Запяеш па душы, дасі ўцехі гасцям —
Поўны гуслі насыплю дукатаў [21] Дукат — старажытная манета, сярэбраная, пазней залатая.
;
Не пад мысль песня будзе каму-небудзь нам —
Канапляную возьмеш заплату;
Знаеш славу маю, знаеш сілу маю…
— Многа знаю і чуў аб табе я, —
І я сам, як і ты, так табе запяю…
— Ну, пара пачынаць, дабрадзею! —
Гэтак слухае, выслухаў князя гусляр,
Заіскрыліся вочы сівыя,
Патануў у скляпеннях адзін, другі ўдар,
І заплакалі струны жывыя.
«Гэй ты, князь! Гэй, праслаўны на цэлы бел свет,
Не такую задумаў ты думу, —
Не дае гуслярам сказу золата цвет,
Белых хорамаў п'яныя шумы.
Скурганіў [22] Скурганіў — загубіў, умярцвіў.
бы душу чырванцом тваім я;
Гуслям, княжа, не пішуць законаў:
Небу справу здае сэрца, думка мая,
Сонцу, зорам, арлам толькі роўна.
Бачыш, княжа, загоны, лясы, сенажаць, —
Ім пакорны я толькі з гуслямі,
Сілен, княжа, караць, галаву сілен зняць, —
Не скуеш толькі дум ланцугамі.
Славен, грозен і ты, і твой хорам-астрог,
Б'е ад сцен-цэгел лёдам зімовым;
Сэрца маеш, як гэты цагляны парог,
І душу — як скляпоў гэтых сховы».
«Глянь ты, слаўны ўладар, па палеткі свае:
Сарачні [23] Сарачні сох — сорак саракоў — вельмі многа.
там сох бачыш, як блудзе;
А ці чуў ты, аб чым там араты пяе,
Дзе і як жывуць гэтыя людзі?
Глянь у лёхі [24] Лёхі — склепы, падземныя памяшканні, сховішчы.
свае, ў падзямеллі глянь, князь,
Што настроіў пад хорамам гэтым:
Брацці корчацца там, табой кінуты ў гразь,
Чэрві точаць жывых іх, раздзетых.
Ты ўсё золатам хочаш прыцьміць, загаціць…
Ці ж прыгледзеўся, хорамны княжа?
Кроў на золаце гэтым людская блішчыць,
Кроў, якой і твая моц не змажа.
Ты брыльянтамі ўсыпаў атласы і шоўк —
Гэта цертая сталь ад кайданаў,
Гэта вісельні петляў развіты шнурок,
Гэта, княжа, твае саматканы».
«Стол ты ўставіў ядой, косцей шмат пад сталом, —
Гэта косці бядноты рабочай;
Пацяшаешся белым, чырвоным віном, —
Гэта слезы нядолі сірочай.
Хорам выстраіў ты, твайму воку так міл,
Адшліфованы цэгла і камень, —
Гэта — памяткі-пліты з няўчасных магіл,
Гэта — сэрцаў скамененых пламень.
Люба чуці табе скочнай музыкі звон:
Ты, дружына п'яце асалоду, —
А ці ўслухаўся ты, як плыве з яе стогн,
Стогн пракляцця табе, твайму роду?!
Ты збялеў, ты дрыжыш, слаўны княжа-ўладар!
Госці хмурны, а дворня знямела…
Ну, што, княжа? пара даць за песню мне дар!
Выбачай, калі спеў мо няўмела».
Князь стаіць, князь маўчыць, жуда, помста б'е з воч;
Гулі зглухлі: ні жартаў, ні смехаў…
Думаў князь, выдумляў, грымнуў шабляй наўзбоч,
Толькі з лескатам выбегла рэха.
— Гэй ты, сонцу раўня, не на тое пазваў
На вяселле цябе сваей княжны!..
Ты шалёны, стары! хто цябе дзе хаваў?
Ты, знаць, вырадак цемры сярмяжнай [25] Цемра сярмяжная — зняважлівая клічка бедных, непісьменных сялян, якія насілі даматканыя сярмягі (світкі).
.
Ты адважыўся мне на сляпы перакор
Вызваняці сусветныя трэлі;
Платы маю шмат я для такіх непакор,
Хто сябе проці мне стаць асмеліў,
Я па-князеўску ўсім і плачу, і люблю!
Ты не хочаш дукатаў — не трэба!..
Узяці старца і гуслі жыўцом у зямлю!
Знае хай, хто тут пан: я — ці неба!
Падхапілі, ўзялі гусляра-старыка.
Гуслі разам яго самагуды:
Па-над бераг круты, дзе шумела рака,
Павялі, паняслі на загубу.
Месца выбралі здатнае, вырылі дол,
Дол тры сажні [26] Сажань — старажытная мера даўжыні, роўная прыблізна 2 м 13 см.
шырокі, глыбокі;
Закапалі, убілі асінавы кол,
Далі насып тры сажні высокі.
Не часалі дамоўкі [27] Дамоўка — труна.
яму сталяры,
Не заплакалі бліжнія вочы;
Змоўклі гуслі і ен з той пары — да пары;
Сум і сціша залеглі, як ночай.
Толькі князеўскі хорам гудзеў, не маўчаў:
Шалы, музыка ў тахт рагаталі;
Не адну віна бочку князь кончыў, пачаў:
Шлюб-вяселле ўсе княжны гулялі.
Пацяклі, паплылі за гадамі гады…
На гусляравым наспе жвіровым
Палыны узышлі, вырас дуб малады,
Зашумеў непанятлівым словам.
Читать дальше