Ліда – радзіма рускага літаратуразнаўца і тэатральнага крытыка Пятра Когана (нарадзіўся ў чэрвені 1872 года). У 1921—1929 гадах – прэзідэнт Акадэміі мастацкіх навук. Працаваў у Наркамасветы РСФСР. Сем (!) выданняў займела яго кніга “Нарысы па гісторыі старажытных літаратур. Т. 1. Грэчаская літаратура”. Аўтар грунтоўных манаграфій пра М. Горкага, А. Чэхава, У. Шэкспіра, А. Грыбаедава. Шырокі розгалас у навуковым свеце атрымала яго праца “Бялінскі і яго час”, выдадзеная ў 1923 годзе.
…Расповед пра даўно забытых знакамітых ураджэнцаў Ліды можна доўжыць і доўжыць. Імёнаў, вартых увагі, сапраўды дзясяткі… Шкада, што ў стварэнні шырокай выхаваўчай прасторы для школьнікаў, падлеткаў так рэдка яны згадваюцца. Мясцовыя, блізкія, родныя прыклады служэння Айчыне і развіццю грамадства – хіба ж гэта не ўражлівы вопыт для руху наперад?
Старажытнае мястэчка Лынтупы, што за 42 кіламетры на захад ад Паставаў, мае сваю сапраўдную энцыклапедыю. Такой мне ўяўляецца кніжка мясцовага настаўніка Іосіфа Быхаўца. Выдадзеная на пачатку 1990-х, яна мне першай і адкрыла ўнікальнае паселішча. Аўтар дасведчана, з веданнем справы расказаў пра далёкае тады для мяне і, лічы, зусім невядомае мястэчка… Атрымліваецца, што не абавязкова быць вучоным з высокімі ступенямі, галоўнае – ведаць і любіць край. А яшчэ, каб стаць такога кшталту энцыклапедыстам, усяго толькі і трэба, што пражыць у адной мясціне ўсё жыццё.
Лынтупы. Палац
А з цягам часу і сустрэчы былі з Лынтупамі, і вандроўкі я здзяйсняў па іх ваколіцах. І пэўныя памяткі пра ўраджэнцаў гэтай старонкі назбірваліся.
Калі яшчэ ў Лынтупах жыло мо ўсяго толькі сотні дзве насельнікаў, а мястэчка належала гаспадарам Бішэўскім, сюды зазірнуў скульптар Вінцэнты Балзукевіч. Нарадзіўся ён у Вяркяй – прадмесці Вільні, у 1835 годзе. Пражыў доўгае жыццё, захапляўся разьбой па дрэве, драўлянай скульптурай. Самавукам асвоіўшы няпростае майстэрства, дасягнуў значных вышыняў у скульптуры. Працаваў і ў Беларусі, і ў Літве. Для Лынтупскага касцёла (не блытайце з сучасным Андрэеўскім, што цяпер стаіць на Цэнтральнай плошчы: яму ўсяго толькі каля ста гадоў) вырабіў Распяцце Хрыстова. Хто ведае, можа, твор гэты – роўня працам Канёнкава, ці Эрзя, ці мо нават Радэна… Марыю Магдалену Вінцэнты стварыў для касцёла ў Каўнасе. Анёла Ахоўніка і Святога Юрыя – для касцёла Святога Яна ў Вільні… Вялікіх вышынь у мастацтве дасягнулі дзеці Вінцэнта – скульптар Баляслаў, мастакі Юзаф і Люцыя… Дарэчы, палац Бішэўскіх перабудоўваў Тадэвуш Раствароўскі, легендарны польскі і расійскі архітэктар і мастак другой паловы ХІХ стагоддзя (нарадзіўся ў Польшчы ў 1860 годзе). І хто ведае, мажліва, шмат якія сюжэты для сваіх будучых карцін ён вывез у іншы свет менавіта з лынтупскіх ваколіц.
Нагуляўшыся ўволю ў парку старой сядзібы, прысядзьце на беразе рачулкі Лынтупкі. Думаю, лынтупскія таямніцы яшчэ знойдуць адлюстраванне на старонках кніг. Дарэчы, нядаўна я атрымаў ліст з Самары. Піша Сяргей Іосіфавіч Мацвейчук, нараджэннем – лынтупскі. Закончыў у 1976-м восем класаў мясцовай школы, пасля – сувораўскае вучылішча ў Мінску, ваеннае вучылішча. Звязаў свой лёс з армейскай службай. Поруч з выкананем сваіх абавязкаў намесніка камандзіра роты па палітычнай частцы захапіўся журналістыкай. І з 1986 года – ужо на прафесійнай карэспандэнцкай рабоце. А цяпер піша і літаратурна-мастацкія творы. Выдае кнігі. Пабачылі свет дзве аповесці пад агульнай назвай “Гас- падары і госці”. І што цікава: увесь час, хаця і жыве далёка ад Айчыны, памятае Сяргей Мацвейчук свае родныя мясціны. І ў лісце да мяне дзеліцца развагамі пра самыя фантастычныя сюжэты з гісторыі лынтупскай сядзібы. Я падзівіўся: колькі неверагоднага яшчэ давядзецца апісаць нашаму земляку! Мо з’явіцца з-пад яго пяра і новы “Чорны замак Альшанскі”?.. Альбо – “Дзікае паляванне караля Стаха”.
Ваколіцы, атачэнне Лынтупаў – гэта такія паселішчы, як Шудаўцы, Казнадзеюшкі, Жакі, Сенькішкі або Балдучок… Некаторыя з іх некалі засценкамі лічыліся, ды з часам да вясковай біяграфіі выраслі. Іншыя спрадвеку былі вёскамі. І людзі тут наўкола заўсёды працавітыя былі. Таму, мусіць, і матэрыяльным дабрабытам славіліся гаспадары Лынтупаў. Бішэўскія не толькі парк тут заклалі, але і гаспадарку моцную вялі.
Конец ознакомительного фрагмента.
Читать дальше