(Садзіцца пасярод ганка — бокам к дзвярам — на кучы друзу і крэйдай абводзіць каля сябе круг.)
Вось мо цяпер і спазнаю усё,
Як знайсці к скарбу дарогу;
Ў поўнач тут, кажуць, сваё йдзе жыццё,
Толькі б не знацца трывогай.
Трэба хоць песню злагка зацягнуць, —
З песняй смялей, кажуць людзі;
Мыслі благія далей адлятуць,
Шорах так страшан не будзе.
Атуманіла ночанька цёмная
Нашы нівы і нашы сялібы
І ўсім песню пяе непрытомную,
Ў запацеўшыя звонячы шыбы.
Ва ўсе сцежкі блізкія, далёкія
Неспажыты ўплутаўся хвораст,
Сцяг-прысады стаяць адзінокія,
Агняцветны не выгляне пораст.
Не заходзіць, ідучы прысадамі,
Падарожны з далёкага краю;
З добрай весткай, з ласкавымі радамі,
Аб жыцці-нежыцці не спытае.
Не заходзіць ніхто к нам са светачам,
Як пажар, як агністае сонца,
Неразвейнага, вечнага свету чым
Аслабеўшай уліў бы старонцы.
Ходзім, блудзім, снуем без прыстанішча,
Адпраўляем старыя малітвы
На забытым самымі курганішчы,
Дзе спяць сведкі нявыйграных бітваў.
Адно ветрам асіны хістаюцца,
Дзе сном слава заснула нязваным,
Ды круччо на пажыву злятаюцца
Судзіць суд над жыццём закаваным.
Гэй ты, гэй! наша ночанька цёмная,
Завагніся ты сонца пажарам,
Распалі нашу долю заломную,
Не пракляццем, а божым будзь дарам!
Нейкую кашу, бадай, не з дабром
Ліха ўжо, знаць, заварыла;
Свіст, бразгатня, тупаніна кругом.
Што за нячыстая сіла?!
Проста рабінава ночка прыйшла!
Жудасць — дзе вока не кіне…
Пацеры спробую, можа, імгла
Гэта шыпучая згіне.
Шэпча пацеры. Чорны свішча; з'яўляецца чалавек у лёкайскім уборы і, падаўшы жалезны саганок, знікае. Чорны запускае ў сярэдзіну саганка руку і, падымаючы адтуль жменю золата, падтрасае яго на далоні; грошы са звонам — як путаў жалезных — валяцца зноў у гаршочак; Чорны зноў іх адтуль бярэ і так усё перасыпае. Сярод ночнай цемры золата блішчыць чырванасмольным жудкім полымем і, як сыпецца, выдае, быццам плыве нейкая крывавая поліўка.
Чорны
Дзын-дзын-дзын, звіні, як жалеза,
Золата, звонка-званіста;
Звіні па жалезных нарэзах,
Дзын-дзын-дзын, звіні ў звон ірдзіста.
Звініце ў звон золата, лозы;
Сыкайце, гадзіны, з гнёздаў;
Звініце ў звон золата, слёзы;
Бліск свой гасіце вы, звёзды.
Вецер усільваецца. Словы Чорнага зліваюцца ў нейкую дзікую музыку з бразганнем грошай, шэлестам зараслей і скрыпам дошак забітых вакон і дзвярэй замчышча. З'яўляюцца — то з адной, то з другой стараны ганка — відмы; Чорны кідае кожнаму з іх па колькі чырвонцаў на зямлю, — касцятрупы хціва іх падбіраюць, падыходзяць к саму і цянююць навокал яго — то падбліжаючыся, то аддаляючыся ад абведзенага мелам круга.
1-е відма
Зноў ты, зноў — ты непакоіш
Наша царства-уладарства;
Зноў ламаці — думкі роіш —
Праўды нашай гаспадарства.
Вон адгэтуль, вон з парога!
Скарб пад нашымі замкамі.
Вон, якой прыйшоў дарогай:
Скарб пільнуе цемра з намі.
Хто закон наш не ўшануе,
Я здаўлю таго прынукай:
Абручом такім спаўю я,
Як вужакай, як гадзюкай.
2-е відма
Што тут робіш? Хто асмеліў
Падысці пад хорам гэты?
За праступ такі на дзеле
даць адказ свой мусіш мне ты.
Не на смешкі, не на жарты
Мы вартуем гэтых зломаў.
Скарб пад нашай схован вартай —
Не дадзім чапнуць нікому.
Вон адгэтуль назаўсёды!
І не важся ступіць кроку:
Ўсе выходы і уходы
Наша мае страж на воку.
А хто варты не ўшануе,
Я здаўлю таго прынукай:
Абручом такім спаўю я,
Як вужакай, як гадзюкай.
3-е відма
Зноў на скарб наш вочы лупіш,
Зноў прыбрыў з сваёй пустошы…
Здохнеш преш, чым к яму ступіш,
Тут не банк, мой ты харошы.
Сотні лет і сотні плечаў
З сотні ніў яго тут клалі,
А ты, відма чалавеча,
К яму зубы так аскаліў.
Вон адгэтуль! Маё дзела
Ў тым, каб скарбу не пакратаў.
Я ганю цябе, калелы,
Гэтым хорамам заклятым.
Хто граніц мне не ўшануе,
Я здаўлю таго прынукай:
Абручом такім спаўю я,
Як вужакай, як гадзюкай.
Читать дальше