Плачуць ветры над магілай,
Зь песьняй нуднай і пастылай
Пралятаючы удаль.
Як успомніш кут свой родны,
Кут закінуты, галодны,
Сьцісьне сэрца горкі жаль.
Край наш бедны, край наш родны!
Лес, балоты і пясок…
Чуць дзе крыху луг прыгодны…
Хвойнік, мох ды верасок.
А туманы, як пялёнка,
Засьцілаюць лес і гай.
Ой ты, бедная старонка!
Ой, забыты Богам край!
Наша поле кепска родзіць,
Бедна тут жыве народ,
У гразі жыве ён, ходзіць,
А працуе — льецца пот.
Пазіраюць сумна вёскі,
Глянеш — сэрца забаліць.
На дварэ — паленьне, цёскі,
Куча сьметніку ляжыць.
Крыж збуцьвелы пры дарозе,
Кучка топаляў сухіх…
Сьцішна, нудна, бы ў астрозе
Ці на могілках якіх.
А як песьня панясецца —
Колькі ў песьні той нуды!
Уцякаў бы, бег, здаецца,
Сам ня ведаеш куды.
Край наш родны, бедна поле!
Ты глядзіш, як сірата,
Сумны ты, як наша доля,
Як ты, наша цемната.
Цесна зьбіты нашы хаты,
Як авечкі ў летні жар, —
Для вагню тут корм багаты,
Як укінецца пажар.
Хлеўчык, пограб і гуменцы
Пад адзін зьліліся плех,
Трэскі ўсаджаны ў акенцы,
Замест шкла — радняны мех.
Загародка пад аконьнем,
Блісьне кветка дзе-нідзе.
Зельлем глушыцца, драсёньнем
Мак, цыбулька на градзе.
Зелянеюць два-тры клёны,
Гляне ліпа дзе з-за хат,
Дзе-нідзе садок зялёны,
Нізкіх вішань чэзлы рад.
Граблі, сані пад страхою,
Колы, сошка, барана,
Кол з хваёваю мятлою
Ўбіты ў дол каля вакна.
Многа тут гразі ў нягоду,
Многа пылу ў летні жар.
Тут дабра ня бачыць зроду,
Тут марнее гаспадар.
Тут нуда жыве людская,
Прыпынілась гора тут;
Сьмерць дзяцей, хвароба злая
Тут знайшлі прытульны кут.
Вось старая хатка,
Садзік невялічкі.
Малады алешнік
Па краях крынічкі.
З краю лес высокі;
Тут жа, каля хаты,
Дзьве старыя вербы,
Дуб каржакаваты.
Ў пералівах кветак
Зьзяе луг зялёны,
Луг шырокі, пышны,
Як бы цар ў кароне.
Далей, за лугамі,
Легла поле кругам,
Зрэзана сахамі,
Баранамі, плугам.
Зелянеюць межы
Вузкія, як стужкі,
Дзе-нідзе чарнеюць
Між загонаў грушкі…
На мужычым полі
Цягнецца палоска…
Зельле яе глушыць,
Абвіла бярозка.
Навальніца з градам
Каласы скруціла,
Ветрам паламала,
Дожджыкам прыбіла.
Сіняя валошка,
Травы разрасьліся,
Палыны на межах
Густа упляліся.
Ой, мужыча ніва!
Ты — сіротка ў полі:
Няма табе шчасьця,
Няма табе долі!
Ой ты, ніва наша!
Ці ж ты не арана?
Ці ж мужычым потам
Ты не палівана?
Ці то кепска сонца
Сьвеціць над табою,
Што зрасла ты густа
Дзікаю травою?
Заплылі вадою
Ўсе твае разоры,
Пакапалі мышы
Па загонах норы.
Птушкі ў сінім небе
Плачуць над табою,
Што зрасла ты, ніва,
Палыном, травою…
На мужычай ніве
Каласы пустыя…
Ці ня шкодны полю,
Сьлёзы вы людскія?!
Цёплы вечар. Ціха ўсюды.
На заходзе сонца.
Хмаркі захад чуць заслалі
Тонкім валаконцам.
Зьзяюць хмаркі ў пазалоце,
Пажарам палаюць.
За гарою ціха-ціха
Песьні заміраюць.
Выйшаў рольнік з хаты ў поле
Ды па межах ходзіць,
Каб пабачыць сваім вокам,
Як Бог жыта родзіць.
Твар сур’ёзны ў селяніна,
Важны, задуменны,
Ходзіць, рукі залажыўшы
За той пас раменны.
Леглі гожымі радамі
Вузкія загоны,
Апранула зямля-матка
Кажушок зялёны.
Густа жыта маладое
Поле ўсё акрыла,
Лапушное, сакаўное —
Проста глянуць міла.
Сям-там колас раскрывае
Свой пучок зялёны,
Дзе-нідзе ўжо яго вусік
Блісьне на загонах.
Селянін глядзіць з уцехай,
Ходзячы ў тым дары…
Так ні поп, ні ксёндз ня ходзяць
Пры сваім алтары.
Рэдкае збожжа, травы палавіна,
Колас ня гнецца зярном да зямлі.
Знаць, нешчасьліва была та часіна,
Як кідалі зерне сяўцы па ральлі.
Читать дальше