Але сялянка паклала руку на сэрца і прамовіла: «Хай Пан Бог мяне пакарае, калі я хлушу, пане кюрэ. Ды я ж вам кажу, яна ходзіць туды штовечар, як толькі вашая сястра кладзецца спаць. А той ужо чакае яе каля рэчкі. Ідзіце самі паглядзіце».
Ён кінуў скрэбці бараду і пачаў хадзіць з кута ў кут, як апантаны, як ён заўсёды рабіў падчас цяжкага роздуму. Узяўшыся зноў за галенне, ён тры разы парэзаўся, пакуль дайшоў ад носа да вушэй.
Ён маўчаў увесь дзень і ледзь не лопнуў ад гневу і абурэння. Як святара яго злавала гэтая непераможная моц кахання. Ён абураўся яшчэ і ад таго, што яго, духоўнага айца, апекуна, падманула, ашукала, увяло ў зман нейкае дзіця! Такое самае пачуццё абражанага самалюбства бывае ў бацькоў, калі дачка кажа ім, што выбрала сабе мужа без іх дазволу і супраць іх волі.
Павячэраўшы, ён паспрабаваў трошкі пачытаць, але нічога не атрымалася. Яго абурэнне нарастала. Калі прабіла дзесяць гадзін, ён узяў свой кій — вялізную дубіну, якую насіў з сабой падчас начных візітаў, калі ішоў праведаць хворага. Ён задаволена паглядзеў на сваю зброю і пагрозліва пакруціў ёй у паветры — важкая дубіна была нібы лёгкая шабля ў яго моцнай сялянскай руцэ. Пасля ён раптоўна падняў яе і, скрыгнуўшы зубамі, ляснуў, што было моцы, па крэсле — рэшткі спінкі ўпалі на падлогу.
Ён адчыніў дзверы і ўжо сабраўся выйсці, але спыніўся на парозе, уражаны ззяннем месяца, — рэдка надараецца ўбачыць яго такога прыгожага.
Абат меў палкую душу — такую самую мелі напэўна айцы царквы, гэтыя сапраўдныя паэты-летуценнікі, — і таму ён раптам разгубіўся, усхваляваны велічнай і супакойнай прыгажосцю светлай ночы.
У невялічкім садку, залітым пяшчотным святлом, стаялі радамі дрэвы, на сцежцы адбіваўся цень далікатных галінак, ледзь адзетых у зялёныя лісточкі. Ад вялізнага куста бружмелю, што прычапіўся да муру, ліліся чароўныя салодкія пахі, якія расцякаліся духмянымі хвалямі ў цёплым паветры светлага вечара.
Ён пачаў дыхаць на поўныя грудзі, ён піў паветра, нібы віно. Ён ішоў павольна, амаль забыўшыся ад замілаванасці і захаплення пра сваю пляменніцу.
Выйшаўшы ў вёску, ён спыніўся, каб акінуць вокам усю даліну, што была залітая ласкавым святлом і патанала ў мяккіх і пяшчотных чарах светлае ночы.
Штохвіліны даносіліся кароткія, нібы металічныя, гукі — гэта крычалі жабы ў ставе. Аднекуль здалёк даляталі спевы салаўя і складаліся ў дзіўную музыку, якая адганяла цяжкія думкі і навявала лёгкія летуценні. Гэтая мяккая і пранікнёная музыка была створана нібыта для таго, каб пад яе гукі адорваць пацалункамі і аддавацца спакусам месячнага святла.
Абат рушыў далей, апанаваны нейкай млявасцю. Ён адчуваў сябе нібы саслабелым, неяк раптоўна знясіленым. Яму хацелася сесці і пасядзець, захапляючыся Богам і яго стварэннем.
Унізе, паўтараючы выгіны рачулкі, віўся доўгі рад таполяў. Лёгкая смуга, што ў промнях месячнага святла зіхацела срэбным бляскам, вісела па-над берагам і, нібы нейкая бязважкая і празрыстая вата, засцілала пакручастую змейку вады.
Святар зноў спыніўся, прасякнуты да глыбіні душы растучым нястрымным замілаваннем.
І ім пачаў авалодваць сумлеў, у грудзях паднялася нейкая няясная трывога. Зноў пачалі самі па сабе ўзнікаць заўсёдныя пытанні.
Нашто Бог стварыў усё гэта? Калі ўжо ноч прызначана, каб спаць, ні пра што не думаць, адпачываць, забыцца пра ўсё, дык чаму ж тады яна прыгажэйшая за дзень, пяшчотнейшая за світанні і вечары? Чаму месяц, які так павольна і спакушальна праплывае па небе, больш паэтычны, чым сонца, і такі таямнічы, што, здаецца, створаны на тое, каб асвятляць рэчы занадта далікатныя і патаемныя для сонечнага святла? Нашто ён развейвае начную цемру?
Чаму самы знакаміты сярод птушак спявак не адпачывае, як усе іншыя, а выводзіць у чароўных прыцемках свае спевы?
Чаму ўвесь навакольны свет ахутаны нейкім далікатным вэлюмам? Нашто гэтае трапятанне сэрца, хваляванне душы, млявая асалода цела?
Нашто разліваюцца гэтыя спакушальныя чары, калі людзі ўсё роўна іх не бачаць — бо спяць у ложках? Дзеля каго ж гэтае непаўторнае сваёй прыгажосцю відовішча, гэтая паэзія, якую неба так шчодра пасылае на зямлю?
І абат не знаходзіў адказу.
А ў гэты момант унізе, на краі лугу, пад шатамі дрэваў, ахутаных зіхатлівай смугой, паказаліся дзве постаці.
Адна з іх, вышэйшая, — гэта быў мужчына. Ён абдымаў сваю сяброўку за плечы і час ад часу цалаваў яе ў лоб. Яны нечакана ажывілі нерухомы навакольны пейзаж, што быў дасканалым фонам той боскай карціны. Здавалася, што гэтыя двое складаюць адну істоту, дзеля якой якраз і была створаная гэтая ціхая светлая ноч... Яны ішлі насустрач святару, нібы жывы адказ, які Пан Бог слаў на яго запытанні.
Читать дальше