Паляўнічы сярод лесу
Паляваў пад свіст завеі;
А ў паселішчах жанчыны
Малацілі кукурузу
Альбо скуры выраблялі;
Гульні — моладзі занятак:
Мяч — на рэчцы, лыжы — ў полі.
Цёмным вечарам аднойчы
У сваім вігваме цёплым
Мінегага і Накоміс
Гаявату з палявання
Насцярожана чакалі.
Быў на тварах іх адбіты
Сноп святла чырвона-цёмны,
У вачах старой Накоміс
Ён мігцеў, як цьмяны месяц,
А ў вачах Вады Вясёлай
Ззяў, як сонца ў светлых хвалях;
Па кутках вігвама цені
Выгіналіся за імі,
А над імі дым кружыўся
I знікаў у дымаходзе.
Вось крануў рукой нябачнай
Хтось фіранку пры ўваходзе;
Адхіліўся ўбок на момант
Дым, ярчэй агонь успыхнуў,
Як парог пераступілі
Дзве няпрошаныя госці,
Прыгінаючыся нізка,
Не вітаючыся селі,
Быццам цені сярод ценяў
Мінегагі і Накоміс.
Выгляд іх сцвярджаў, што гэта
Нетутэйшыя жыхаркі;
Вельмі бледныя, худыя
I маўклівыя, сядзелі
У кутку яны маркотна.
Ці завея, што зімою
Завывае ў дымаходзе?
Ці сава, што ў час паўночны
У глухім кугіча лесе? —
Абвясціў выразна голас:
«Гэта мёртвыя наведаць
Вас прыйшлі ў жывых адзенні
З тых краін, што вас чакаюць,—
З царства вечнага Паніма».
Тут якраз дамоў вярнуўся
Гаявата з палявання,
Зацярушанага снегам
Нёс аленя за плячамі,
I да ног Вады Вясёлай
Кінуў ён лясную ношу;
I Вадзе Вясёлай здаўся
Больш прыгожым Гаявата,
Чым тады, калі прыходзіў
Першы раз з такой жа ношай
У яе вігвам бацькоўскі.
Потым ён, у кут зірнуўшы,
Незнаёмых дзвюх заўважыў
I падумаў: «Хто такія?
Што за госці ў Мінегагі?»
Не распытваў іх, а толькі
Прапаноўваў ім гасцінна
Свой ачаг, прытулак, ежу.
I, калі іх запрасілі
На сямейную вячэру,
Што была прыгатавана
Гаспадынямі вігвама,
З ценяў выйшаўшы, схапілі
Прагна з міскі незнаёмкі
Тую долю, што прызначыў
Мінегазе Гаявата;
Не сказаўшы дзякуй, госці,
З'еўшы лепшыя кавалкі —
Смачны белы тлушч аленя,
Падаліся ў кут свой цёмны.
I гасцей не папракнулі
Ані позіркам, ні словам
Састарэлая Накоміс,
Мінегага з Гаяватай.
Толькі ціха прашаптала
Мінегага з горкім жалем:
«Іх, няшчасных, мучыць голад,
Хай жа будзе пачастункам
Ім усё, што даспадобы».
Многа раз зара згасала,
Многа дзён зімовых стрэслі
Ночы цёмныя, як хвоі
Снег страсаюць з лапаў цёмных.
Дзень за днём сядзелі моўчкі
У вігваме незнаёмкі,
А ўначы завеяй лютай
Ці пры зор святле паўночным
На апал збіралі шышкі,
У вігвам цягалі моўчкі
Сухадрэвіны лясныя.
Кожны раз, калі вяртаўся
Гаявата з палявання
I калі іх запрашалі
На сямейную вячэру,
З ценю выйшаўшы, хапалі
Прагна з міскі Мінегагі
Ежы лепшыя кавалкі
Незнаёмкі і знікалі
Зноў у кут свой, дзе сядзелі
Быццам цені сярод ценяў.
I ніколі Гаявата
Ім не выказаў папроку;
Не зняважыла ні разу
Іх Накоміс раздражненнем;
Чужаземкам Мінегага
Крыўд сваіх не паказала;
Так яны сябе трымалі,
Каб ні словам не парушыць,
Каб ні жэстам не прынізіць
Права госця і ягонай
Непарушнае свабоды,
Вось аднойчы позна ноччу
Пільным слыхам Гаявата
У вігваме, пры няяркім
Асвятленні галавешак,
Што марудна дагаралі,
Нечы енк пачуў жалобны,
Нечы плач такі гаротны.
Гаспадар устаў з пасцелі,
Што з калматых скур бізона,
Адхіліў убок фіранку,
Што з аленя мяккай скуры,
I гасцей убачыў цені
I пачуў іх плач паўночны.
I сказаў ім так: «О госці!
Ад чаго баляць вам сэрцы,
Што рыдаць вас прымушае?
Можа чым не дагадзіла
Мінегага вам, а можа
Вас пакрыўдзіла сваёю
Негасціннасцю Накоміс?»
I тады прыціхлі цені,
Змоўклі горкія рыданні,
Ціха Здані адказалі:
«Мы людзей памёршых душы,
Мы прыйшлі сюды з далёкіх
Чайбайабаса ўладанняў,
Мы прыйшлі з выпрабаваннем,
Мы прыйшлі з перасцярогай.
Гора крык, пакуты лямант,
Боль жывых чуваць штодзённа
Нам на Востраве Шчаслівых,
Плач жывых назад нас кліча
Да сябе, але дарэмна;
Мы прыйшлі з выпрабаваннем,
Ды ніхто не пазнае нас,
Мы нікому не патрэбны,
Мы цяжар для вас, і мёртвым
Сярод вас няма прытулку.
Нашы словы, Гаявата,
Перадай свайму народу,
Каб ад гэтых дзён навекі
Не азмрочвалі жывыя
Нас, памёршых, горкім плачам,
Болем, жалем бескарысным.
Читать дальше