Ах, як тут выгодна! —
Узгор, як пакой —
Мох, лісце, чарнобыль, —
Лес над галавой.
Ах, ах, як жа слаўна
Тут можна заснуць!
(Прыслухоўваецца.)
А ўсё нейкі шорах
Як чуць, так і чуць…
Ох, муцяцца думкі,
Павекі — як звон!..
Хацінка… сямейка…
Ах, сон, ты мой сон!..
(Засыпае.
Русалкі выходзяць з укрыцця.)
1-я русалка (нагінаецца і ўглядаецца на Сама)
2-я русалка (як і першая)
3-я русалка (таксама)
І чаго ж, і нашто
Заблудзіў аж сюды?
1-я русалка
Як ён люба злажыў
Ручкі пад галаву!
2-я русалка
Як снапок, гэтак лёг
Тут на мох, на траву!
3-я русалка
Сам сябе усяго
У клубочак сагнуў;
Як адпаўшы лісток,
Як нябожчык, заснуў.
Усе тры (разам)
Ха-ха-ха! як лісток,
Як нябожчык, заснуў!
2-я русалка
Цяпер сядзем пры ім,
Як тры кветкі ў акне;
Ціха так, каб не знаў, —
Ні на яве, ні ў сне.
1-я русалка
І навеем яму,
Пакуль сонца зірне,
Казку долі яго.
2-я і 3-я русалкі (разам)
1-я русалка
Усе тры (разам)
Гу-ля-ля, гу-та-та!
Пакуль сонца зірне,
Загадаем яму
Сніці на кургане.
Садзяцца: дзве — наабапал — у галаве, адна — у нагах. Ціха, жаласліва пяюць; шум лесу зліваецца з іх песняй.
Спі, наш міленькі саколік,
Госць наш не званы, не сланы!
Дням пагубляў ты даўно лік
Долі сваёй неспыняны.
Мы над табою, мы — цені,
Поля і лесу начніцы, —
Казкай павеўнай асенім
Думкі твае злыбядніцы.
Гу-та-та, гу-ля-ля!
Думкі твае злыбядніцы.
Спі, наш міленькі… Нікому
Гэткага сну не ссылалі:
Будзеш ту дома, за домам,
Будзеш ты бліжай і далей;
Сокалам вольным па свеце
Будуць павевы насіці;
Вогнікі ўгледзіш на цвеце, —
Будуць табе іх гасіці.
Гу-та-та, гу-ля-ля!
Будуць табе іх гасіці…
Спі, наш міленькі… Далёка
Неба глухога світанне;
Будзе нялёгка, нялёгка,
Покі дзень новы настане.
Мы цябе тутка атулім
Ласкай сваёю і песняй,
Песняю — лю-лі, ой, лю-лі!
Гэтак панадна, уцешна.
Гу-та-та, гу-ля-ля!
Гэтак панадна, уцешна…
Спі, наш міленькі!.. Вы, сосны,
Елкі, дубы і асіны,
Кіньце шумеці жалосна,
Пейце вясёлай часінай.
Выгляні, месяц бяляны,
Светач ад веку да веку;
Сведкаю будзь неабманнай
Гэтагу сну чалавека.
Гу-та-та, гу-ля-ля!
Сведкаю будзь неабманнай
Гэтагу сну чалавека.
Пад канец песні падбліжаецца з аднаго боку воўк, а з другога — ліс і аподаль на задніх лапах садзяцца; паміж іх падымаецца да палавіны гадзіна і глядзіць у бок спячага; з-пад лазовага куста высоўваецца заяц і разглядаецца. З апошнімі словамі русалчынай песні паволі апускаецца заслона.
Ноч. Старое замчышча ці так сабе палац — калісь, знаць, важны — сягоння напаўразвалены. На гзымсах паўзрасталі палын і крапіва; каля сцен дзікія ружы і акацыі памяшаліся з лазой і непрыветліва шалясцяць. Вокны і дзверы ўсе наглуха забіты тоўстымі яловымі дошкамі. Ганак (дзе і рэч адбываецца) каменны, на шасці слупах — па тры з кожнага боку. Пусткай, гніллём і зніштажэннем вее з усяго замчышча.
Сам (падцікаецца к парадным дзвярам з тапаром у руках)
Колькі ўжо ночак, ах, колькі ўжо раз
Стукаўся ў гэтыя сцены, —
Вечна заходзіла штосці не ў час
Мне на дарозе нязменна.
Дзед мой нябожчык, калі уміраў,
Так гаварыў мне і тату:
Скарбы у лёхах замчышча схаваў
Хтось адзін вельмі багаты.
Трапіць жа можна ў ноч тую на след,
Як з іх спадае закляцце;
Толькі пары той не ведаў і дзед —
Трэба яе адгадаці:
Летам, увосень, зімою, вясной
Гэтыя пробую дзверы;
Штось адпіхае, штось кідае мной,
З рук выбівае сякеру.
(Закладае лёза тапара за дошку і мацуе.)
Чорны (паяўляецца ля сцяны незаметна і хапаецца за сякеру)
Читать дальше