Не кладуць няхай жывыя
У магілы пахаваных
Футры, кубкі, міскі з гліны,
Бо памёршыя ў дарозе
Ад цяжкой слабеюць ношы,
Хай дадуць ім толькі ежы
I агню, каб вёў да мэты.
Ім чатыры дні патрэбна,
Каб прыйсці ў краіну зданяў,
Ім чатыры ночы трэба
Раскладаць агонь бівачны;
А таму няхай жывыя
Раскладаюць на магілах
Свой агонь, каб нежывыя
Весялей ішлі да мэты,
Каб яны сляпую цемень
Не абмацвалі рукамі.
Дык бывай, высакародны
Гаявата! Ты цярпліва
Перанёс выпрабаванне,
Ты трываў абразы нашы
I зняважлівыя ўчынкі,
Дык няхай твой дух не зломіць
Час цяжкіх выпрабаванняў,
Што ў жыцці цябе чакаюць!»
Галасы на гэтым змоўклі,
Дагарэлі галавешкі,
Чуў адзення ціхі шорах
У вігваме Гаявата,
Адхіліў убок фіранку
Хтось рукою на парозе,
Зоры бліснулі на момант,
Гаспадар адчуў дыханне
На сабе начы сцюдзёнай,
Але зданяў больш не бачыў
Тых, што зноў павандравалі
У далёкі край Паніма.
О тужлівы час зімовы!
О халодны, люты сівер!
Лёд рабіўся ўсё таўсцейшым,
І таўсцейшым, і таўсцейшым,
Снег рабіўся ўсё глыбейшым,
I глыбейшым, і глыбейшым;
Па лясах, вакол паселішч
Намялі сумётаў буры.
Занясло вігвамы снегам
Так, што выйсці паляўнічы
Ледзьве мог адтуль на лыжах;
Але, выйшаўшы, дарэмна
Ён шукаў аленя ў лесе
Альбо след труса ці птушкі;
Ад знямогі ў мёртва-бледным
Лесе падаў паляўнічы
I не мог устаць і гінуў
Там ад голаду і сцюжы.
О пакутная гарачка!
О скаваўшы цела голад!
О цяжкая ліхаманка!
О дзяцей галодных лямант!
О жаночыя пакуты!
Галадала і хварэла
Скрозь зямля, скаваў і неба
І паветра люты голад,
Прагна ўніз глядзелі зоры,
Як ваўкоў галодных вочы!
Зноў з'явіліся два госці
На парозе Гаяваты,
Зноў прыйшлі, як тыя здані,
Моўчкі ў дом, без запрашэння,
Не азваліся з парога,
Не сказаўшы прывітання
Мінегазе, селі побач
I запалымі вачамі
Гаспадыні ў твар глядзелі.
I адзін сказаў: «Я — Голад,
Бюкадэвін, люты голад!»
А другі сказаў ёй гэтак:
«Я — гарачка, Аказівін!»
Ад іх позіркаў драпежных
Мінегагу скаланула,
I ад слоў іх гаспадыня
На пасцель лягла маўкліва
I рукою твар закрыла;
Калацілася ў гарачцы
Ад іх позіркаў жахлівых
I ад страшных слоў жанчына.
Гаявата ў лес пустэльны
Паімчаў, як звар'яцелы.
Ён імчаў з тугою ў сэрцы
I рашучасцю на твары,
На чале яго пакутным
Кроплі поту замярзалі.
Ён імчаў у рукавіцах,
Мінджыкэван, у адзежы
Паляўнічай, з моцным лукам,
Што трымаў напагатове;
Што ні крок — праходзіў мілю
Ён пустым, халодным лесам.
«Гітчы Маніта! — звяртаўся
Ён у роспачы да неба,—
Ты галодным людзям ежы
Дай, о бацька наш магутны!
Ежы дай, бо мы загінем,
Ежы дай для Мінегагі,
Для маёй Вады Вясёлай!»
Прагучаў у чуйным лесе,
У пустой глыбокай нетры,
Крык адчаю, лямант гора,
Ды ніхто не адгукнуўся,
Апроч водгулля глухога,
Апрача ляснога рэха:
«Мінегага! Мінегага!»
Аж да вечара дарэмна
Вандраваў пустынным лесам,
Па якому ён калісьці
Незабыўным і далёкім
Летам вёў з зямлі Дакотаў
На радзіму Мінегагу —
Сваю жонку маладую;
I спявалі ў дрэвах птушкі,
I звінеў ручай пад сонцам,
Чуўся лесу пах духмяны,
Закахана гаварыла
Гаяваце Мінегага:
«Я пайду з табою, муж мой!»
У вігваме Гаяваты,
Дзе сядзелі змрочна госці
I ахвяру пільнавалі,
Памірала Мінегага,
Размаўляючы з Накоміс.
«Чуеш? — так яна Накоміс
Гаварыла. — Гул далёкі
Вадаспадаў Мінегагі,
Што завуць мяне дадому!»
«Не! — адказвала Накоміс.—
Гэта ў соснах свішча вецер!»
«Бачыш, — так яна пытала,—
Майго бацьку на парозе?
Гэта ён рукой махае,
Кліча ў родны край Дакотаў!»
«Не! — адказвала Накоміс.—
Гэта дым ад галавешак!»
«Ах! — сказала Мінегага,—
Вочы Погака свідруюць
Змрок, і поціскам халодным
Ён мае сціскае пальцы!
Гаявата! Гаявата!»
I няўцешны Гаявата
На адлегласці далёкай,
Пасярод глухога лесу,
Сярод гор пачуў раптоўны
Крык пакутны Мінегагі,
Крык прызыўны, крык смяротны:
«Гаявата! Гаявата!»
Па пустэльным бездарожжы
Бег на лыжах Гаявата,
Бег дамоў з тугой на сэрцы
Пад галінамі цяжкімі
Читать дальше