Але ён адвёў маю руку з нечаканай сілай.
— Ты малайчына, — сказаў ён, — але не кідай грошы на вецер. Мне ўжо нішто не паможа. Буду я спаць сёння ўначы ці не — гэта не мае значэння. Заўтра ўсё роўна канец. Мне ўжо не дапамагчы.
— Не, вы павінны ўзяць, — настойвала я. — Заўтра вы будзеце думаць інакш. А пакуль што падыміцеся наверх і добра выспіцеся. Удзень вам усё здасца ў іншым святле.
Але калі я яшчэ раз працягнула яму грошы, ён амаль злосна адштурхнуў маю руку.
— Пакінь, — паўтарыў ён глуха, — няма сэнсу. Лепш я зраблю гэта на вуліцы, чым крывёю пэцкаць людзям пакой. Сотня франкаў мяне не выратуе, дый тысяча таксама. Я ўсё роўна заўтра зноў пайшоў бы ў казіно гуляць, пакуль не спусціў бы ўсё. Навошта пачынаць спачатку? З мяне хопіць.
— Вы не можаце сабе ўявіць, як глыбока пранікаў мне ў душу яго глухі голас. Падумайце толькі: побач з вамі стаіць, дыхае, жыве прыгожы малады чалавек, і вы ведаеце, што, калі не напружыць усіх сіл, гэты юнак, які цяпер думае, гаворыць, дыхае, праз дзве гадзіны будзе трупам. І тут мяне ахапіла шалёнае, гарачае жаданне перамагчы гэтае бяссэнсавае супраціўленне. Я схапіла яго за руку:
— Досыць глупства! Вы зараз падымецеся наверх і возьмеце пакой, а заўтра раніцаю я завязу вас на станцыю. Вы павінны паехаць адсюль, вы павінны заўтра ж паехаць дадому, і я не супакоюся, пакуль не ўбачу вас у вагоне з білетам у руках. У вашым узросце не кідаюцца жыццём з-за пройгрышу некалькіх соцень або тысяч франкаў. Гэта баязлівасць, істэрыя, недарэчная злосць і раздражненне. Заўтра вы самі прызнаеце, што я маю рацыю.
— Заўтра! — паўтарыў ён з дзіўнай змрочнай іроніяй. — Заўтра! Каб ты ведала, дзе я буду заўтра! Каб сам я гэта ведаў, — гэта нават мне цікава. Не, ідзі сабе дадому, мілая, не турбуйся і не кідай грошы на вецер.
Але я не збіралася паддавацца. Мною авалодала нейкая апантанасць, нейкае шаленства. Я моцна схапіла яго за руку і сунула ў яе банкноту.
— Вы возьмеце грошы і зараз жа пойдзеце наверх! — З гэтымі словамі я рашуча падышла да званка. — Вось так, цяпер я пазваніла, зараз выйдзе парцье, вы падымецеся і ляжаце спаць. Заўтра раніцаю, роўна ў дзевяць, я чакаю вас тут і завяду на станцыю. Не клапаціцеся болей ні пра што, я ўсё зраблю, каб вы маглі дабрацца дадому. А цяпер ідзіце, вам трэба выспацца, не думайце болей нічога!
У тую ж хвіліну шчоўкнуў замок, і дзверы адчыніліся.
— Пойдзем, — раптам рашуча сказаў мой спадарожнік цвёрдым, моцным і злосным тонам, і я адчула, як яго пальцы жалезнаю хваткаю сціснулі мне руку. Я спалохалася. Я так страшна спалохалася, што мяне быццам аглушыла, ударыла маланкаю, у галаве памутнела... Я хацела супраціўляцца, вырвацца... але воля мая была паралізавана... і я... вы мяне зразумееце... я... не магла ж я змагацца з гэтым чужым мне чалавекам — мне было сорамна перад парцье, які стаяў у дзвярах і чакаў, калі мы ўвойдзем. І вось... вось я апынулася ў гатэлі; я хацела штосьці сказаць, растлумачыць, але не магла вымавіць ні слова; на маёй руцэ цяжка і ўладарна ляжала яго рука... я цьмяна ўсведамляла, што ён вядзе мяне па лесвіцы... бразнуў ключ...
І я апынулася адна з гэтым чужым чалавекам, у чужым пакоі, у нейкім гатэлі, назвы якога я не ведаю і да гэтага дня.
Місіс К. зноў змоўкла і раптам устала з крэсла. Відаць, голас здрадзіў ёй. Яна падышла да акна, некалькі хвілін моўчкі глядзела на вуліцу ці, можа, проста стаяла, прыціснуўшыся лбом да халоднага шкла; я не асмельваўся зірнуць на яе, мне было цяжка бачыць старую жанчыну такою ўсхваляванаю, і я сядзеў, не варушыўся, не задаваў пытанняў, не гаварыў ні слова і чакаў. Нарэшце яна супакоілася, вярнулася да крэсла і зноў села насупраць.
— Ну вось — самае цяжкае я сказала. І, спадзяюся, вы паверыце мне, калі я паўтару вам і паклянуся ўсім святым для мяне — маім гонарам, маімі дзецьмі, — што да той хвіліны мне і ў галаву не прыходзіла думка аб... аб блізкасці з гэтым чужым чалавекам, што не толькі не па сваёй волі, але зусім несвядома я апынулася ў гэтым становішчы, нібы ў пастцы, якую паставіла мне на маім роўным шляху жыццё... Я паклялася быць шчыраю з вамі і з сабою і паўтараю: я была ўцягнута ў гэтую трагічную авантуру толькі з-за нейкага звышнатуральнага жадання дапамагчы; ні аб якіх асабістых пачуццях або жаданнях не магло і быць гаворкі.
Вы дазволіце мне не расказваць, што адбылося ў тым пакоі ў тую ноч; я ўсё помню і нічога не хачу забываць. У тую ноч я змагалася з чалавекам за яго жыццё; паўтараю — справа ішла пра жыццё і смерць. Вельмі выразна я адчувала, што гэты чужы, ужо амаль асуджаны на смерць чалавек прагна і палка хапаецца за мяне, як тапелец за саломінку. Ужо падаючы ў бяздонне, ён чапляўся за мяне з усёю ўтрапёнасцю роспачы. Я ж усімі сіламі, усім, што мне было дадзена, змагалася за яго выратаванне. Такія гадзіны выпадаюць на долю чалавека толькі раз у жыцці, дый то аднаму з мільёнаў; каб не гэты жахлівы выпадак, і я б ніколі не даведалася, як палка, з якою шалёнаю і неўтаймаванаю прагнасцю апошні, прапашчы чалавек упіваецца апошняю кропляю жывога гарачага жыцця; апошнія дваццаць гадоў я жыла ў поўным няведанні цёмных сіл быцця і ніколі б не зразумела, якая магутная і вычварная прырода ў адным дыханні пераплятае спёку і холад, жыццё і смерць, захапленне і роспач. Гэтая ноч была так насычана барацьбою і словамі, палкім пачуццём, гневам і нянавісцю, слёзамі ўпрошвання і ап'янення, што яна здалася мне тысячагоддзем. І мы, у злітным парыве кідаліся ў бяздонне, адзін — раз'юшана, другі — неўсвядомлена, і выйшлі з гэтага смяротнага паядынку другімі, змененымі, з новымі думкамі, з новымі пачуццямі.
Читать дальше