У Віржэлоні я любіў усё наваколле, усеянае пералескамі, зрэзанае раўчукамі, што разбегліся па зямлі, нібы вены, несучы кроў яе. У іх лавіліся ракі, стронгі, вугры! Боскае шчасце! Сям-там можна было купацца, у высокай траве абапал кволых крынічак часцяком трапляліся кнігаўкі.
Я ступаў лёгка, як казуля, паглядаючы на двух маіх сабак, што шнарылі перада мною. За сотню метраў справа ад мяне Сэрваль прачэсваў поле люцэрны. Я абагнуў хмызняк на ўскраіне лесу Сордаў і заўважыў зруйнаваную халупу.
І раптам я згадаў яе такую, якую бачыў апошні раз у тысяча восемсот шэсцьдзесят дзевятым годзе, чысцюткую, аплеценую вінаграднаю лазой, з курамі, што грэбліся перад ганкам. Ці ёсць што сумнейшае за мёртвы дом, за яго гаротныя змрочныя руіны?
Я ўспомніў таксама, як добрая гаспадыня прымушала мяне, стомленага, выпіць чарачку віна ў хаце і як Сэрваль расказаў мне гісторыю яе жыхароў. Бацьку, старога браканьера, забілі жандары. Сын, якога я бачыў неяк раней, высокі сухарлявы дзяцюк, быў таксама вядомы як люты знішчальнік звяроў. Іх называлі Саважамі.
Што гэта, прозвішча ці мянушка?
Я паклікаў Сэрваля. Ён падышоў сваімі вялікімі буслінымі крокамі.
Я спытаўся: «Што здарылася з тутэйшымі людзьмі?»
І ён расказаў мне вось гэтую гісторыю.
Калі пачалася вайна, малодшы Саваж, яму было тады трыццаць тры гады, пайшоў у войска, пакінуўшы маці адну. Яе, старую, не надта шкадавалі, бо ведалі, што грошы ў яе меліся.
Яна засталася адна ў гэтай самотнай хатцы, так далёка ад сяла, пры самым лесе. Зрэшты, яна і не баялася, бо была з тае ж пароды, што і яе мужчыны, суровая старая, высокая і худая; яна рэдка смяялася і не надта адгуквалася на жарты. Дарэчы, усе вясковыя кабеты не вельмі смяшлівыя. Гэта ўжо справа мужчын! Ад змрочнага, беспрасветнага жыцця жаночая душа робіцца сумная і абмежаваная. У карчме селянін трохі прывучаецца да шумлівае весялосці, але кабета яго застаецца сур'ёзная, з заўсёднаю суровасцю на твары. Дый самі вусны іх не вельмі прывычныя да ўсмешкі.
Цётка Саваж жыла звычайным жыццём у сваёй халупе, якую неўзабаве засыпаў снег. Раз на тыдзень яна выбіралася ў сяло купіць хлеба ды трохі мяса, пасля вярталася дадому. Хадзілі чуткі пра ваўкоў, і яна выпраўлялася ў дарогу з сынавай стрэльбай, іржаваю, з прыкладам, адпаліраваным далонямі. Смешна было глядзець, як высокая старая, трохі ўгнуўшыся, ішла па снезе павольнымі шырокімі крокамі, а ствол стрэльбы тырчаў над чорнаю хусткай, што шчыльна ахінала галаву і хавала яе сівыя валасы, якіх ніхто ніколі не бачыў.
І вось аднойчы з'явіліся прусакі. Іх размясцілі па хатах залежна ад заможнасці і багацця гаспадароў. Да старой, якую лічылі багатаю, паставілі чатырох.
Гэта былі здаровыя дзецюкі, з белаю скурай, светлымі бародамі, блакітнымі вачыма; гладкія, нягледзячы на ваенныя цяжкасці. І ў захопленай краіне яны заставаліся добрымі хлопцамі. Адны ў гэтай пажылой жанчыны, яны былі вельмі ветлівыя з ёю, як маглі бераглі яе ад цяжкае працы і вялікіх выдаткаў. Людзі бачылі, як сырымі снежнымі раніцамі яны раздзяваліся да пояса і мыліся каля студні, шчодра паліваючы вадою свае бела-ружовыя спіны, а цётка Саваж тым часам завіхалася, гатуючы снеданне. Бачылі яшчэ, як яны мылі кухню, шаравалі кафлю, калолі дровы, абіралі бульбу, рабілі ўсю хатнюю работу, нібы добрыя сыны пры сваёй маці.
Але яна, старая, усё думала пра свайго, пра худога бамбізу з кручкаватым носам, карымі вачыма, з густымі чорнымі вусамі. Штодня яна пыталася ў кожнага з салдатаў, што размясціліся ў яе хаце:
— Вы не ведаеце, куды адступіў французскі полк, дваццаць трэці маршавы? З ім мой сын.
Яны адказвалі:
— Не, ня фетаем, сусім ня фетаем.
І, разумеючы яе клопат і неспакой, таксама маючы недзе мацярок, яны рабілі ёй тысячу дробных паслуг. Дарэчы, і яна іх любіла, гэтых чатырох варожых салдатаў, бо сяляне не багатыя на патрыятычную нянавісць, гэта справа вышэйшых класаў. Прыгнечаныя, тыя, што плоцяць больш за ўсіх, бо яны бедныя, тыя, на каго кладзецца кожны новы падатак, тыя, каго забіваюць масамі, тыя, што на вайне ўтвараюць сапраўднае гарматнае мяса, бо іх шмат, тыя, нарэшце, што найбольш пакутуюць ад жахлівага ваеннага згалення, бо яны самыя слабыя і найменш здатныя да супраціўлення, не надта ўспрымаюць той ваяўнічы імпэт, тое пытанне гонару, тых так званых палітычных камбінацый, што ўжо шэсць месяцаў знясільваюць дзве нацыі, як пераможаную, так і пераможніцу.
Паглядаючы на немцаў, што жылі ў цёткі Саваж, у наваколлі казалі:
Читать дальше