Як у пні клін — так свабодна,
Як дамоўкі — так выгодна.
Ад граніцы да граніцы
Страж мая тут — паляўніца.
Дум згасіце ўсе праявы:
Цемра тут закон і права!
Таварыш 3-га відма
Кабета
Ад усходу да ночы
Так йшла ў постаці звінна —
Смоллю пот лез у вочы,
Хоць круці — кашуліна.
А тут платы замного
Кажуць, хоць гэтак мала…
Наце! Што ж? ваша змога,
Наша дзе ні прапала.
3-е відма (з насмешкай)
Вось табе падмога ў працы
Па скарб лезці у палацы,
Дабівацца ў валадарства
Цёмна-ночнага мацарства.
Сядзьце квола, асцярожна;
Гляньце там, тут, а трывожна, —
Як пыліны — так забыты,
Як атопкі — так прыбіту.
Ажані тапор з няславай —
Цемра тут закон і права!
Таварыш 4-га відма
Аднарукі
Як папраўдзе судзіці —
Мне належала б плата.
А тут кажуць плаціці
За якуюсь там страту.
Руку рвучы, машына
Сапсавалася, праўда,
Але ў чым жа я вінны,
Калі вінна прылада.
4-е відма
Ўсё да дружбы, ўсё да большай
Тваім думам збор вясёльшы.
Сядзьце роўна, жалязіста,
Мазаліста і крывіста;
Як дым гутні — так цягуча,
Як час векаў — так жывуча,
Як авечкі — гэтак дружна,
Як падмуркі — так натужна, —
Скарб не будзе тваёй стравай:
Цемра тут закон і права!
Таварыш 5-га відма
Так усё аплуцілі —
Не найсці ў свеце света,
І ўдабавак пусцілі
На пакусу звод гэты.
Ўзялі ўсё — дам апошкі:
Капля, кажуць, жалее;
Мо хоць трошкі, хоць трошкі
На душы прасвятлее.
5-е відма
Ўжо з пацехай ды вясёлай
К табе йду, мой ты дзябёлы.
Сядзьце шумна, як расохі,
Дурнап'ян, чартапалохі;
Як звон пляшак — неўгамонна,
Як сама кроў — так чырвона,
Як пагібель — так шчасліва,
Затуманьце ўсе парывы,
Каб не зводзіў скарб ласкавы…
Цемра тут закон і права!
Таварыш 6-га відма
Так аплуціў, ачмуціў,
Як чарвяк лісток вішні,
Хоць і знаю, што круціць,
Хоць і знаю, што лішне,
Мушу даць, хоць не штукі:
Змёў з тачка і паскрэбы;
Кажуць, лепшай прынукі
Не найсці — як патрэба.
6-е відма
На, і доўга не таргуйся,
І па скарб да нас не сунься.
Сядзьце ціха, сядзьце скрыняй,
Як бы мухі ў павуціне.
Як кароўка — гэтак дойна,
Як свая цень — так спакойна;
Гібка так — як валаконцы,
Так працэнтна — як чырвонцы, —
І па скарб не лезь аблавай:
Цемра тут закон і права!
Таварышы 7-га відма ( Двое — старая кабета і падростак.)
Кабета
Каб хаця ужо свечак
Як найболей разнеціў,
Каб аж мой чалавечак
На тым цешыўся свеце…
На імшу на «задушкі»…
За жывёлку таксама…
Падростак
За памершыя душкі
Майго таты і мамы.
7-е відма.
Для навукі, для прымеру,
Як паступкам знаці меру…
Сядзьце складна і прыкладна,
Непакратна і няздрадна;
Як фігуркі выразаны,
Як бібулы маляваны,
Як грыбы ў спляснелай глебе:
Вочы к небу, губы к небу!
Ўсе жыцця здушыце з'явы…
Цемра тут закон і права!
Чорны (стукаючы абломкам цэглы па саганку з грашыма)
Ўправа, ўлева, ўлева, ўправа
Аплятаці шчыльна, жвава
Абручамі ў знак, не ў знакі,
Як гадзюкі, як вужакі.
Відмы зноў сплятаюцца між сабой за рукі, ачэпліваючы і кружачыся навокал Сама і пасаджаных пры ім звязаных таварышаў. Глуха-шмяліна гудзяць — не то пяюць; Чорны ў такт ім бразгае абломкам па саганку; скрыпяць дошкі; шалясцяць зараслі; вецер свішча ў шчылінах. Усё гэта зліваецца ў адну нейкую пякельна-шалёную мелодыю: нема толькі сядзіць Сам і яго таварышы на друзах замчышча.
Відмы (у адзін голас)
Як гадзюкі, як вужакі,
Абручамі ў знак, не ў знакі
Аплятаці шчыльна, жвава
Ўправа, ўлева, ўлева, ўправа!
Раптам асвечвае ўсё замчышча пажарны бляск. Момант відмы астанаўліваюцца і дзіка, злавесна глядзяць: вочы іх крывёю наліты, зверскія, прагавітыя.
Читать дальше