Ах, як смешна было!
Як смяялася я!
Гу-ля-ля, гу-та-та!
Гу-та-та, гу-ля-ля!
Усе тры (разам)
Ах, як смешна было!
Ну, яна, ну, сям'я!
Гу-ля-ля, гу-та-та!
Гу-та-та, гу-ля-ля!
2-я русалка (адчэпліваецца і садзіцца пад дзеравам)
Ўжо нядаўна было;
Пільнавала ў аўсе
Так я грушу адну, —
Бач, хлапца к ёй нясе.
Абарваны такі,
Адно зрэб'е на ім;
Босы быў і усім
Тросся целам худым.
Як да йгрушы дабег,
А ўжо быў на ёй плод,
Зірнуў, плюнуў ў руку, —
І на йгрушу, як кот.
Як да верху далез,
Давай дзіч тую рваць
І за пазуху ўсё
Напіхаці, хаваць.
А я тут галінкой
Па камлі грушы хлоп!
Ды вось як: сучком трэсь —
(Паказвае.)
Зляцеў хлопец, як сноп.
Летучы, зачапіў
Кашулёнаю сук,
І з-за пазухі ўсе
Грушы кучай стук-стук!
Не збіраў, паляцеў —
Уцякаў, як быў дуж.
А я ў хохат, у смех
І з хлапца, і з ігруш.
Ах, як смешна было!
Як смяялася я!
Гу-ля-ля, гу-та-та!
Гу-та-та, гу-ля-ля!
Усе тры (разам)
Ах, як смешна было!
Ну, яна, ну, сям'я!
Гу-ля-ля, гу-та-та!
Гу-та-та, гу-ля-ля!
3-я русалка (адчэпліваецца і снуе па кургане)
Ах, і здарыўся мне
Такжа сёлета смех.
Пільнавала лажка,
дзе быў блізка начлег.
Траўка ладна ужо
Ад зямлі адышла
І панаднай была
Для каня, для вала.
Меў на воку яе,
Як хто толькі зірнуў;
Аж смяльчак раз адзін
Так яе не мінуў.
Ночкай цёмна было,
Як на дне у вадзе;
Хмары месяц звялі,
Зоркі такжа нідзе.
Я ў травіцы сяджу,
Бачу: нейкі бядак
На худзенькім кані
Падцікаецца так.
Сядзіць конна, а ўвесь,
Як асіна, дрыжыць;
Падабраўся к лажку,
Як сава, ўкруг глядзіць.
Конь пыпаў да травы
І са смакам скубе;
Вельмі голадзен быў —
А я шась так сабе!
А конь скок! ды наўцёк
Ува ўсе капыты.
А яздок аб зямлю…
Ўстаў, паплёўся ў кусты.
Адну толькі нагу,
Як калеку, валок,
А я ў хохат, у смех…
Такі смешны быў скок.
Усе тры (разам)
Ах, як смешна было!
Ну, яна, ну, сям'я!
Гу-ля-ля, гу-та-та!
Гу-та-та, гу-ля-ля!
1-я русалка
Але ж дзе, але дзе
Гэты наш маладзён?
2-я русалка
Мы тут пелі сабе,
А на сцежку ўзбрыў ён.
3-я русалка
Не яму пуціну
Ў гэтай пушчы знайсці.
Усе тры (разам)
Пушча наша для нас —
Яе нашы пуці.
2-я русалка
А каб пэўна было,
Пашукаць трэба нам.
Усе тры (разам)
Пашукаць, паглядзець
Там і тут, тут і там!
(Разбягаюцца.)
1-я русалка (па хвілі варочаецца)
Ха-ха-ха! блудзе ўсё, —
разглядае кусткі;
З рук і ног кроў цячэ,
Сумны, бледны такі.
3-я русалка (выбягаючы)
Ха-ха-ха! блудзе ўсё.
то аб пень, то аб лом.
І на неба глядзіць,
Як бы там яго дом.
2-я русалка (выбягае)
Ха-ха-ха! блудзе ўсё,
З сучкоў знакі кладзе,
Каб другі раз не йсці,
Перайшоў ужо дзе.
Усе тры (разам)
Прыйдзе, прыйдзе сюды,
Хоць бы млеў, хоць бы чэз,
І засне, ах, засне,
Як бы ноч, як бы лес.
1-я русалка
2-я русалка
3-я русалка
Усе тры (разам)
А цяпер хто куды!
Песні ў ход! Чары ў ход!
Разбягаюцца, толькі зблізу чуваць з трох бакоў іхны смех і «гу-ля-ля, гу-та-та».
Сам (змучыўся, чуць ідзе)
Ўжо змогся саўсім я,
Змагла мяне цьма,
А сцежкі-пуцінкі
Няма як няма!
Спаткаў і ваўка ўжо —
Зуб ляскаў аб зуб;
Сава праляцела
І села на дуб.
З-за пня выбег заяц
І ў гушчу пабег, —
А гэткі быў белы,
Як вапна, як снег.
Лізнула гадзюка
Хвастом каля ног,
Пабегла і недзе
Схавалася ў мох.
Ах, болей хадзіць, так
Блудзіць не магу!..
І сон не астаўся
Сабой у даўгу.
Пара адпачыці,
дыхнуці пара,
Хутчэй мо на небе
Узойдзе зара.
Читать дальше