Мы шукаем зычных асобна ад галосных,
Зычных, якія ўзрываюцца глуха;
Пераймайце гукі ваўка,
Прымушайце іскрыцца гук насавы
і працяглы!
Цмокайце, шчоўкайце языком,
Карыстайцеся шумам глухім
Чалавека, які за сталом
Паводзіць сябе непрыстойпа!
Нават свіст прыдыхальны пляўка
Будзе гукам нязвычным,
зычным!
Нават розныя выбухі губ
Зробяць вашу размову трубным клічам!
Навучыцеся лаяцца па ўласнай волі!
Што за літара ўдарная, быццам звон,
Сёння ў памяці нашай гучыць?
Мы не заўсёды разумеем радасць цудаў,
Мы ў адчуванні новых рэчаў — беднякі.
О, дружа мой, надыдзе час і ўжо не будуць,
Цябе не будуць клікаць цягнікі.
Глядзі, пакуль не позна, на чыгунку,
Глядзі на рэйкі, чалавек:
Яны павернуцца ў другім кірунку,
I знікнуць, смешныя, прыгожыя, навек.
Дзве лямпы зіхацяць перада мной,
Як дзве жанчыны, што з мяне смяюцца,
Схіляю я тужліва галаву
Пад гэтым позіркам пакеплівым, жаночым.
Разліўся гэты смех
Усюды!
Рукамі размаўляйце,
пстрыкайце вясёла пальцамі,
Сябе па твары біце, нібы ў барабан!
О, словы!
Яны ля міртавай дубровы;
I плачуць Антэрос і Эрос.
А я пад самым небам горада жыву.
Слухайце мора!
Далёка стогне мора
і крычыць самотна.
I голас мой адданы, нібы цень,
Ператварыцца хоча ў цень жыцця,
Няверным хоча быць, як ты, жывое мора!
Матросаў мора прагнае знішчае,
Як ідалаў-багоў,
і мае крыкі косіць.
І толькі цень ад крылаў чаек,
Здаецца, тое мора зносіць.
Успыхне слова — здрыганецца бог.
Ты падыдзі, дапамажы мне!
Рукі я шкадую,
Што песцілі мяне любоўна ў дні трывог.
А заўтра што?
Які аазіс рук знайду я?
Ты разумееш радасць бачыць новае?
О, голас! Размаўляю я на мове мора.
I ў порце, уначы, ў паскудненькіх тавернах,
Я больш упарты, чым страшыдла з Лерны.
Па вуліцы плывуць мае абедзве рукі,
I пальцамі абмацваю я горад свой.
Яшчэ не ведаю нічога.
Хто ведае —
Знайду я заўтра вуліцу жывой?
Куды мая павернецца дарога?
Ты помні, што чыгунка з часам
Выйдзе з моды.
Глядзі, ўглядайся!
Перамога, перш за ўсё, ў наступным
Убачыць блізка
Тое, што далёка —
Усё поўнасцю!
I хай па-новаму
Усё назавецца!
Гляньце! Я увесь перад вамі,
поўны сэнсу разумнага:
Я не толькі ўведаў жыццё,
А ўсё, што жывыя
Могуць аб смерці даведацца;
Зведаў горыч і слодыч кахання,
Часам навязваў людзям ідэі свае,
Мовы розныя вывучаў,
Пабываў у вандроўках далёкіх,
I вайну я прайшоў з артылерыяй
і пяхотай.
Ранены ў галаву,
пад хлараформам трэпанаваны,
Я згубіў сваіх лепшых сяброў
у жахлівых баях.
Я ведаю столькі аб мінулым
і сучасным,
Колькі можа ведаць адзін чалавек.
Сёння мяне не трывожыць вайна
Паміж памі, сябры, і за нас;
Справядліва мяркую аб сварцы працяглай
Між Традыцыяй і Адкрыццём,
Між Парадкам і вялікім Пошукам.
Вы, надзеленыя вуснамі,
падобнымі да боскіх,
Вуснамі,
якімі размаўляе строй-парадак,
Не судзіце вельмі строга,
параўноўваючы нас.
З ідэаламі Парадку!
Мы, шукальнікі,
імкнёмся
Невядомы край адкрыць.
I не ворагі мы вашы!
Для сябе адкрыць жадаем
Незвычайныя ўладанні:
Таямніцу ў кветках яркіх
Знойдуць тыя, хто шукае.
Там — нябачаныя фарбы,
Ззяюць новыя агні,
I міраж, якому трэба
Даць рэальнае жыццё.
Так! Разведаць мы жадаем
Дабрату краіны светлай,
што пакуль яшчэ маўчыць.
Можна час прагнаць са свету,
Ці вярнуць яго ізноў.
Літасці мы заслужылі!
Мы ваюем на граніцах
Будучыні і прастору,
Літасці прашу да нашых
Хібаў і грахоў!
Вось і лета запалала —
Час шалёны надышоў.
I маё юнацтва сёння
Памірае, як вясна.
Сонца смелае ў зеніце —
гэта розуму усход,
Гэта мой чаканы год!
Мне б за ім ісці нязменна,
Каб любоў маю ўвасобіць
У прыгожы, чысты вобраз!
Да мяне прыходзіць шчасце
У выглядзе Красуні рыжай.
Запалалі косы ўранку:
Быццам пасвяцца маланкі
На пялёстках чайных ружаў.
Людзі, блізкія, далёкія,
Людзі, смейцеся з мяне!
Адтаго, што надта многа
Ведаю ў жыцці такога,
Пра якое я адразу
не адважуся сказаць.
Ды і самі вы, напэўна,
не дасцё ўсяго сказаць!
Майце літасць да мяне!
Читать дальше