Тадэвуш з маладзейшымі ў гумно падаўся,
Ды быў збянтэжаны і думкай заглыбляўся
У дзень мінулы і ў здарэнняў чаргаванне:
Суседка ля стала, а перад тым спатканне,
I асабліва слова «цётка» каля вуха
Дакучліва гудзела, быццам тая муха.
Хацеў пра Талімэну ў Вознага спытацца,
Але без сведкаў не ўдалося з ім спаткацца.
І Войскага не бачыў — той без затрымання
Падаўся за гасцямі, маючы заданне
Адвесці дамам і старэйшым для спачынку
Пакоі адпаведныя ў жылым будынку.
А маладых Тадэвушу загад быў даны
Завесці ў пуню, ў сена торп падрыхтаваны.
Праз паўгадзіны ціш была вакол, якая
Мо ў кляштары, як змоўкне звон начны, бывае,
І толькі вартаўнік у цемры адзываўся.
Паснулі ўсе. А сам Суддзя яшчэ не клаўся,
Яшчэ ён планаваў наступнага дня справы
І будучыя ў полі для гасцей забавы.
Загад даў войтам, ахмістрыні, аканомам
І ўсім, хто ў доме працаваў і па-за домам,
А потым у рахунках дня стаў разбірацца.
Нарэшце клікнуў Вознага: час распранацца.
Перш Возны пояс зняў з яго шырокі, літы
Работы слуцкай [12] У Слуцку знаходзілася слаўная на ўсю Польшчу фабрыка залатых тканін і літых паясоў, удасканаленая стараннем Тызенгаўза.
— кручаны і віты,
Залататканы з кутасамі шляк багаты,
А сподам чорна-серабрысты шоўк у краты.
Той пояс носяць толькі важныя асобы —
На светлы бок днём свят, на чорны — ў дні жалобы.
Тут толькі Возны ўмеў яго завязваць, скласці,
Дык вось складаў і бараніўся ад напасці:
«I што ж, што я сталы занёс сягоння ў замак?
Ніякіх страт, а цяжбе новы дан напрамак.
За замак жа вядзецца ў нас сягоння справа.
З сягонняшняга дня — у нас на замак права,
І як бы супраціўны бок не завіхаўся,
Я маю доказы, што замак нам дастаўся,
Бо хто гасцей у замку за сталом прымае,
Той сведчыць, што бярэ яго ці што трымае.
Саміх праціўнікаў мы выставім у сведкі.
Вядомы мне ўжо не адзін выпадак гэткі».
Суддзя ўжо спаў, дык Возны выйшаў ціха ў сені,
Ля свечкі сеў і выняў кніжачку з кішэні,
Што, быццам малітоўнік, век яму служыла.
Гартаць яе было старому вельмі міла.
Была гэта ваканда [13] Ваканда — вузкая прадаўгаватая кніжачка, куды запісвалі прозвішчы скаржнікаў абодвух бакоў судовай справы паводле парадку рэгістрацыі. Кожны адвакат і возны павінен быў мець такую ваканду.
трыбунала: радам
У ёй стаялі спісы спраў, што прад урадам
Сам Возны выклікаў іх у даўнейшым часе,
Ці аб якіх пасля ўжо вестка разышлася.
Ваканда для чужога — проста спіс іменняў,
А для ўладальніка — вялікі збор здарэнняў.
Чытаў і ўспамінаў: Агінскія з Візгірдам,
Дамініканцы з Рымшам, Рымша з Вышагірдам,
Радзівіл з Верашчакам, Гедрайць з Радултоўскім,
З кагалам Абуховіч, Юрага з Пятроўскім,
З Міцкевічам Малеўскі і на заканчэнне
З Сапліцам Граф. Пераглядзеўшы ўсе іменні,
Зноў бачыць справы ўсе, іх ход цікавы, рэдкі,
І ажываюць зноў бакі: і суд, і сведкі.
І бачыць сам сябе, як некалі, бывала,
У сінім кунтушы ён, служка трыбунала,
Абпёршыся на шаблю, стол рукой пакажа,
Нязгодных выкліча і «сціхніце» прыкажа.
Між гэтых дум, малітву шэпчучы, памалу
Заснуў апошні ў Княстве Возны трыбунала.
Так забаўляліся, жылі ў былыя годы
Ў літоўскай ціхай вёсцы, а ў той час народы
Сцякалі кроўю і слязьмі, бо ён, Бог войнаў,
Акружаны палкамі, гнаў народ свой збройны
І спрэжаных арлоў срабрыстых з залатымі
То ў Лівію, то зноў між Альпамі крутымі
За громам кідаў гром, то ў Піраміды, Табар,
Марэнга, Ульм, Аўстэрліц. Смерць, Насілле, Забар
Ішлі за ім і перад ім. А тая сіла
Пранесла славу заваёўнікаў ад Ніла
Ажно на поўнач, дзе ля Нёмна паваротаў
Адбілася, нібы ад скал, ад царскіх ротаў,
Што сцераглі Літву жалезнаю сцяною
Ад весткі для Расіі, як памор, страшное.
А ўсё ж не раз навіна, быццам камень з неба,
Ў Літву трапляла. Дзед, што рад куску быў хлеба,
Бязрукі ці кульгавы, дар прымаў набожна,
Але навокал азіраўся асцярожна.
Калі ж нідзе ў двары ярмулак не заўважыў,
Не бачыў ні салдат, ні ўлады царскай стражаў,
Тады казаў, кім быў: салдатам з легіёнаў,
Што нёс старыя косці да сваіх загонаў,
Бо сіл не меў іх бараніць. О, як прымалі
Яго, і як паны і слугі абдымалі
І плакалі наўзрыд! Тады, сагрэты ласкай,
Ен праўдай дзіўнай забаўляў усіх, як казкай.
Казаў пра тое ім, як генерал Дамроўскі
З Італіі прывесці хоча корпус польскі
Дамоў, сабраўшы сілы на Ламбардскім полі,
І як Князевіч жыў у замку Капітолі,
І як французам кінуў сто сцягоў крывавых [14] Генерал Князевіч, выпраўлены італьянскай арміяй, перадаў Дырэктарыі здабытыя сцягі.
,
Здабытых ад патомкаў кесараў шматслаўных,
Як з’ехаў Ябланоўскі ў край вясны бясконцай [15] Князь Ябланоўскі, камандуючы Наддунайскай Легіяй, памёр у Сан Дамінга, дзе загінула амаль уся легія. У эміграцыі ёсць некалькі ветэранаў, што засталіся ад той нешчаслівай экспедыцыі, між іншымі, генерал Малахоўскі.
,
Дзе цукар вараць і дзе перац спее ў сонцы,
А лес цвіце духмяна. З Легіяй Дуная
Ён тужыць па сваіх і неграў пакарае.
Читать дальше