Янка Купала
Шляхам жыцьця
Шчыра паважанаму
доктару А. П. Ерэмічу
гэтую кніжку пасьвячаю.
Аўтар
Усяго па крысе, знойдзеце вы гэтта, —
Пры сасе пры касе собрана за лета.
Шчырым сэрцэм, душой складана ня-хітра,
Знамо свой, не зь якой там «зьвёздкай», ці мітрай.
Што-нібудзь мо’ ня так — прашу прабачэньня;
Трудна ў рыхт — часу брак, мазаліста жменя.
Мо’ і радасьць тут — госьць, больш нуды праклятай;
Ось бярыце, што ёсьць, чым хата багата.
Што у думках я меў, кепска даць ня браўся,
Хоць, як скованы леў, туды-сюды рваўся…
Людзі мруць, а ўсё ждуць багатшай уроды,
Мо’ і к нам прыбягуць шчасьнейшыя годы.
О тады сноп у сноп жніво нашэ будзе…
Сотня коп, мільён коп… Дзівуйцеся людзі!
А цяпер, што цяпер? — бывайце здаровы!
Чэсьці дайце прымер для радзімых словаў.
Песьня мая не ўзышла сярод кветак,
Кветак цьвітучага вечна паўдня…
Поўначы сумнай забыты палетак
Даў ёй жыцьцё пасярод палыньня.
Пушча і ночка яе гадавалі,
Няньчылі казкамі долі нямой;
Дождж і расіца вясною купалі,
Сьнежныя буры тулілі зімой.
Песьня мая не ўсьпінае атласаў,
Выдумкай хітрай у сьвет не ляціць, —
Знацца ёй досьць зь беларускаю красай —
Лесам шумеці, касою званіць.
З думкамі ходзіць забранага краю,
Служыць і верыць у лепшы усход…
Бо, калі гасьне паходня старая, —
Новую заўтра распаліць народ.
Песьні маёй не патрэбны сьвятліцы
Ў княжацкіх хорамах слухаць музык,
Коціцца-ўецца свабоднай крыніцай
К сонцу і зорам, прастор дзе вялік.
Ёй не патрэбна ўсясільных прынука,
Службы лакейскай ня знае яна:
Воля жывая ёй вечнай зарукай,
Волі нязьмеранай — служба адна.
Песьня мая не шукае прывету,
Ласкі ў скурганеным сэрцы чыім, —
Вецер свабодны з далёкага сьвету
Стрэне, праводзіць адпевам сваім.
Зь небам і ніваю ў дружбу заходзе,
Слухае бору адвечнай жальбы,
Водклікі лове ў бурлівым разводзьдзі,
Ў зорках шукае жыцьця варажбы.
Песьня мая не зачэпе сягоньня
Думкай сваёю ўсіх хат і сяліб,
Зваленых хат і людзей у прыгоне,
Ўсходным зярном неабсеяных скіб…
Час, як крыніца, ідзе, не марудзе…
Кіне стары дзень жыцьцём кіраваць,
Новы дзень прыйдзе, і новыя людзі
Будуць пачатую думку снаваць.
Песьня мая не шукае чырвонцаў —
Будучнасьць гэткіх ня знойдзе ў ёй плям, —
Жыць хоча толькі ў радзімай старонцы,
Пеці па сэрцу ўсім добрым людзям.
Пеці, і з часам, у добрую пору,
Выклікаць водклік у сонным сяле…
Ўсю Беларусь — неабнятну, як мора,
Ўбачыць у ясным, як сонца, сьвятле.
Ці то позна, ці то рана
Чую нейкую напасьць;
Дзе ні стану, дзе ні гляну —
Думка ўсюды голас дасьць.
Неба, сонца, месяц, зоры,
Людзі, пушча, ўся зямля,
Ўсё да сэрца штось гавора,
Ўсюды бачу моц жыцьця;
I пагодай, непагодай
Не магу драмаць, чакаць:
Так і хочацца заўсёды
Песьню вечную снаваць;
Добрай доляй, дзіўнай казкай
Сон палошыць з хат нямых,
Пацяшаці сонца ласкай
I старых, і маладых;
Зваці, клікаць на пакосы,
На нязьмераны прастор,
Хай зазвоняць сьмела косы,
Грукне ў лесе хай тапор;
Хай цярэбяць, косяць, звоняць,
Клік пускаюць на ўвесь сьвет,
Аж няўлады ўсе разгоняць,
Ляжа чысты роўны сьлед.
Гэтак, покі сэрца чуе,
Што ня час у шапку спаць,
Грайце, песьні, хай красуе
Наш загон і сенажаць!
Шлю вам песьняй, братнім словам
Здароўканьне, людзі:
Не гасіце веры, што вам
Жыцца лепей будзе.
Вы ня зломкі, вы ня зноскі,
Вы народ магучы:
Ваша панства — вашы вёскі,
Пан ваш — труд жывучы;
Ваша слава не ў палацы,
Не ў княжацкай мітры,
А на роднай ніве, ў працы
Карыснай, няхітрай.
Вашы скарбы не ў ядвабнай
Магнацкай саеце,
А Ў сярмязе непавабнай,
Старшай на ўсім сьвеце.
Вашы рукі хоць а біты —
Пясок на іх значан,
Але хлеб, імі здабыты,
Для ўсіх бел і смачан.
Читать дальше