Думка, што ён збіраецца зрабіць кражу, нават не бліснула ў яго свядомасці. Ён абмацаў каля сябе камень і шпурнуў у тую, што была бліжэй да яго, а так як кінуў дужа трапна, то ўклаў яе на месцы. Курыца звалілася набок, затрапятаўшы крыламі. Астатнія разбегліся, пагойдваючыся на тонкіх лапках, а Звон рахмана «начапіўся» на мыліцы і паходкаю, якая надта нагадвала курыную, зачыкільгаў, каб падабраць сваю здабычу.
Ён ужо наблізіўся да невялічкага чорнага цельца з запэцканай у кроў галоўкай, як раптам страшэнны ўдар у спіну выбіў у яго з рук мыліцы, а яго самога адшпурнуў на дзесяць крокаў убок. І фермер Шыкэ з шаленствам абкрадзенага мужыка рынуўся на грабежніка, безаглядна малоцячы яго кулакамі і нагамі, раз'ятрана мардуючы няздатнага абараніцца калеку.
На дапамогу гаспадару набеглі парабкі і таксама кінуліся збіваць папрашайку. Нарэшце, стаміўшыся, яны паднялі яго, завалаклі на дрывотню і замкнулі там да прыходу жандараў, па якіх паслалі.
Звон, амаль нежывы, скрываўлены, канаючы ад голаду, ляжаў на зямлі. Настаў вечар, потым ноч, за ёю ранак. Ён так нічога яшчэ і не еў.
Апоўдні з'явіліся жандары і асцярожліва адчынілі дзверы: яны чакалі супраціўлення, бо паводле расказу Шыкэ выходзіла, што бадзяга сам напаў на яго і фермеру з вялікай цяжкасцю ўдалося адбіцца.
Сяржант скамандаваў:
— Ану, устаць!
Але Звон ужо не мог скрануцца з месца. Ён, праўда, памкнуўся ўсчапіцца на свае апірышчы, але не здолеў. Гэта было ўспрынята як хітрасць, ашуканства, адвод вачэй закаранелага злачынца, і двое ўзброеных дзецюкоў груба ўхапілі яго і сілай паставілі на мыліцы.
Яго апанаваў страх, яго вечны, прыроджаны страх перад жоўтымі жандарскімі паскамі, той страх, які адчувае дзічына перад паляўнічым, мыш перад катом. І нечалавечым намаганнем ён утрымаўся, устаяў.
— Марш! — загадаў сяржант.
І ён пайшоў. Усе насельнікі фермы збегліся паглядзець, як яго забіраюць. Кабеты гразілі яму кулакамі, мужыкі выскаляліся і лаяліся: «Нарэшце! Сцапалі-такі галубочка! Туды яму і дарога!»
Ён ішоў, а па баках ішла варта. Адчай надаваў яму сілы, і ён сяк-так плёўся па дарозе, ужо нават не цямячы, што з ім адбылося, атупелы дарэшты з перапалоху, няздатны хоць што-колечы зразумець.
Сустрэчныя сяляне прыпыняліся, праводзілі яго позіркам і мармыталі:
— Пэўна, зладзюгу злавілі!
Да ночы дабраліся да мястэчка. Звон ніколі раней не быў тут. Ён папраўдзе ўжо не ўяўляў сабе, ні што адбываецца цяпер, ні што будзе з ім далей. Усё было нечаканае і страшнае, гэтыя новыя абліччы і дамы проста жахалі яго.
Ён не вымавіў ніводнага слова дый не меў чаго сказаць, бо анічагусенькі не разумеў. Зрэшты, ён ужо столькі гадоў ні з кім не размаўляў, што амаль развучыўся карыстацца моваю; дый думкі яго былі занадта цьмяныя, каб іх можна было выказаць словамі.
Яго завялі ў местачковую турму. Жандарам і ў галаву не прыйшло, што яму трэба даць паесці, і яго замкнулі да заўтра.
Але калі на другі дзень ранкам прыйшлі па яго, каб весці на допыт, ён ляжаў на падлозе мёртвы. Такая неспадзяванка!
Пераклад : Ніна Мацяш
Нізкія хвалі аднастайна хвошчуць бераг. Белыя хмаркі таропка бягуць па бяскрайнім небасхіле, падхопленыя рэзкім ветрам, быццам чайкі. А ўнізе, на дне лагчыны, якая спускаецца да мора, грэецца на сонцы вёска.
На далёкім канцы пры дарозе адзінока стаіць хата Мартэн-Левекаў. Гэта маленькая рыбацкая мазанка пад страхою з мяцёлкай блакітнага касачу на вільчыку. Да ганка прыткнуўся маленькі, з лапік, агарод, дзе расце цыбуля, некалькі качаноў капусты, пятрушка і цьмянец. Жываплот адгароджвае яго ад дарогі.
Мужчына цяпер у моры, а жанчына нацягнула на сцяне шырокую бурую сетку, падобную на вялізнае павуцінне, і цыруе вочкі. Каля веснічак у адкінутым назад і прыстаўленым більцам да плота плеценым крэсле сядзіць дзяўчынка чатырнаццаці гадоў і латае пералатаную бядняцкую бялізну. Другое дзяўчо, на год маладзейшае, гушкае на руках дзіця, якое яшчэ не ўмее ні хадзіць, ні гаварыць; а двое малых — двух і трох гадоў — сядзяць проста на зямлі носам у нос, грабуцца ў зямлі нязграбнымі ручкамі і кідаюцца адно аднаму ў твар пяском.
Усе маўчаць. Толькі немаўля не можа заснуць і ўсё кугакае. На акне дрэмле кот, а пад сцяною красуецца ляўконія, і над прыгожай купкай яе белых кветак зумкае мушыны рой.
Дзяўчынка, што шые каля веснічак, кліча:
— Матуля!
Маці адказвае:
— Чаго табе?
— Зноў ён.
Абедзве непакояцца ад самай раніцы, бо нейкі чалавек швэндаецца вакол хаты: стары чалавек падобны на жабрака. Яны заўважылі яго, калі хадзілі праводзіць бацьку на карабель. Ён сядзеў на краі рова насупраць іх дзвярэй. І калі яны вярнуліся з берага, ён усё сядзеў там і глядзеў на дом.
Читать дальше