То у хлеўчык матанецца,
То ля пуні апынецца…
Ні прыстання, ні куточка…
Што за ночка! што за ночка!!
2-я кабета (з дзіцянём у калысцы)
Чуць паспела, чуць з душою
Гэта выхваціць малое;
Засталася ступа, дзежка,
I пасудак, і адзежка.
Мой паехаў з кума братам —
Папрасіў — паехаў сватам,—
I не бачыў, і не ведаў,
Як гарэла ўсё да следу,
Мо б што больш уратавалі…
Так, саўсім, саўсім прапалі…
3-я кабета (цягнучы на руках ягнё)
…Цягнем з хаты мы ламоцце,
Зірк на хлеўчык — страху коце.
Я у хлеўчык — гнаць кароўку:
Як прывязана вяроўкай —
Ані з месца… тут авечка
3 хлева ў полымя, як печку,—
Я ягнятка хваць за воўну,
А тут дыму ужо поўна…
Чуць у дзверы, чуць папала,
А ўжо хатка дагарала.
Яўрэй (з багамоллем і ліхтарамі; за ім жонка яго і чацвёра дзяцей)
I стадола, і камора
Так яшчэ стаялі ўчора,
А сягоння, як у яму,
Паваліліся і з крамай.
Знаеш, чуў я, у Агаты
Дзіцянё згарэла з хатай.
Яўрэйка (з падушкай і халаю)
Мне казалі на прыгумні:
Чалавек звуглеў у пуні.
Дзіцянё 1-е (з бляшаным пудэлкам цукерак)
Дзіцянё 2-е (са скруткам паркалю)
Будзе ж крама зноў такая?..
Дзіцянё 3-е (са скрынкай з цвікамі)
Дзіцянё 4-е (з кульком мукі)
(Ідуць далей.)
Чуваць званкі, пасля ціхнуць; выходзіць з левага боку вясельная дружына; маладая ў вянку, малады з кветкай на грудзях, сват перапасаны праз плячо белым ручніком, музыка са скрыпкай, закоснік, маршалак і дзве дзяўчыны-дружкі.
Маладая (асоўваецца бяссільна пад грушу, закрываючы рукамі заплаканыя вочы)
Што тут стала? што тут стала?
Ўсё ў дыму, усё прапала!
Дзе ж мы сонейка сустрэцім?
Галавы прыкрыці нечым.
Малады (садзіцца ля маладой, абнімаючы, прытульвае к сабе і супакойвае)
Ціха, міленькая, ціха.
Як прыйшло, так пойдзе ліха;
Пагаруем, пабядуем…
Дасць Бог — хату адбудуем…
(Горка ўсміхаючыся.)
I вяселле дагуляем…
Мачыха маладой (выбягае, задыхаўшыся, з боку пажару)
Ах, ах! чым вас прывітаем?..
Чула, чула, галубочкі,
Вашы звонкія званочкі!..
Так усе мы вас чакалі:
Каравай прыгатавалі,—
А які ж, ах, быў удачны!
Каб вы зналі — які смачны!
Сват (п'янаваты, панура)
Відно, смачны, бо смалілі,
Што аж хаты ў дым пусцілі.
Маршалак
Знаць, згуляці захацелі
Без шлюбоўнікаў вяселле.
Музыка
Але толькі без музыкі —
Пад пажарныя скавыкі.
Войчым маладога (выходзіць з боку пажару з пустымі, як і мачыха, рукамі)
Ну, прыехалі нарэшце!
Вось чым сэрцайка пацешце,
Малады і маладзіца.
Мачыха
Мы ў суседавай святліцы
Вас ад шлюбу выглядаем;
Гаманім сабе, чакаем…
Войчым
Як вам ведама — дзе мелі
Адгуляць ваша вяселле.
Закоснік
Ў вашых можна б скруціць ногі
Ні разгону, ні падлогі.
Мачыха
А тут раптам у ваконцы
Віднюсенька, як бы ў сонцы!
Войчым
Тут у лямант бабы, дзеці.
Мачыха
К сваім хатам мы ляцеці…
Ўратаваці не прыйшлося.
Войчым
Найперш з нашых занялося.
Мачыха
Як жа собіла ў час гэткі
Замарудзіць так вам, дзеткі?..
Сват (заметна манячы)
Мост зламаўся, ну, праждалі,
Покі броду адшукалі.
Войчым (панура)
Знаем вашыя мы броды:
Гэта так у нас заўсёды.
Соцкі (выбягае з парожнім вядром)
А вы што тут сталі ў кучы
Ды, як мокрыя анучы,
Не парушыцеся з месца?
То ж не жарты вам, здаецца…
Читать дальше