
Ундэртон
Скарацілі.
Фасфарычная жанчына
Што гэта азначае?
Ундэртон
Губы, кажуць, фарбавала.
Фасфарычная жанчына
Каму?
Ундэртон
Сабе.
Фасфарычная жанчына
Больш нічога не рабілі?
Ундэртон
Перастуквала. Стэнаграфавала.
Фасфарычная жанчына
Добра?
Ундэртон
Добра.
Фасфарычная жанчына
Чаму ж ніадкуль?
Ундэртон
Скарацілі.
Фасфарычная жанчына
Чаму?
Ундэртон
Губы фарбавала.
Фасфарычная жанчына
Каму?
Ундэртон
Ды сабе ж!
Фасфарычная жанчына
Дык якая ж ім справа?
Ундэртон
Скарацілі.
Фасфарычная жанчына
Чаму?
Ундэртон
Губы, кажуць, фарбавала!
Фасфарычная жанчына
Дык навошта ж вы фарбавалі?
Ундэртон
Не пафарбаваць, тады і зусім не прымуць.
Фасфарычная жанчына
Не разумею. Калі б вы яшчэ каму-небудзь іншаму, скажам, тым, хто прыходзіць па даведкі, на рабоце фарбавалі б, ну, тады маглі б сказаць — перашкаджае, просьбіты крыўдзяцца. А так...
Ундэртон
Таварыш, вы мне даруйце за губы. Што мне рабіць? У падполлі я не была, а нос у мяне ў вяснушках, мяне толькі і заўважаць, што я губамі кідаюся. Калі ў вас і без гэтага на людзей глядзяць, вы скажыце, толькі пакажыце ваша жыццё — хоць краёчкам! Вядома, там у вас усе важныя... з заслугамі, там Пабеданосікавы розныя. Я ім на вочы трапляцца не буду, але ўсё-такі пусціце... Калі не падыду, я назад вярнуся... вышлеце неадкладна. А ў дарозе я магу што-нішто парабіць, уражанні будзеце дыктаваць або справаздачу аб выдаткаванні — я настукаю.
Ночкін
А я падлічу. Я лепей у вас у МУКВ заяўлю, а то пакуль тут суды разбяруцца...
Сцяна прыёмнай.
Пабеданосікаў
Запішыце, занясіце ў пратакол! У такім выпадку я павінен заявіць, што здымаю з сябе ўсякую адказнасць, і калі ў выніку незнаёмства з папярэдняй перапіскай, а таксама няўдалага падбору асабістага складу выбухне катастрофа...
Аптымістэнка
Ну, ета вы пакіньце! Не пагражайце буйной дзяржаўнай установе, нам нервавацца і хвалявацца нэўдобна. А калі адбудзецца катастрофа, мы тады і давядзём да ведама міліцыі на прадмет складання пратакола.
Праходзіць Ночкін, хаваючыся за Ундэртон.
Пабеданосікаў( спыняючы Ночкіна і свідруючы вачамі Ундэртон )
Як? Яшчэ ва ўстанове?! Яшчэ на волі?!! Таварыш Аптымістэнка! Чаму не прыняты меры? Але, між іншым, раз вы яшчэ на волі, вы не можаце ўхіліцца ад тэрміновай работы. Трэба, згодна з маімі камандзіроўкамі, выпісаць пад’ёмныя і сутачныя, зыходзячы з нармальнага ўяўлення аб часе і сярэдняга заробку за сто гадоў, ну, і там камандзіровачныя і падсправаздачныя... У выпадку папсуцця машыны, можа, дзе-небудзь давядзецца прастаяць, на якім-небудзь глухім паўгоддзі, гадоў дваццаць, трыццаць, трэба ўсё гэта прадугледзець і прыняць пад увагу. Нельга так неарганізавана каціцца...
Ночкін
А ты арганізавана каціся кілбасой!!!
( Знікае .)
Іван Іванавіч
Кілбасой? Вы бывалі на пасяджэннях? Я бываў на пасяджэннях. Усюды бутэрброды з сырам, з вяндлінай, з кілбасой — надзвычай цікава!
Пабеданосікаў( адзін, развальваецца ў крэсле )
Ну, добра, я пакіну пост! Пры такіх адносінах я скажу, што іду ў адстаўку. Няхай потым вывучаюць мяне па ўспамінах сучаснікаў і партрэтах. Я іду, але вам жа, таварышы, горш!
Выходзіць Фасфарычная жанчына.
Аптымістэнка
Прыём скончан! Прыйдзіце заўтра, у парадку жывой чаргі.
Фасфарычная жанчына
Які прыём? Якое заўтра? Якая чарга?
Аптымістэнка( паказвае на шыльду «Без дакладу не ўваходзіць» )
Згодна з асноўнымі законамі.
Фасфарычная жанчына
А, вы гэтую недарэчнасць зняць забылі?!
Пабеданосікаў( падхопліваецца і ідзе побач з Фасфарычнай жанчынай )
Дзень добры, дзень добры, таварыш. Даруйце, што я спазніўся, але гэтыя справы... Я ўсё-такі да вас заехаў на хвілінку. Я адмаўляўся. Але ніхто і слухаць не хоча. Едзь, кажуць, старшынствуй. Ну, раз калектыў просіць — давялося згадзіцца. Аднак майце на ўвазе, таварыш, я работнік цэнтральнага значэння, няхай іншыя калгасяцца [119] Няхай іншыя калгасяцца.— Намёк на пасылку гарадскіх работнікаў на сталую працу ў вёску для арганізацыі і ўмацавання калгасаў.
. Вы гэта ўлічыце наперад і ўзгадніце. Таварыш Аптымістэнка можа даць маланкай за наш кошт. Вы, безумоўна, самі разумееце, што мне давядзецца даць пасаду адпаведна майму стажу і грамадскаму становішчу як буйнейшаму работніку ў сваёй галіне.
Читать дальше