Няма дзіва, што ў Думе гавораць па сем гадзін аб гарэлцы, бо і ў нас, калі аб гэтым падумаць ды ўсё расказаць, дык і за сем дзён не даў бы рады. У нас ёсць дзве казённыя манаполькі, каторыя павэдлуг сваіх правоў і парадкаў не прадаюць гарэлкі ва ўсе святочныя і табельныя дні, ані ў той час, калі адбываюцца суды, сходкі і богаслужэнні. Дык гэта выглядае так, што ў гэты час не павінна быць зусім п’янства. Але куды там! Як толькі сход, суд ці святочны дзень, дык трудна прайсці за п’янымі. А дзе ж яны бяруць гарэлку, спытаеце? А ў нашых услужлівых мяшчан.
Нядаўна ў нас быў кірмаш на «масленую», дык нашы патайныя шынкары ёмка к яму прыгатаваліся. Але адкуль нанясло ліха вішнеўскага акцызніка. Ну, дык той вазамі вазіў гарэлку, узятую з хат. Але затое ўжо кірмаш быў такі ціхі і спакойны, што, мусіць, такога другога не было ніколі ў нашым мястэчку. Усе спакойна раз’ехаліся да хат, не было разбояў, і нідзе не відаць было п’яных людзей [53] 3. «Наша ніва», 1911, 17 сакавіка.
.
Каля нас зразу вясна паказалася вельмі харошай: увесь красавік быў пагодны з цёплымі дожджыкамі, стаяла харошая пагода і ўсе спадзяваліся ўраджайнага лета. Але як наступіў травень, дык усё неяк адмянілася, урэчы секануў хто тапаром: зразу настала суша і сцюжа. Жыта засела і не расце, трава паўнікала і памерзла разам з ранняй гароднінай, а пасеяная ярына ляжыць наверсе зернем і не думае ўзыходзіць. Цэлыя тыдні не было дажджу, хоць часам пачыналі збірацца хмаркі і ўрэчы капаў дожджык, як з-пад крапідла свянцоная вада, але зараз жа падападаў сярдзіты вецер і так, як нячыстая сіла, пруцячы віхрам стаўны і хвалі пяску і пылу, праганяў дажджлівыя пузыркі некуды далёка-далёка…
Затое кожын дзень то там, то сям убачыш клубы чорнага дыму, што паднімаюцца ўгару: гэта гараць панскія і казённыя лясы, а нярэдка і цэлыя вёскі. А як нашы гаспадары па старадаўняй прывычцы дзеляць бацькаўшчыну на дробныя матузкі і лепяць свае будынкі адзін на другі, ну дык затое як уб’ецца агонь, тады ніякага ратунку. Гэтак нядаўна было ў адной нашай вёсцы Шчаўканах: як загарэўся адзін канцавы гаспадар, дык усю вёску як бы змяло і ачысціла мятлой. Як гэта дрэнна, што нашы людзі не хочуць рассяляцца на хутары, дзе многа лепш гаспадарыць і ў пажарным няшчасці многа бяспечней, як цяпер. Хіба, можа, бяда нас як прыцісне, дык мы пазнаем, што лепш [54] 4. «Наша ніва», 1911, 9 чэрвеня.
.
Сказаўшы божую праўду, дык каля нас яшчэ вельмі цёмны, але прытым і вельмі добры, а як другія кажуць, і вельмі дурны народ, і з гэтай прастаты карыстаюць усякія несумленныя людзі, каторыя на ўсякі лад ашукваюць нашага брата. Дык і нямашака дзіва, што часамі беларуса трудна намовіць да чаго-кольвечы добрага: ён будзе слухаць і на словах патураць, але ў душы дык саўсім табе не паверыць, бо ён ужо за гэта паплаціўся калісьці. Нядаўна было каля нас такое здарэнне: пакралі ў вёсцы Зафільцы ў аднаго гаспадара коні. Праз нейкі час, так неяк адвячоркам, прыходзіць да гэтага самага гаспадара чалавек, нейкі быццам купец, і гаворыць, што ён сын нейкага падрадчыка з Вілейкі, каторы быццам дастаўляе хлеб арыштантам, і ён чуў, як адзін свежаарыштаваны расказваў сваім таварышам, як пакраў коні ў вёсцы Зафільцы і куды іх падзеў. Вось ён таму гаспадару і кажа: «Калі дасі мне 50 рублёў, дык я пакажу табе, дзе твае коні знаходзяцца, і памагу іх шукаць; толькі нікому аб гэтым гаварыць не можна, бо як дачуюцца тыя, у каго яны ёсць, дык перададуць у другое месца і будзе прапашчая справа». Гаспадар той думае сабе: хоць 50 рублёў і шкода, але ж за гэтыя грошы двое коней не купіш, а пры тым гэта ж такі будзе свая скаціна, да якой ён прывык. А тут бяда — нямашака грошай. Павытрасаўшы ўсе вузёлчыкі, ледзь сабралі 10 рубельчыкаў з вялікай труднотай і гэтыя апошнія грошы аддалі на задатак, а праз ноч састараліся яшчэ 40 рублёў, пазычыўшы іх у добрых людзей, і, наняўшы хурманку, паехаў той гаспадар з тым купчыкам па коні, узяўшы, аднак жа, дзеля смеласці свайго сына, дужага мужчыну, як дуба.
Ад’ехаўшы за 5 міль ад дому да мястэчка Каменя, астанавіліся на папас у карчме і там выпілі, закусілі парадне ды аддалі свайму сябру яшчэ 40 рублёў. А той, наеўшыся добра на месцы, набраў яшчэ з сабою гарэлкі і булак, пайшоў быццам у лес па коні, а ім сказаў падаждаць. Дык тыя бедакі, праждаўшы два дні і дзве ночы, вярнуліся з парожнімі рукамі дахаты [55] 5. «Наша ніва», 1911, 6 кастрычніка.
.
Читать дальше