У дрэнным настроі бадзяўся ён па пустым вестыбюлі, то рассеяна перагортваў газеты, то заходзіў у гасціную, садзіўся там за раяль і найграваў вальс, — але рытм яму не даваўся. Нарэшце, узлаваны, ён сеў каля акна і пачаў глядзець, як паволі насоўваўся змрок і з-за хвой клубамі падымаўся сівы туман. Так змарнаваў ён, злы і знерваваны, цэлую гадзіну; потым падаўся ў сталовую.
Там было занята ўсяго некалькі сталоў; ён хуценька акінуў іх позіркам. Марна! Ніводнага знаёмага. Толькі вунь там — ён няўважліва адказаў на паклон — трэнер з іпадрома ды яшчэ адзін знаёмы твар з Рынгштрасэ, і болей нікога. Ніводнай жанчыны, нічога, што абяцала б хоць мімалётную прыгоду. Гэта яшчэ мацней узлавала яго. Ён належаў да тых маладых людзей, якія дзякуючы свайму прыгожаму твару карыстаюцца поспехам і заўсёды гатовы да новых сустрэч, заўсёды шукаюць новых прыгод і спатканняў; іх нічога не бянтэжыць, бо ўсё загадзя разлічана, ніводная здабыча не вырвецца з іх рук; ужо першы позірк, які яны кідаюць на жанчыну, ацэньвае яе з гэтага боку — ці гэта сябрава жонка, ці гэта яе пакаёўка. Пра такіх людзей часта гавораць з пагардліваю ўсмешкаю, што яны паляўнічыя на жанчын, не ўсведамляючы, які трапны гэта выраз, бо яны з не меншым жаданнем і жорсткасцю, чым паляўнічыя на дзічыну, высочваюць і гоняць сваю ахвяру. Яны заўсёды напагатове, у любы час могуць кінуцца на след, куды б ён іх ні завёў. У іх заўсёды тлее агонь, але гэта не полымя закаханага сэрца, а запал гульца, халодны, разважлівы і небяспечны. Сярод такіх людзей ёсць упартыя, для іх не толькі юнацтва, але і ўсё жыццё да старасці — суцэльны ланцуг любоўных прыгод, іхні дзень распадаецца на сотні дробных пажадлівых уражанняў — мімалётны позірк, выпадковая ўсмешка, дотык да суседчынага калена, а год — зноў-такі на сотні такіх дзён; пагоня за жанчынамі — вось іх адзіны і пастаянны стымул у жыцці.
Тут не было партнёра на гульню, барон адразу ўбачыў гэта. Няма большай прыкрасці гульцу, што сядзіць і чакае выйгрышу за зялёным сталом з картамі ў руках, як марнае чаканне партнёра. Барон запатрабаваў газету. Яго хмурны позірк прабягаў па радках, але думкі драмалі і, як п'яныя, спатыкаліся на словах.
Раптам ён пачуў за сабою шалясценне сукенкі і голас, які дакорліва і манерна сказаў:
— Mais tais-toi donc, Edgar! [1] Памаўчы, Эдгар! ( фр .).
Побач зашамацела шаўковая сукенка, і міма стала праплыла высокая пышная постаць; за ёю ішоў маленькі бледны хлопчык у чорным аксамітным гарнітурчыку, які кінуў на барона цікаўны позірк. Яны селі насупраць яго за зарэзерваваны для іх стол. Хлопчык яўна імкнуўся паводзіць сябе прыстойна, але неспакойны бляск яго чорных вачэй сведчыў, што гэта давалася яму нялёгка. Дама — барон глядзеў толькі на яе — была апранута добра, з густам і належала да таго тыпу жанчын, які асабліва падабаўся барону: крыху паўнаватая жыдоўка, у росквіце сталай прыгажосці, відаць, палкая ў каханні, хоць яна ўмела хавала гэта пад маскаю ўзнёслай меланхоліі. Яму яшчэ не ўдалося зазірнуць у яе вочы, і ён захапляўся пакуль што толькі прыгожым выгінам броваў, вытанчаным носам, які, праўда, выдаваў яе паходжанне, але сваёю высакароднаю формаю надаваў профілю зграбнасць і пікантнасць. Валасы, як і ўсё ў яе поўнай фігуры, вылучаліся надзвычайнаю пышнасцю. Бясспрэчна, гэта была жанчына, сытая пакланеннем, упэўненая ў сабе і ў сваіх чарах. Ціхім голасам яна заказвала абед і рабіла заўвагі хлопчыку, які брынкаў відэльцам, — усё гэта з паказною абыякавасцю, быццам не заўважаючы асцярожнага, шукальнага баронавага позірку, хоць менавіта гэтая неадступная цікаўнасць была прычынаю яе вытанчаных паводзін за абедам.
Змрочны баронаў твар імгненна заззяў, маршчыны разгладзіліся, нябачны ток пабег па нервах, мускулы напружыліся, уся яго постаць ажыла, у вачах заблішчалі агеньчыкі. Ён сам быў падобны на тых жанчын, якім патрэбна прысутнасць мужчыны, каб праявіць усю сваю прывабнасць. Энергія яго абуджалася, толькі калі прадчувала якое-небудзь заляцанне. Гэтак было і цяпер — паляўнічы ўчуў здабычу. Ён задзірліва шукаў яе позірку, які часта слізгаў па ягоным твары, але не даваў яснага адказу на яго выклік. Яму здавалася, што губы яе складваюцца ў ледзь прыкметную ўсмешку, але ўсё гэта было неакрэслена, і гэтая неакрэсленасць яшчэ болей распальвала яго. Адзінае, што падавала надзею, — гэта яе позірк, які ўпарта слізгаў міма яго, ён адчуваў у ім супраціўленне і разам з тым збянтэжанасць, — і яшчэ наўмысны, разлічаны на слухача тон размовы з дзіцём. Ён адчуваў за яе занадта падкрэсленым спакоем лёгкую трывогу. Сам ён таксама быў усхваляваны: гульня пачалася. Ён не спяшаўся кончыць абедаць: паўгадзіны ён амаль не зводзіў вачэй з гэтай жанчыны, пакуль не вывучыў кожную рысу яе твару, не прасачыў позіркам кожную лінію яе пышнай фігуры. За вокнамі гусцеў душны змрок, лес уздыхаў, як ахопленае страхам дзіця, вялізныя дажджавыя хмары працягвалі да яго свае шэрыя рукі, усё гусцей рабіўся цень у пакоі, усё мацней гняла цішыня, якая панавала тут. Размова маці з сынам — ён бачыў гэта — гучала пад пагрозаю цішыні ўсё болей штучна, усё болей ненатуральна; было ясна, што яна вось-вось абарвецца. Тады барон вырашыў зрабіць спробу. Ён першы ўстаў з-за стала, гледзячы міма яе ў акно, і нават накіраваўся да дзвярэй. Там ён хуценька павярнуў галаву, як быццам штосьці забыў, — і злавіў на сабе ўважлівы позірк.
Читать дальше