Граф неадрыўна глядзеў на мяне сваім дзіўным позіркам. У ім было нешта неакрэсленае, адначасна нясмелае і лютае, ад чаго рабілася ніякавата. Я пачаў чытаць, каб пазбегнуць няёмкасці:
Стары Будрыс трох сыноў,
Як сам, гэткіх літвінаў,
Да сябе на дзядзінец паклікаў
Ды ім кажа: «Зважайце,
Коні борзда сядлайце,
Натачыце мячы ўміг і пікі!
З Вільні вестку мне далі,
Што ўжо там наказалі
Тры вайны на тры свету староны:
Ольгерд рускіх біць едзе,
Скіргел — ляхаў-суседзяў,
А князь Кейстут разгроміць
Тэўтоны. «Вы адважныя хлопцы,
Паслужыце старонцы,
Хай вядуць вас літоўскія богі!
Застаюся я дома,
Дам вам раду, вядома:
Трох вас ёсць і тры ёсць вам дарогі.
«Хай адзін у Расію За Ольгердам шлях крые
Па-над Ільмень, пад мур Навагроду;
Там саболлі апоны,
Залатыя заслоны,
I ў купцоў там чырвонцаў, як лёду.
«Хай да князя Кейстута
Другі едзе, а хутка,
Крыжакоў хай знішчае дашчэнту!
Як пяску, там бурштынаў,
Сукны дзіўнай тканіны,
I там рызы ў ксяндзоў ў дыяментах.
«Мусіць к Скіргелу трэці
Па-за Нёман ляцеці,
Беднату там убачыць ліхую,
Але возьме за тое
Узбраенне стальное
I мне стуль прывязе сынавую.
«Бо з нявольніц мне толькі
Спадабаліся полькі,—
Так панадны мне стан іх дзявочы,
Твар іх бела-ружовы,
Як смоль, чорныя бровы,
Як дзве зоркі, іх свецяцца вочы.
«Маладым чалавекам
Я адтуль прад паўвекам
Сабе вывез палячку за жонку;
Хоць яе пахаваў я,
Ўсё яшчэ ўспамінаю,
Калі гляну я ў тую старонку».
Даўшы так засцярогу,
Блаславіў на дарогу;
Яны ўзялі бронь, селі, пабеглі.
Ўжо й зіма надыходзе,—
Сын не едзе ніводзін,—
Будрыс думаў, што ў бітвах палеглі.
Па сняжыстай дарожцы
Мчыцца ў зброі хтось к вёсцы,
А пад буркаю нешта хавае:
— «Кубел — гэта, знаць, ноша,
А ў ім рускія грошы».
— «Татка,— полька, твая сынавая!»
Па сняжыстай дарожцы
Мчыцца ў зброі хтось к вёсцы,
А пад буркаю нешта хавае.
— «Мусіць, з Прусаў, мой сыну,
Цягнеш кубел бурштынаў?»
— «Татка,— полька, твая сынавая!»
Па сняжыстай дарожцы
Трэці нехта мкне к вёсцы,
А пад буркай вяліка здабыча.
Будрыс — што? — не пытае,
Толькі госці склікае,
На вяселле іх трэцяе кліча.
— Слава, пане прафесар! — закрычаў граф.— У вас цудоўнае жамойцкае вымаўленне. Але хто вам перадаў гэтую прыгожую дайну?
— Адна паненка, з якой я меў гонар пазнаёміцца ў Вільні ў графіні Катарыны Пац.
— I яе імя...
— Панна Івінская.
— Панна Юлька! — закрычаў граф.— Дурнічка! Як я не здагадаўся! Дарагі прафесар, вы ведаеце жамойцкую і ўсе вучоныя мовы, вы перачыталі ўсе старыя кнігі, але вас падманула дзяўчо, якое, апроч раманаў, нічога не чытала. Яна пераклала вам на даволі прыстойную жамойцкую мову адну з цудоўных баладаў Міцкевіча, якую вы не чыталі, бо яна не старэйшая за мяне. Калі хочаце, я пакажу вам яе па-польску, а калі вы жадаеце пабачыць выдатны рускі пераклад, я пакажу вам Пушкіна.
Прызнаюся, што я быў агаломшаны. От бы ўсцешыўся дэрпцкі прафесар, калі б я выдаў, як арыгінальную, дайну пра Будрысаў!
Замест таго каб пазабавіцца з майго замяшання, граф з выключнай ветлівасцю адразу ж перавёў гутарку на іншае.
— Дык вы ведаеце панну Юльку?
— Я меў гонар быць ёй адрэкамендаваным.
— Што вы пра яе думаеце? Толькі шчыра.
— Вельмі мілая дзяўчына.
— Што вы кажаце?
— I прыгожанькая.
— О!
— А што, хіба ў яе не найпрыгажэйшыя ў свеце вочы?
— Найпрыгажэйшыя.
— Скура незвычайна белая?.. Мне прыгадваецца персідская газель, дзе каханак апявае далікатную скуру сваёй выбранніцы: «Калі яна п’е чырвонае віно, відаць, як яно расцякаецца па жылах». Панна Івінская нагадала мне гераіню гэтага верша.
— Можа, панна Юлька і сапраўды такая, але я сумняваюся, ці цячэ ў яе жылах кроў... У яе няма сэрца... Яна белая і халодная, як снег!..
Ён устаў і нейкі час моўчкі хадзіў па пакоі, як мне здавалася, каб прыхаваць узрушанасць. Пасля раптам спыніўся:
— Прабачце, мы, здаецца, гаварылі пра народную паэзію...
— I праўда, пане графе.
— I ўсё ж трэба прызнацца, што яна ладненька пераклала Міцкевіча... «Твар іх бела-ружовы, як смоль, чорныя бровы, як дзве зоркі, іх свецяцца вочы». Вось яе партрэт. Падобна?
— Абсалютна, пане графе.
— Што ж тычыцца гэтага жарту... зрэшты, вельмі недарэчнага... беднае дзіцятка нудзіцца ў старой цёткі... Яна жыве, як у кляштары.
— У Вільні яна паказвалася ў свеце. Я бачыў яе на балі, што ладзілі афіцэры...
— Ну, вядома, маладыя афіцэры — вось якое таварыства ёй даспадобы. Пасмяяцца з адным, папляткарыць з другім, а ўрэшце закруціць усім галаву... Давайце лепш паглядзім кнігазбор майго бацькі.
Читать дальше