Стары ўсё стагнаў і стагнаў. Кожная новая думка вярэдзіла рану; яму здавалася, што яго мозг ляжыць адкрыты і ў крывавай мешаніне варушацца чырвоныя чарвякі.
«Але чаму ж я ўсё гэта трываў?.. Чаму я ляжу тут і пакутую, а яна, распусніца, спакойна спіць?.. Чаму я адразу не ўварваўся да яе ў пакой і не сказаў, што ведаю пра яе ганьбу?.. Чаму я не пераламаў ёй усіх касцей?.. Таму што я слабы... Таму што я баязлівец... Я заўсёды быў занадта паблажлівы да іх... ва ўсім ім саступаў... я ж гэтак ганарыўся, што магу забяспечыць ім лёгкае жыццё, хоць за гэта і сапсавана маё... Пазногцямі я выдзіраў пфеніг за пфенігам... я гатовы быў злупіць скуру з рук, каб толькі задаволіць іх... Але ледзь я даў ім багацце, як яны пачалі саромецца мяне... і не вельмі элегантны я... і не вельмі адукаваны... А адкуль у мяне магла быць адукацыя? З дванаццаці гадоў мяне ўжо забралі са школы, і я мусіў зарабляць, зарабляць, зарабляць... вандраваў з узорамі спачатку з вёскі ў вёску, потым з горада ў горад, пакуль не адкрыў сваё прадпрыемства... і як толькі яны разбагацелі і пачалі жыць у сваім доме, дык маё чэснае, добрае імя стала ім не да твару... Прымусілі мяне купіць званне тайнага камерцыі саветніка, каб да іх болей не звярталіся як да фраў Заламансон, каб строіць з сябе арыстакратак... Арыстакраткі!.. Арыстакраткі!.. Яны смяяліся з мяне, калі я супраціўляўся іх прэтэнзіям на арыстакратызм, быў супраць іх «свецкага» кола, калі я расказваў ім, як мая нябожчыца мама вяла гаспадарку, — ціха, сціпла, жыла толькі дзеля таты і дзеля нас... звалі мяне старамодным... «Ты старамодны, татачка», — пасмейвалася яна... так, я старамодны... а яна кладзецца ў ложак з чужымі мужчынамі... маё дзіця, маё адзінае дзіця... Ах, якая ганьба, якая ганьба!»
Ён стагнаў так тужліва, так пакутліва, што жонка нарэшце прачнулася.
— Што з табою? — спыталася яна сонным голасам.
Стары не варухнуўся і затоіў дыханне. Так ён ляжаў нерухома да раніцы ў чорнай труне сваёй тугі, і яго, нібы чарвякі, грызлі думкі.
Раніцаю на снеданне ён прыйшоў першы. З глыбокім уздыхам сеў за стол, але кавалак не лез яму ў горла.
«Зноў адзін, — падумаў ён, — увесь час адзін!.. Калі я раніцаю іду ў кантору, яны яшчэ адсыпаюцца, стомленыя ад тэатраў і баляў, а калі я вяртаюся дадому, яны ўжо весяляцца дзе-небудзь у сваёй кампаніі, куды мяне не бяруць з сабою... Ах, грошы, праклятыя грошы!.. яны іх сапсавалі... ад іх мы сталі чужыя адно аднаму... А я, дурань, стараўся наскрэбці іх як мага болей і, зрэшты, самога сябе абрабаваў, зрабіў сябе жабраком, а іх сапсаваў... Пяцьдзесят гадоў я рабіў як вол, не ведаў, што такое адпачынак, і вось цяпер — адзін...»
Ён пачаў ужо злавацца. «Чаму яна не ідзе?.. Я хачу пагаварыць з ёю, я скажу ёй... нам трэба паехаць адсюль... сёння ж... Чаму яна не ідзе?.. Відаць, яна яшчэ не адпачыла, спіць сабе са спакойным сумленнем, а ў мяне, дурня, сэрца разрываецца... Яе маці гадзінамі прыбіраецца, прымае ванну, наводзіць бляск... манікюр, цырульнік, раней адзінаццаці яна не выйдзе... Чаму ж тут здзіўляцца... што можа атрымацца з дзіцяці?.. Ах, гэтыя грошы, гэтыя праклятыя грошы!..»
За яго спінаю пачуліся лёгкія крокі.
— Добрай раніцы, татачка, як ты спаў? — Дзявочая галоўка схілілася над ім, і пяшчотныя вусны дакрануліся да яго гарачага лба. Міжволі ён рэзка адхіліў галаву: яму быў агідны саладжавы пах духоў Каці. І потым...
— Што з табою, татачка? Зноў не ў гуморы?.. Прынясіце каву і ham and eggs [24] Яечня з вяндлінаю ( англ .).
... Дрэнна спаў ці атрымаў непрыемныя навіны?
Стары прыглушыў свой гнеў. Ён апусціў галаву, не асмельваючыся зірнуць на дачку, і нічога не адказаў. Ён бачыў толькі кісці яе рук на стале, мілыя, выпешчаныя, якія ляніва гулялі на белым полі абруса, быццам раздураныя пародзістыя харты. Ён увесь дрыжаў, калі нясмела слізгануў позіркам па тонкіх дзявочых руках, яшчэ паўдзіцячых... ці даўно... гэтыя рукі кожны вечар абдымалі яго перад сном... Ён бачыў акругласць дзявочых грудзей, якія роўна дыхалі пад новым швэдарам. «Голая... голая качалася з чужым мужчынам, — пакутаваў стары. — Ён дакранаўся да яе, мілаваў, абмацваў, атрымліваў асалоду... мая плоць і кроў... маё дзіця... О, гэты невядомы нягоднік! О... о...» — Ён гучна застагнаў, сам таго не заўважаючы.
— Што з табою, татачка? — спыталася яна ласкава і з трывогаю.
«Што са мною? — стукала, як малатком, у ім. — У мяне дачка прастытутка, а мне не хапае мужнасці сказаць ёй гэта».
Але ён толькі неразборліва прамармытаў:
— Нічога, нічога! — і, паспешна схапіўшы газету, разгарнуў яе, каб адгарадзіцца ад запытальнага даччынога позірку — ён не мог глядзець ёй у вочы. Рукі ў яго дрыжалі. «Цяпер, цяпер трэба сказаць ёй, пакуль мы адны», — пакутаваў ён, але не мог вымавіць ні слова. Нават зірнуць на яе не хапала сілы.
Читать дальше