Срэдні брат быў упалудні
Каля хаткі, каля студні:
З вязкай сьвежай канюшыны
З поля, з працы йшла Галіна.
Йшла, ішла, яго мінула,
Абярнулася й зірнула…
Хлопец стаў. З чароўнай сілай
Сэрца шчырае забіла.
Штосьці сэрца просіць, хоча,
Й, на дзяўчыну ўзьвёўшы вочы,
Ён назад каня вяртае,
Бо знайшоў, чаго шукае:
Сватам вернецца да Галі
Ў якой косы — жыта хвалі…
Меншы брат быў на заходзе
Каля хаткі пры гародзе.
З сенажаці, з лугавіны
Гнала ужо кароў дзяўчына;
Йшла, ішла, яго сустрэла
I пагляд спаткала сьмела.
Меншы брат уздрыгануўся,
Да дзяўчыны ўвесь рвануўся.
Мары, сны адбілісь сэрца
На твары, як у люстэрцы:
Ўвесь ня свой — назад вяртае,
Бо ўжо сон — на яве мае:
Сватам верне да Галінкі,
Ў якой вочы, як пэрлінкі.
*
На дзядзінец узьяжджаюць
Тры браты, бацькоў вітаюць,
Просяць іх багаслаўляці,
На вясельле людцаў зваці.
Тры банкеты, тры вясельлі
Справіць бацька да нядзелі,
Тры красуні, тры дзяўчыны
Ўвойдуць заўтра да радзіны.
Яшчэ сонца ня вітае
З-за кароны цёмнай гаю,
Яшчэ ў лесе, у гушчары
Туману клубяцца хмары,
А ўжо перад старшым братам
Ясны сокал ляціць сватам,
Ляціць сватам да Галіны,
Ў якой губкі, як каліны.
Яшчэ сонца ня відаці
Над мурогам сенажаці,
Яшчэ кропелькі расіцы
Жутла зьзяюць на пшаніцы, —
А ўжо перад срэднім братам
Мал жаўронак ляціць сватам,
Ляціць сватам ён да Галі,
Ў якой косы — жыта хвалі.
Яшчэ сонца не сьмяецца,
Бліск з нябёсаў ня ліецца
Яшчэ толькі гаснуць зоры,
Сьпяць у лесе птушкаў хоры,—
А ўжо прад малодшым братам
Салавейка ляціць сватам,
Ляціць сватам да Галінкі,
Ў якой вочы — дзьзе расінкі.
Старшы брат выкуп багаты
За любую ўносіць ў хату:
Многацэнных кунаў скуры,
Гарнастайкі, собаль буры,
Мёд пахучы, бурштыновы,
Бору, соснаў пах здаровы.
Срэдні брат у хату зносіць
Выкуп свой, прыняці просіць:
Раскладае зьвіткі лёну,
Жыта з роднага загону,
Воўну белую, пшаніцу, —
За дзяўчыну-чараўніцу.
Меншы брат з каня зьлязае,
Йдзе у хату і выймае
Златалітыя пярсьцёнкі,
Што з чужой прывёз старонкі,
I пытаецца, як ласкі,
Аб дзяўчыне сваей казкі.
*
Так у хаце пры растані
Брацьці зьехаліся ўраньні.
На сябе яны зірнулі,
Дзіўна твары адвярнулі,
Усьмяхнуліся панура…
Ой, там будзе, будзе бура,
Бо няма вастрэйшай звадкі,
Як з-за дзеўчыны-загадкі!
Сумна, сумна, як каліна
Ўвосень дождж з галін страсае.
Сумна, сумна, як дзяўчына
Дробны сьлёзы вылівае:
— “Ой, чаму, чаму я, маці,
Сьлёзы мушу праліваці?
Каб была я сонцам ясным,
Каб была я ветрам буйным,
Каб была імглою раньняй,
Каб была крыніцай тою
З жыватворнаю вадою, —
Я-бы любых абагрэла,
Абсушыла-б суха цела,
Абхінула-б мглою белай,
Аджывіла-б думкай сьмелай!”
Так заводзіць прычытаньні
Дзеўча ў хатцы на растані,
А у полі вецер вее,
Дробны дождж над полем сее…
Сьпяць браты у сьне глыбокім
Пры кургане, пры высокім.
Іх і дождж сьцюдзёны мочыць,
Ім і сонца паліць вочы,
Іх і вецер буйны сушыць,
І каршун парой варушыць,
Груганьнё кругом лятае,
На грудзёх у іх сядае,
I вочы дзюбай заглядае…
Што-ж так моцна там паснулі?
Ці-ж і граганьня ня чулі?
Ці-ж іх сонца ня збудзіла?
Й навальніца не змачыла?
Ой, дарма чакаеш, бацька,
Трох сыночкаў да нядзелі
На гучное на вясельле!
Ў жменю лепш вазьмі лшаніцы,
Пасей яе па вадзіцы,
Як пшаніцу пазжынаеш,
Тады дзетак прычакаеш:
Бо навекі ўжо, відаці,
З-за харошага дзяўчаці
Паляглі ў крывавай бойцы
Тры браты, тры братабойцы!
— «Тут былі калісьці лясы цёмныя,
Цёмныя былі яны, высокія,
Возера ляжала тут нямалае,
Возера ляжала лебядзінае.
Ў возеры тым жыў сам лебядзіны цар,
Жыў ён, цар, з малымі лебядзёнкамі,
Жыў ён, цар, з лябёдачкамі белымі.
Ой, было лябёдкам тут раздоліца,
Згодна яны жылі, ціхамірненька,
Ў возеры адны яны купаліся,
Крыльлейкамі ў хвалях паласкаліся,
Ды прышоў канец іх жыцьцю вольнаму,
Ды прышоў канец, ужо ня вернецца.
Людзі неяк раз там заблуталіся,
Людзі неяк раз там лебядзёў знайшлі.
Ціха яны к возеру спускаліся,
Стрэлы павыцягвалі калёныя,
Лукі панацягвалі кляновыя,
Білі яны стрэламі сівых лебядзёў,
Білі іх у пёркі, ў грудзі белыя,
Цэліліся ў голавы іх буйныя,
Ўсіх забілі жоначак — лябёдачак,
Ўсіх забілі лебядзёў — маленечкіх,
Цэліліся людзі ў самаго цара,
Ў гэтага ў цара у лебядзінага.
І казаў тады ім лебядзіны цар:
Читать дальше