Веласіпедкін
Гэтага мы і баімося, таварыш. Машыну мы пусцім і, вядома, пойдзем, калі ячэйка пашле. Але, будзьце ласкавыя, лепей пакуль што не бярыце нас нікуды. У нас якраз цэх наш на бесперапынку пераходзіць — вельмі важна і цікава ведаць, ці выканаем мы пяцігодку за чатыры гады.
Фасфарычная жанчына
Абяцаю адно. Затрымаемся на станцыі 1934 год для атрымання даведак. Але калі такіх, як вы, многа, дык і даведак не трэба.
Чудакоў
Хадзем, таварышы!
Сцяна канцылярыі. Прабягаюць Чудакоў, Веласіпедкін, Двойкін, Тройкін, Фоскін, на хаду звяраючы планы. Пабеданосікаў дробненька тупае за Чудаковым. Чудакоў адмахваецца.
Пабеданосікаў ( узрушана размахвае рукамі )
Падумаеш, нейкі Чудакоў карыстаецца тым, што вынайшаў нейкі апарацічак часу і пазнаёміўся з гэтай бабай, адказ-жанчынай, раней. Я яшчэ не ўпэўнены наогул, што тут не проста бытавое разлажэнне і наогул сувязі фрыдляндскага парадку [117] Сувязі фрыдляндскага парадку.— Намёк на нашумеўшую ў тыя гады кнігу Л. Фрыдлянда «За зачыненымі дзвярыма. Запіскі ўрача-венеролага» (выйшла ў 1927 годзе).
. Пол і характар! Так! Так! ( Да Аптымістэнкі .) Падначалены таварыш Аптымістэнка, вы ж павінны зразумець, што пытанне тычыцца найважнейшай рэчы — аб паездцы маёй, адказнага работніка, на чале цэлай установы ў стогадовую службовую камандзіроўку.
Аптымістэнка
Ды не ўзгоднена ваша падарожжа!
Пабеданосікаў
Гэта як жа не ўзгоднена? Я ўжо з раніцы сабе і ліцеры, і мандаты выпісаў.
Аптымістэнка
Ну, бачыце, а з НКШЗ не ўвязана.
Пабеданосікаў
Пры чым жа тут НКШЗ? Гэта ж галавацяпства! Гэта ж не цягнік. Тут у адну секунду сорак чалавек альбо восем коней [118] Сорак чалавек альбо восем коней...— Такі надпіс на таварных чыгуначных вагонах указваў на ўмяшчальнасць вагона.
імчаць наперад на цэлы год.
Аптымістэнка
Адмовіць! Нежыццёва! Хто жэ ж згодзіцца ездзіць у камандзіроўку, калі яму за сто год сутачныя трэба, а яму секундачныя выпісваць будуць?
Кабінет Пабеданосікава .
Фасфарычная жанчына
Таварышы...
Поля
Прашу слова! Даруйце за назойлівасць, я без усякай надзеі, якая можа быць надзея! Смехата! Я проста прашу даведкі, што такое сацыялізм. Мне пра сацыялізм таварыш Пабеданосікаў багата расказваў, але ўсё гэта неяк не смешна.
Фасфарычная жанчына
Вам нядоўга асталося чакаць. Вы паедзеце разам з мужам, з дзецьмі.
Поля
З дзецьмі? Смехата, у мяне няма дзяцей. Муж гаворыць, што ў наш баявы час лепш не звязвацца з такім несвядомым ці то элементам, ці то аліментам...
Фасфарычная жанчына
Добра. Вас не звязваюць дзеці, але ж вас звязвае многае іншае, калі вы жывяце з мужам.
Поля
Жыву? Пацеха! Я не жыву з мужам. Ён жыве з іншымі, роўнымі яму розумам, развіццём. Не смешна!
Фасфарычная жанчына
Чаму ж вы называеце яго мужам?
Поля
Каб усе бачылі, што ён супроць распушчанасці. Смехата!
Фасфарычная жанчына
Разумею. Значыцца, ён проста клапоціцца пра вас, каб у вас усё было?
Поля
Так... ён клапоціцца, каб у мяне нічога не было. Ён кажа, што абрастанне мяне новым плаццем кампраметуе яго ў вачах таварышаў. Смехата!
Фасфарычная жанчына
Не смешна!
Сцяна канцылярыі. Праходзіць Поля.
Пабеданосікаў
Поля? Ты як тут? Даносіла? Скардзілася?
Поля
Скардзілася? Смехата!
Пабеданосікаў
Ты ёй, галоўнае, расказала, як мы ішлі разам, плячо ў плячо, насустрач сонцу камунізма? Як мы змагаліся са старым бытам? Жанчыны любяць сентыментальнасць. Ёй гэта спадабалася? Так?
Поля
Разам? Смехата!
Пабеданосікаў
Ты глядзі, Поля! Ты не павінна запляміць майго гонару як члена партыі з выдатным стажам. Ты павінна памятаць пра партыйную этыку і не выносіць смецця з хаты. Дарэчы, ты пайшла б у хату, прабач, у кватэрку, і прыбрала б, вынесла смецце і сабрала б рэчы. Я еду. Я супроць сумяшчальніцтва і пакуль што еду адзін, а цябе выпішу, калі наогул буду выпісваць сваякоў. Ідзі дамоў, Поля, а то...
Поля
Што «а то»? Не смешна.
Кабінет Пабеданосікава.
Фасфарычная жанчына
Выбар на вашу ўстанову выпаў выпадкова, як і вынаходкі здаюцца выпадковымі. Бадай што, лепшыя ўзоры людзей у той установе, у якой працуюць Тройкіны і Двойкіны. Але ў вас на кожнай пядзі будоўля, добрыя экземпляры людзей можна вывезці і адсюль.
Читать дальше