4-е відма
Скуль ты ўзяўся? Чаго хочаш?
Кім пасланы, кім пазваны?
Што з сякерай тут ламочаш —
Па скарб лезеш захаваны.
Псуці хочаш нам машыны
Нашай фабрыкі цямрычнай…
Вон адгэтуль! вон, скаціна,
З сваёй думкай неабычнай!
Вон адгэтуль! Тут крануці
Я нічога не дазволю:
Я ганю цябе акуццем
Гэтай хорамнай будоўлі.
Хто псуць фабрыку спрабуе,
Я здаўлю таго прынукай:
Абручом такім спаўю я,
Як вужакай, як гадзюкай.
5-е відма
Ці ты блёкату напіўся,
І залішне перамераў? —
Аж пад мур наш заваліўся
З сваёй востраю сякерай.
Не, не трапіў на пару ты,
Не туды прывёў бог шкляны…
Напаю цябе атрутай,
Аж патомак будзе п'яны.
Вон адгэтуль, покі цэлы!
Я ганю цябе законна:
Шкляным звонам, капляй белай, —
Царства нашага аслонай.
Хто звадзіць шынк наш спрабуе,
Я здаўлю таго прынукай:
Абручом такім спаўю я,
Як вужакай, як гадзюкай.
6-е відма
Ну, чаго сюды прыпоўз ты?
Ці табе не здаў хто рэшты?
Чаго лезеш горш каросты
І гішэфты мне псуеш ты?
Тут не гандаль, тут не крама:
Няма дзёгцю, няма солі…
Вон! Засядзь клапом пад трамай,
Шукай скарбу ў сваёй столі.
Вон адгэтуль! вон са скурай!
Я ганю цябе свячніцай:
Вечнай плесняй гэтых мураў,
Неспажытаю цямрыцай.
Хто гішэфты нам папсуе,
Я здаўлю таго прынукай:
Абручом такім спаўю я,
Як вужакай, як гадзюкай.
7-е відма
Дужа, дужа так нягодна;
Праў свянцоных не шануеш;
Гэтай подласцю выроднай
Сабе пекла прыгатуеш.
Скуль ты маеш дазваленне
Скарбам гэтым карыстаці?
Прэч адгэтуль безадменна!
Ціха сядзь у сваёй хаце.
Прэч ад нашага ўладарства!
Я ганю цябе павагай
Найвышэйшай земных царстваў!
Здрадай к свету, к цемры смагай.
Хто наш голас не ўшануе,
Я здаўлю таго прынукай:
Абручом такім спаўю я,
Як вужакай, як гадзюкай.
Чорны (звонячы ўсё золатам)
Ўправа, ўлева, ўлева, ўправа
Аплятаці шчыльна, жвава
Абручамі ў знак, не ў знакі,
Як гадзюкі, як вужакі!
Відмы (сплятаюцца за рукі і, як ланцугом, ачэпліваюць і кружацца навокал Сама)
Як гадзюкі, як вужакі,
Абручамі ў знак, не ў знакі
Аплятаці шчыльна, жвава
Ўправа, ўлева, ўлева, ўправа!
Чорны (падымае і стукае аб саганок абломкамі муру)
Гэй, на вырай, гэй, на жніва!
Толькі спрытна, толькі жыва.
Ўлева, ўправа, ўправа, ўлева —
Па наспелыя пасевы!
Відмы (расплятаючыся і збягаючы з ганка — кожнае ў сваю старану)
Па наспелыя пасевы —
Ўлева, ўправа, ўправа, ўлева!
Толькі спрытна, толькі жыва,
Гэй, на вырай, гэй, на жніва!
Сам (папраўляе ямчэй у руках тапор)
Што за дзіва, што за сіла
Так свістала, скавытала,
Штось круціла, штось муціла,
Як вяроўкай, аплятала.
Відмы па хвілі варочаюцца ў тым самым парадку, але кожны валачэ з сабою — зачапіўшы пятлю за шыю — таварыша, які, астанаўліваючыся каля Чорнага, кідае яму ў саганок колькі медзякоў; пасля відма садзіць свайго таварыша на кругу каля Сама, канцом вяроўкі завязваючы рукі.
Таварыш 1-га відма (кідаючы грошы)
Дзед і прадзед пахалі
Поле роднае тое,
А цяпер мне сказалі,
Што яно ўжо чужое.
З роднай выгналі хаткі,
Як бы ім што я шкодзіў…
Эх, нясу ўжо астаткі,
Бо за праўду мне ходзе.
1-е відма (садзячы таварыша да Сама)
Вось таварыш для хаўруса,
Каб не брала больш пакуса…
Сядзьце ціха, сядзьце мірна,
Як мак з макам — так абшырна,
Як дамоўкі — так глыбока,
Як злом камня — так высока.
Сэрца шэптаў адчурайся,
З тапаром сваім сквітайся.
Як ні глянь сюды цікава —
Цемра тут закон і права.
Таварыш 2-га відма
Як жа, як я стараўся
Сабраць гэтых шалегаў, —
І ў калоды цягаўся,
І падзённа ў двор бегаў…
Сцьжа ціснецца к хаце,
Жыта ўжо ані жменькі, —
А тут кажуць аддаці
За шнурок свой вузенькі.
2-е відма
На, і ўчыцеся ахвоты
Шанаваць закляцця сплёты.
Сядзьце роўна і пакорна:
Як калоды — так праворна,
Читать дальше