Кіраваўся Гаявата
Зноў дадому, дыхаў вольна
Ён цяпер, бо назаўсёды
Гнеў былы яго пакінуў,
Не паліў агонь пякельны
Сэрца больш, аб помсце думка
Мозг яго не свідравала.
Толькі раз прыцішыў крокі,
Толькі раз ён прыпыніўся,
Каб купіць сабе ў дарозе
Наканечнікаў на стрэлы
У краіне той, дзе шумна,
Гулка падалі ў даліну,
Зіхацелі між дубамі
Вадаспады Мінегагі.
То была зямля Дакотаў,
Там рабіў славуты майстра
Наканечнікі на стрэлы
З крэмню, з яшмы, з халцэдона,
Ён абточваў іх і гладка
Адшліфоўваў, як іголкі.
Жыў з дачкой, што мела нораў
Вадаспадаў Мінегагі,
Ногі шпаркія, як рэчка,
Косы доўгія, як хвалі,
Гневу цень, прамень усмешкі
У вачах яе зіхцелі;
Ён назваў яе за нораў
Вадаспадаў — Мінегагай,
А яшчэ Вадой Вясёлай
Называў яе — за косы.
Дык няўжо заходзіў толькі
Гаявата ў край Дакораў,
Для таго наведаў майстра,
Каб купіць галоўкі з яшмы,
Наканечнікі на стрэлы?
А магчыма, ён заходзіў,
Каб зірнуць патайна ў вочы
Сарамлівай Мінегагі
І пачуць адзення шорах
За заслонаю фіранкі,—
Так зірнуць, як выглядаюць
Вадаспад блішчасты з нетры,
Слухаць так, як чуюць рэчку
За густой заслонай лесу?
Хто, скажыце, адгадае
Думкі, мары маладыя?
Хто дазнаецца, якія
Ён нясе лятункі ў сэрцы?
Як дамоў прыйшоў з дарогі,
Гаявата ўсё Накоміс
Расказаў: пра бой, пра стрэчы
З Мэджэківісам магутным,
Не сказаў нічога толькі
Аб дзяўчыне і аб стрэлах!
А цяпер я раскажу вам,
Як пасціў у нетры дзікай,
Як маліўся Гаявата
Не аб шчасці паляўнічым,
Не аб спрыце ў рыбнай лоўлі,
Не аб славе пераможнай —
Аб дабры для ўсіх плямёнаў,
Згодзе, шчасці для народаў.
Збудаваў сабе спачатку
Ён жыллё — вігвам у лесе
Над празрыстым Гітчы Гумі
У вясновы час вясёлы,
У духмяны Месяц Лісцяў,
I ў дзівосных мроях-зданях
Сем начэй і дзён пасціў там.
Першы дзень блукаў ён лесам
Ён труса загнаў у норку,
З нетры выпужаў аленя,
Слухаў, як фазан балбоча,
Як вавёрка гаспадарыць,
Бачыў, як пад дахам хвоі
Віў гняздо Амімі, голуб,
Як на поўнач з шумным статкам
Вава, гусь, назад ляцела
У свой родны край балотны.
«Уладар Жыцця! — усклікнуў
Ён з адчаем. — Я хацеў бы
Знаць: няўжо ад іх залежыць
I жыццё і шчасце наша?»
Дзень, другі блукаў ён лугам,
Мускадэ, і Манамоні,
Дзікі рыс, ён там убачыў,
I Мінагу, і Адамін —
I чарніцы, і суніцы —
і агрэста куст, Шабомін,
I Бімагут, вінаграднік,
Што гірляндай віўся ў дрэвах.
«Уладар Жыцця! — усклікнуў
Ён з тугою. — Знаць хацеў бы
Я: няўжо ад іх залежыць
I жыццё і шчасце наша?»
Трэці дзень сядзеў і думаў
Ён над возерам празрыстым;
Асятра ён бачыў, Наму,
Як пляскаўся той на волі,
Сыпаў пырскі, быццам вампум.
Бачыў там марскога рака,
Шагашы, і Акагавіс,
Селядца рачнога, бачыў.
«Уладар Жыцця! — усклікнуў
Ён з адчаем. — Знаць хацеў бы
Я: няўжо ад іх залежыць
I жыццё і шчасце наша?»
На чацвёрты дзень на лісці
У сваім ляжаў вігваме
Да начы ён у знямозе.
Перад ім мільгалі здані;
Недзе хвалі пазалотай
Зіхацелі, і ў павольным
Карагодзе палыхала
Неба полымем заходнім.
Ён убачыў: падыходзіць
Да яго юнак плячысты,
Стройны, змрокам апавіты,
Галава ў зялёным пер'і,
Пасмы мяккія, а косы
Залацістыя, як сонца.
Ён спыніўся на парозе,
Доўга з жалем і спагадай
Пазіраў на Гаявату,
На ягоны твар пакутны,
I, уздыхнуўшы, як лагодны
Вецер Поўдня ў верхавінах,
Ён сказаў: «О Гаявата!
Голас твой пачула неба,
Бо цярпліва ты маліўся
Не аб шчасці паляўнічым,
Не аб спрыце ў рыбнай лоўлі,
Не аб славе пераможнай
Сярод воінаў адважных,
А маліўся ты аб шчасці,
Аб дабры для ўсіх народаў.
Гэта я прыйшоў, Мандамін —
Гітчы Манітай пасланы,
Каб сказаць табе, што працай,
Барацьбой сваёй упартай
Ты жаданае здабудзеш.
Ты ўставай з галін зялёных,
Каб падужацца са мною!»
Быў галодны Гаявата,
Сілу страціў, але хутка
Ён устаў з галін зялёных,
На святло з вігвама выйшаў,
Каб з Мандамінам змагацца,—
Да яго ледзь дакрануўся,
Як вярнулася бадзёрасць,
Як напоўнілася сэрца
Зноў адвагай і надзеяй.
Сілай мераліся ў лузе
Доўга ў полымі заходнім,
I рабіўся ўсё мацнейшы
I дужэйшы Гаявата;
Але змрок зямлю ахутаў,
І пачуўся енк тужлівы
Чаплі шызае, Шух-шух-гі,—
Горкі крык яе галодны
Даляцеў да іх з балота.
Читать дальше