Абат так і стаяў усхваляваны і ўражаны, сэрца яго моцна білася. Яму здавалася, што перад ім нешта біблейскае, накшталт кахання Руфі і Боаза, здзяйсненне волі айца нябеснага ў самым высакародным увасабленні — як у Святым пісанні. У галаве яго пачалі гучаць радкі з «Песні песняў», палкія воклічы, заклікі цела, уся палымяная паэзія гэтага трапяткога і пяшчотнага твора.
І ён сказаў сам сабе: «Можа, Бог стварыў гэтыя ночы, каб прыхаваць пад таямнічым покрывам ідэал людскога кахання?»
Ён адступаў перад гэтымі двума, што ішлі абняўшыся. Дзяўчына была яго пляменніцай. Але ён баяўся пайсці супраць Бога. А можа, Бог і дазваляе каханне, калі ён атуляе яго такою прыгажосцю?
І ён уцёк збянтэжаны, амаль саромеючыся, быццам пераступіў парог святыні, у якую не меў права ўвайсці.
Пераклад : Сяргей Шупа
Пасля вячэры мы зноў падняліся на палубу. Перад намі распасцерлася нерухомая роўнядзь Міжземнага мора, у якой расплывіста адбівалася ціхая поўня. Наш вялізны карабель плыў, выпускаючы ў неба, усеянае зоркамі, велічэзную змяю чорнага дыму; а за намі вада, ускалыхнутая хуткім рухам цяжкага судна, узбітая вінтом, пенілася, закручвалася і так ярка свяцілася, што здавалася, нібы зіхацеў растоплены месяц.
Мы, чалавек шэсць ці восем, стаялі моўчкі і з захапленнем глядзелі ў бок далёкай Афрыкі, куды мы плылі. І раптам капітан, што стаяў пасярэдзіне і курыў цыгару, вярнуўся да размовы, распачатай падчас вячэры.
— Праўда, у той дзень я адчуваў страх. Шэсць гадзін мора шкуматала мой карабель, які быў сеў на плытнечы. На шчасце, пад вечар нас заўважыў ангельскі вуглявоз і ўзяў на борт.
І тады ўпершыню загаварыў высокі чалавек з загарэлым тварам. Ён быў з тых, па кім адразу відаць, што ён шмат падарожнічаў па далёкіх невядомых краінах, сярод бясконцых небяспек, і чый спакойны і глыбокі позірк, здаецца, тоіць у сабе нешта з тых дзівосных краявідаў, недзе і некалі пабачаных. І вось гэты загартаваны, мужны чалавек сказаў:
— Вы кажаце, капітан, што адчувалі страх. Я ў гэта не веру. Вы проста памыліліся і назвалі не тым словам пачуццё, якое вы перажылі. Рашучы чалавек ніколі не адчувае страху перад сур'ёзнай небяспекай. Ён хвалюецца, непакоіцца, трывожыцца. А страх — гэта зусім іншае.
Капітан усміхнуўся і сказаў:
— Да д'ябла! Я вам кажу, што я баяўся.
І тады загарэлы чалавек пачаў павольна апавядаць:
— Дазвольце я растлумачу! Страх (і нават самыя адважныя людзі могуць яго адчуваць) — гэта нешта жахлівае, гэта нейкі распад душы, жахлівая сутарга думкі і цела. Адзін толькі ўспамін пра гэтае пачуццё прымушае ўздрыгнуць. Але страху няма ні тады, калі чалавек адчувае сябе бадзёра, ні перад атакай, ні перад непазбежнай смерцю, ні перад усімі спазнанымі формамі небяспекі. Страх з'яўляецца падчас пэўных нязвыклых абставін, пад нейкімі таямнічымі ўплывамі, перад нейкай няяснай небяспекай. Сапраўдны страх — гэта нешта накшталт успаміну пра дагістарычныя фантастычныя жахі. Чалавек, які верыць у прывіды, павінен адчуваць страх ва ўсёй яго жудасці, калі ўбачыць уначы здань.
Я зазнаў страх сярод белага дня прыблізна дзесяць гадоў таму. І я зноў адчуў яго летась узімку, снежаньскай ноччу.
Я перажыў шмат прыгод, шмат здарэнняў, якія здаваліся смяротна небяспечнымі. Часта я біўся ў бойках. Аднойчы мяне кінулі паміраць зладзеі. Аднойчы ў Амерыцы я быў асуджаны на шыбеніцу за ўдзел у паўстанні. Аднойчы мяне скінулі ў мора з карабля каля берагоў Кітая. Кожнага разу я думаў, што мне прыйшоў канец, і адразу ж скараўся перад абставінамі, не расчульваючыся і нават не шкадуючы.
Але страх — гэта зусім іншае.
Упершыню я зведаў яго ў Афрыцы. І ўсё ж страх — спараджэнне Поўначы. Сонца разганяе яго, як туман. Адзначце сабе гэта, панове. Ва ўсходніх народаў жыццё не каштуе ні шэлега, паўсюль пануе пакорлівасць, ночы там светлыя і без таямнічых легендаў, душы таксама пустыя — у іх няма той змрочнай трывогі, якая гняце насельнікаў паўночных краін. На Ўсходзе можна адчуць паніку, страх там невядомы.
Дык вось што са мной адбылося на афрыканскай зямлі:
Я ішоў праз вялікія дзюны на поўдзень ад Уарглы. Гэта адна з найдзіўнейшых мясцін на свеце. Вы добра сабе ўяўляеце роўныя і аднастайныя пясчаныя краявіды бясконцага акіянскага берага. А цяпер уявіце сабе, што сам акіян у шторм раптам ператварыўся ў пясок; уявіце сабе нямую буру нерухомых хваляў жоўтага пылу. Яны здаюцца гарамі, гэтыя розныя вышынёй і формай пясчаныя гурбы, што ўздыбіліся, нібы раз'юшаныя хвалі. А на гэтае разлютаванае, нямое, нерухомае мора няшчаднае паўднёвае сонца ліе бязлітасныя промні. І трэба лезці на гэтыя валы з залатога попелу, апускацца, зноў узбірацца, бясконца, бесперапынна, а навокал — а ні лапінкі ценю. Коні хрыпяць, правальваюцца па калена і спаўзаюць з пяском па схілах дзівосных узгоркаў.
Читать дальше