У хатняй бажніцы графіні дэ Маранья вісела карціна ў сухім і змрочным стылі Маралеса [26] Маралес Луіс (каля 1509—1586) — іспанскі мастак, аўтар карцін на рэлігійныя тэмы.
, на якой паказваліся чыстцовыя пакуты. Усе магчымыя катаванні, якія толькі мог сабе ўявіць мастак, былі змаляваныя з такой дакладнасцю, што і кат-інквізітар не згледзеў бы там ніводнае хібы. Чыстцовыя душы месціліся ў нейкай вялізнай яміне-пячоры, уверсе якое віднелася прадушына. Над краем гэтай адтуліны анёл падаваў руку душы, што пакідала гэтае месцішча пакутаў, а побач з ім стаяў немалады ўжо чалавек з ружанцам у сашчэпленых руках і, па ўсім відаць, з незвычайным запалам маліўся. Гэты чалавек быў данатарам карціны, што прызначалася царкве ва Уэсцы. Паўстанцы-марыскі падпалілі горад, царква загінула ў пажары, але праз нейкі цуд карціна ацалела. Граф дэ Маранья прывёз яе з сабою і ўпрыгожыў ёю жончыну бажніцу. Кожнага разу, як маленькі Хуан заходзіў у матчын пакой, ён спыняўся перад карцінай і доўга разглядаў яе са страхам і захапленнем. Асабліва ўражваў яго на карціне чалавек, што вісеў, зачэплены за рэбры жалезнымі крукамі, над палаючым вуголлем і якому змяя выядала нутро. Звярнуўшы застрашаны і спадзеўны позірк да прадушыны, гэты гаротнік, здавалася, прасіў пабожнага данатара аб малітвах, што выбавілі б яго ад гэтулькіх пакутаў. Графіня не прапускала нагоды, каб растлумачыць сыну, што гэты няшчасны церпіць такое пакаранне, бо не ведаў як след катэхізіса, бо смяяўся са святара, бо няўважліва слухаў набажэнствы ў царкве. Душа, што адлятала да раю, была душою аднаго сеньёра з роду Маранья, за якім, відаць, былі нейкія дробныя правіны; але граф дэ Маранья маліўся за яго, раздаваў грошы царкоўнікам, каб адкупіць яго ад агню і катаванняў, і мог урэшце ўсцешыцца, што душа яго родзіча адляцела ў рай, не вельмі доўга марнуючыся ў чыстцы.
— Але ж, Хуаніта,— дадавала графіня,— і я некалі буду так пакутаваць і застануся на мільён гадоў у чыстцы, калі ты не будзеш заказваць імшаў за збавенне маёй душы! Як нядобра будзе пакінуць бедаваць маці, якая цябе выгадавала!
Тады хлопчык пачынаў плакаць, і, знайшоўшы ў кішэні некалькі рэалаў, спяшаўся аддаць іх першаму стрэчнаму збіральніку ахвяраванняў на збавенне чыстцовых душ.
Уваходзячы ў кабінет свайго бацькі, ён бачыў панцыр, пашчэрблены пішчальнымі кулямі, шалом, што быў на графе дэ Маранья падчас аблогі Альмерыі [27] ...падчас аблогі Альмерыі...— Гэты іспанскі горад і порт на Міжземным моры быў адваяваны ў маўраў у 1489 годзе.
і на якім застаўся след мусульманскае сякеры; гэты пакой аздаблялі дзіды, маўрытанскія шаблі, забраныя ў няверных вайсковыя штандары.
— Гэтую шаблю я забраў у вехерскага кадзі [28] Вехерскі кадзі — суддзя ў мусульманаў (тут — з андалусійскага горада Вехер).
,— сказаў граф.— Ён паспеў тройчы мяне ўдарыць, перш чым я рашыў яго жыцця. Пад гэтым штандарам ваявалі паўстанцы Эльвірскай гары. Яны знішчылі хрысціянскую вёску, і я прыскакаў туды з дваццаццю коннікамі. Чатыры разы я спрабаваў убіцца ў сярэдзіну іх атрада, каб захапіць гэты штандар, і чатыры разы адступаў. На пяты раз я перажагнаўся і, закрычаўшы «Святы Якубе!», уварваўся між паганцаў. А бачыш гэтую залатую чару, што я нашу ў сваім гербе? Адзін маўрытанскі альфакі [29] Альфакі — тут: мула, што стаіць на чале збройнага атрада.
выкраў яе з царквы, дзе ён учыніў безліч брыдкасцяў. Яго коні елі авёс з алтара, а яго салдаты раскідалі святыя мошчы. Альфакі піў з гэтае чары шэрбет са снегам. Я заспеў яго ў намёце, калі ён падносіў да вуснаў гэтую свяшчэнную пасудзіну. Перш чым ён паспеў прамовіць «Алах!», пакуль напой яшчэ цёк у горле, я секануў гэтай добрай шабляй паголены чэрап гэтага сабакі, і лязо ўвайшло ў галаву да самых зубоў. Як напамін пра гэтую свяшчэнную адпомсту кароль дазволіў мне ўзяць у герб залатую чару. Я кажу табе пра гэта, Хуаніта, каб ты расказаў сваім дзецям, хай яны ведаюць, чаму ў цябе герб трошкі не такі, як герб твайго дзеда, дона Дыега, што вымаляваны над яго партрэтам.
Вагаючыся ў душы паміж ваяўнічасцю і пабожнасцю, хлопчык праз цэлы дзень майстраваў з лясачак крыжыкі або, узброіўшыся драўлянай шабляю, біўся ў горадзе з вялізнымі гарбузамі, што вельмі нагадвалі, як яму думалася, галовы маўраў у цюрбанах.
У васемнаццаць год дон Хуан даволі слаба ведаў лаціну, добра ўмеў служыць імшу і валодаў рапіраю або двуручным мячом не горш за Сіда. Бацька, уважаючы, што дваранін роду Маранья мусіў мець яшчэ сякія-такія веды, вырашыў адаслаць яго ў Саламанку. Хутка ўсё было гатова да ад’езду. Маці дала яму з сабою безліч ружанцаў, шкаплераў і пасвянцоных абразкоў, а таксама навучыла яго шматлікім малітвам, дужа прыдатным у самых розных жыццёвых абставінах. Дон Карлас падараваў яму шпагу са срэбным узорам і сямейным гербам на тронку.
Читать дальше