Ці закранула я што-небудзь, ці ў мяне міжволі вырвалася нейкае слова — не ведаю. Але спячы раптам расплюшчыў вочы. Я здрыганулася ад страху. Ён пачаў здзіўлена азірацца; відаць, ён гэтак жа, як і я, з цяжкасцю стрэсваў з сябе цяжкі, глыбокі сон. Яго позірк неўразумела блукаў па чужым, незнаёмым пакоі, потым здзіўлена спыніўся на мне. Але ён яшчэ не паспеў сказаць нешта, як я ўжо авалодала сабою: толькі не даць яму сказаць ні слова, не дазволіць ні пытання, ні фамільярнасці, нічога не растлумачваць, не гаварыць, што адбылося ўчора і гэтай ноччу.
— Мне трэба ісці, — паспешна сказала я. — А вы заставайцеся тут і адзявайцеся. У дванаццаць гадзін мы сустрэнемся каля ўвахода ў казіно, тады я паклапачуся там аб далейшым.
І, не чакаючы яго адказу, уцякла, каб толькі не бачыць гэтага пакоя; я ўцякала без аглядкі з гатэля, назвы якога не ведала, як не ведала імені чалавека, з якім я ў ім правяла ноч.
Місіс К. на хвіліну перапыніла свой расказ. Калі яна зноў загаварыла, у яе голасе ўжо не было пакутлівага напружання. Як павозка, якая з цяжкасцю паднялася на вяршыню гары і потым лёгка і хутка коціцца ўніз, так натуральна і вольна ліліся цяпер яе словы:
— Я спяшалася ў свой гатэль па вуліцах, залітых ранішнім сонцам; пасля ўчарашняга ліўню паветра было чыстае і лёгкае — і гэтак жа было ў мяне на душы. Прыгадайце, што я казала вам раней: пасля смерці мужа я адмовілася ад прыватнага жыцця; дзецям не патрэбна была мая дапамога, сабе самой я была цяжарам, а ўсякае існаванне без пэўнай мэты — бессэнсоўнае. Цяпер упершыню мне выпала задача: я выратавала чалавека, вялізным намаганнем вырвала яго з небыцця. Заставалася пераадолець яшчэ некаторыя перашкоды, і мая мэта была б дасягнута. Дык вось — я дабегла да свайго гатэля; парцье сустрэў мяне здзіўленым позіркам: я ж вярнулася дадому толькі ў дзевяць раніцаю; але мяне гэта ўжо не кранала, ні сорам, ні прыкрасць не прыгняталі мяне. Жаданне жыць, радаснае ўсведамленне, што я камусьці патрэбна, горача хвалявала кроў. У сябе ў пакоі я хутка пераадзелася, несвядома (я заўважыла гэта толькі пазней) зняла жалобнае, замяніла на больш светлае, пайшла ў банк па грошы, потым паспяшалася на вакзал, каб даведацца, калі адпраўляюцца цягнікі; з незвычайнай энергіяй зрабіла, акрамя таго, яшчэ некалькі патрэбных спраў. Заставалася толькі ажыццявіць ад'езд і канчаткова выратаваць падкінутага мне лёсам чалавека.
Праўда, нялёгка было цяпер сустрэцца з ім, бо ўсё| ўчарашняе адбылося ў цемры, у нейкім віхры, быццам нечакана сутыкнуліся два камяні, скінутыя вадаспадам; мы ледзь ведалі адно аднаго ў твар, я нават не была ўпэўнена, што незнаёмы мяне пазнае. Учора гэта была выпадковасць, ап'яненне, вар'яцтва двух разгубленых людзей, а сёння мне давядзецца расказаць яму болей пра сябе, чым учора, бо цяпер, у яркім, бязлітасным святле дня, я мусіла паўстаць перад ім такою, якою была, — жывою жанчынаю, у якой ёсць свае асаблівасці і свой твар.
Але ўсё аказалася лягчэй, чым я думала. Ледзь толькі я ў дамоўлены час падышла да казіно, як нейкі малады чалавек ускочыў з лаўкі і паспяшаўся мне насустрач. Колькі радаснага здзіўлення, дзіцячай непасрэднасці было ў яго, як заўсёды, красамоўных рухах! Ён кінуўся да мяне, у яго вачах ззяла радасная і разам з тым пачцівая ўдзячнасць, і ён пакорліва апусціў вочы, улавіўшы маю збянтэжанасць ад яго прысутнасці. Так рэдка сустракаеш у людзей удзячнасць, і менавіта найбольш удзячныя не знаходзяць на яе слоў; яны няёмка маўчаць, саромеюцца свайго пачуцця і нярэдка паводзяць сябе нязграбна, калі спрабуюць схаваць гэта. Але гэты чалавек, якога бог, нібы таямнічы скульптар, надзяліў дарам пластычна, адчувальна і прыгожа выказваць душэўныя парывы, усёю сваёю істотаю выпраменьваў гарачую палкую ўдзячнасць. Ён нагнуўся над маёю рукою і ў глыбокай пашане схіліў далікатную хлапечую галаву; на імгненне ён знерухомеў, ледзь дакранаючыся вуснамі да маіх пальцаў, потым толькі зрабіў крок назад і спытаўся аб маім здароўі; у яго словах, у яго позірку было столькі сціплай пачцівасці, што ўжо праз некалькі хвілін усе мае трывогі развеяліся. І як бы адлюстроўваючы гэтае прасвятленне пачуццяў, усё навокал святкавала збаўленне ад злых чараў: мора, такое грознае ўчора, было цяпер ціхае і яснае, і кожны каменьчык пад лёгкім зыбам зіхацеў белізною; казіно, гэтае сапраўднае пекла, узнімала да чыстых, сталёвых нябёсаў свае маўрытанскія франтоны, а кіёск, пад павець якога загнаў нас учора хвосткі дождж, ператварыўся ў кветкавую лаўку, дзе ў маляўнічым беспарадку сярод зелені ляжалі кучы белых, чырвоных, стракатых кветак і бутонаў, якія прадавала маладая дзяўчына ў ярка-стракатай блузцы.
Читать дальше